Вы тут

Што хвалюе жыхароў Гродзеншчыны?


На прамую лiнiю, якая прайшла ў мiнулую суботу, патэлефанавала каля 20 чалавек. Як адзначылi ў абласным Савеце дэпутатаў, большасць пытанняў датычылася тэматыкi добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, навядзення парадку на зямлi, дарожнага рамонту, развiцця сацыяльнай iнфраструктуры ў мiкрараёнах-новабудоўлях абласнога цэнтра. Былi i званкi з перыферыi, якiя ўзнiмалi актуальныя тэмы развiцця тэрыторый.


Гродзенцаў цiкавiлi, напрыклад, пытаннi пабудовы дзiцячых садкоў у мiкрараёнах ушчыльненай забудовы па вулiцы Шчорса ды незанятым пакуль лапiку пад будаўнiцтва на Дзевятоўцы. Дарэчы, першы адрас мае сваю гiсторыю пытання. У свой час гарадскiя ўлады прапанавалi жыхарам разгледзець варыянт размяшчэння дзiцячага садка на першым паверсе жылога дома (такi праект ужо паспяхова функцыянуе ў Гомелi), паколькi мэтазгоднасцi пабудовы новага няма -- раён развiты, у крокавай даступнасцi ёсць дашкольныя дзiцячыя ўстановы. Цiкавую iдэю вынеслi на грамадскае абмеркаванне, але iнiцыятыўная група мясцовых жыхароў дамаглася яе адмены. Аптымальны варыянт размяшчэння садка-трансформера, якi мог бы лёгка змяняць сваё функцыянальнае прызначэнне з часам (з разлiкам на тое, што раён немалады), не задаволiў асобных грамадзян -- яны дамагалiся асобнага садка, а не ўбудаванага. Але такiя як паветра патрэбны ў мiкрараёнах-новабудоўлях, напрыклад на Альшанцы. Мiж iншым, пытанне застаецца, таму больш падрабязна на яго дапамогуць адказаць адпаведныя службы гарвыканкама, куды пераадрасаваны ўзнятыя тэмы.

Жыхары згаданага вышэй гродзенскага мiкрараёна Альшанка патэлефанавалi з просьбай прывесцi ў парадак дарогу ад Паўднёвага рынку да мяжы горада. Супрацоўнiк аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркi, якi прысутнiчаў на прамой лiнii, падрабязна расказаў, што частка дарогi ўключана ў план гарадскiх рамонтаў вулiчнай сеткi, работы выканаюць у канцы лета. Таксама ў найблiжэйшых планах абнаўленне дзiцячай пляцоўкi на вулiцы Крамко ў мiкрараёне Вiшнявец.

Лiдчанiн патэлефанаваў з нагоды дома, уключанага ў сёлетнiя спiсы капiтальных рамонтаў. Ён занепакоены тым, што работы яшчэ не пачыналiся. Пытанне адрасавалi раённаму ўпраўленню ЖКГ, дзе заяўнiку падрабязна ўсё растлумачаць. Другi званок з Лiды датычыўся недастатковага забеспячэння гарачай вадой дома па праспекце Перамогi. Пытанне ўзята на кантроль упраўленнем жыллёва-камунальнай гаспадаркi аблвыканкама.

Некаторыя дамы ў Каробчыцах Гродзенскага раёна абяцалi падключыць да вясковага водаправода, але пакуль гэтага не зроблена. Просьба паскорыць вырашэнне пытання накiравана Гродзенскаму райвыканкаму. А жыхароў вёскi Пушкары таго ж самага раёна турбуе, на iх думку, павышаны шум на размешчаным побач прадпрыемстве, якое працуе ў тры змены. Iм параiлi звярнуцца ў санэпiдслужбу дзеля вымярэння ўзроўню вытворчых шумоў.

Сёлета ў Слонiме запланавана правядзенне Дня беларускага пiсьменства. З гэтай мэтай горад прыводзяць у парадак, у тым лiку i набярэжную канала Агiнскага. Гараджане, якiя тэлефанавалi старшынi абласнога Савета дэпутатаў, прапаноўвалi звярнуць увагу i на набярэжную ракi Шчара. На iх думку, тут можна зрабiць прывабную зону адпачынку, пасадзiць дрэвы ды паставiць лаўкi для зручнасцi адпачывальнiкаў.

Як паведамiлi ў аблсавеце, больш падрабязны адказ на пытаннi, якiя закраналi тэматыку развiцця тэрыторый, усталявання дзiцячых, спартыўных пляцовак у Гродне, даручаны гарадской уладзе i ўзяты на кантроль аблсавета.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.