Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


За абломам — аблом

Мой сваяк Юра гадоў з дзесяць адпрацаваў машыністам газакампрэсарнай станцыі недзе ў Запаляр'і. Сам казаў, што страціў там шмат здароўя, але ж зарабіў досыць вялікія грошы і вярнуўся дамоў на гістарычную радзіму. Тут, па-першае, ён збіраўся прыняць бабуліну спадчыну, а заадно — ачалавечыцца, гэта значыць, ажаніцца з добрай, такой жа ціхмянай, пажадана вясковай дзяўчынай...

Высветлілася, аднак, што такіх у ваколіцах бабулінай вёскі яшчэ менш, чым на Ямале, таму Юра, прадаўшы спадчынную сялібу, падаўся ў Мінск, па пратэкцыі дзядзькі ўладкаваўся на мясакамбінат.

Гэту падзею яны з тым самым дзядзькам вырашылі адзначыць у рэстаране. Там жа, за суседнім столікам, сядзелі дзве сяброўкі — святкавалі паспяховую здачу сесіі. Пазнаёміліся, і з адной — прыгажэйшай — Юра стаў сустракацца.

Трэба сказаць, што ён, ад прыроды вельмі спакойны, рабіў гэта, як разумеў: на спатканні прыходзіў з кветкамі, падарункамі ды білетамі на канцэрты, вадзіў сваю Алу па кафэ-рэстаранах. Я казаў: «Ты глядзі, брат, не памыліся, бо можа стацца, што гэта прыгажуня западзе на грошы, а сам ты ёй...»

Юра пра гэта нават слухаць не хацеў: месяцы праз два ці тры ён ужо апынуўся ў загсе, потым — у доўгім вясельным падарожжы на поўдні Францыі. (Хваліўся, дарэчы, што жылі там у шыкоўным атэлі, што ад душы паплёскаліся ў цёплым моры, што абое прыадзеліся, хоць грошай спусцілі і шмат.)

А далей — болей, бо купілі трохпакаёвую кватэру, абставілі.

Зараз, здавалася б, толькі і жыць (тым больш што жонка ашчаслівіла Юру дачушкай), калі б у адведкі да іх не прыехала ўжо знаёмая сяброўка на новенькім «мерседэсе». «Я таксама хачу... Што — я горшая?» — спытала жонка ў Юры. «Ты ў сто разоў лепшая! — заверыў ён, — але ж ні правоў, ні грошай на новую машыну ў нас няма, бензін даражэе ледзь не кожны тыдзень, да таго ж нам ездзіць няма куды...» — «Так-так, — падхапіла Ала, — нам трэба яшчэ і дачу...»

Карацей, слова за слова і ледзь не штодня сварка. Жонка дагаварылася да таго, што Юру няма чаго сядзець дома, што ён проста павінен ехаць (а хоць бы і на Ямал!) ды зарабляць грошы...

А калі ён адмовіўся, прыгразіла, што падасць на развод, і яны без яго пражывуць (мама да іх пераедзе), а вось ён...

У выніку цешча, якая і без таго, можна сказаць, днявала і начавала ў кватэры зяця, перавезла туды свае рэчы. Юра са сваімі апынуўся адзін у цешчынай старэнькай «хрушчоўцы», якую да ўсяго яшчэ і затапілі зверху: столь на кухні парыжэла і аблупілася, на сцяне «задыхаў» ладны кавалак пліткі...

З ЖЭСа павінен быў прыйсці спецыяліст, каб замераць аб'ём рамонту.

У прызначаны дзень парог кватэры і сапраўды пераступіла... сапраўдная прыгажуня. З сумачкі яна дастала 5-метровую рулетку і ручку, сабралася на нешта паступіцца, каб залезці ўверх — памераць плошчу столі.

Юра прапанаваў узяць гэту лічбу з тэхпашпарта — спецыялістка не згадзілася.

Тады ён сказаў, што прасцей памераць падлогу — яны ж са столлю роўныя.

Гэтую прапанову дзяўчына прыняла і, пакуль яны разам адсоўвалі мэблю ды мералі плошчу, расказала, што завуць яе Ірынай, што бацька яе з'ехаў у свой Дагестан, а мама жыве ў вёсцы...

«Прыгожая, вясковая, не распешчаная...» — Юра ва ўсе вочы глядзеў на гэтае чароўнае дзіця і нават падумаў, што нехта ж яго прыручыць, нехта з ім зажыве... «Дык чаму б не я?.. Калі ідзе да разводу...» — мільганула думка.

Госця тым часам усё запісала і сышла. Але... Не паспеў гаспадар паставіць на месца стол ды ўсе табурэткі, як яна... вярнулася і сказала, што трэба пачаць спачатку: маўляў, раз начальства сказала замераць столь, значыць, трэба замераць столь.

Юра ўздыхнуў, выцягнуў з кладоўкі драбінкі і заадно пацікавіўся, ці праходзілі ў Ірынай школе геаметрыю.

Прыгажуня надзьмулася, а калі аказалася, што столь каля вакна на два сантыметры шырэйшая за падлогу, пераможна глянула на гаспадара і сышла не развітаўшыся.

...Вось такія мітрэнгі зваліліся ў апошні час на майго хутчэй беднага, чым багатага сваяка.

Л. Новік, г. Мінск


Дзе скокам, там... бокам

У такім далёкім 1952-м мы, Лёня, Гарык і два Валодзі, першакурснікі політэхнічнага інстытута, засяліліся ў адзін пакой інтэрната. Пражылі там пяць гадоў, а пасябравалі — на ўсё жыццё. Прычым спрыяла гэтаму не толькі вучоба, але і агульныя захапленні. У прыватнасці, для таго каб час ад часу разгружаць свае мазгі ды трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, мы, усе ўчатырох, запісаліся ў лыжную секцыю. Нейкі час пахадзілі (тады, дарэчы, гэта бясплатна было), а потым Гарыку, мусіць, збрыдзела: не захацеў ён лыжамі шоргаць па снезе — запісаўся ў аэраклуб.

Трэба сказаць, што туды не кожнага і бралі... Таму вучыўся ён вельмі старанна. І нават з парашутам аднойчы скочыў, але ж не самастойна — з інструктарам, а гэта зусім не тое.

Дзень, калі Гарык збіраўся скакаць сам, помню як зараз, бо з інтэрната ён сыходзіў, можна сказаць, жаніхом — шчаслівым, узрушаным... А вось вярнуўся, не паверыце, іншым чалавекам — сумным, пастарэлым...

Мы, вядома ж, давай распытваць, і Гарык хоць-нехаць расказаў, што падрыхтаваны быў добра: лепш за ўсіх засвоіў тэорыю. І вось сам скачок... За спінай — два парашуты: асноўны і запасны. Першы, як расказваў, праз чатыры секунды павінен быў аўтаматычна раскрыцца. А таму ён ляцеў і лічыў: раз, два, тры, чатыры — парашут... не раскрываецца. Што рабіць? Ён рве на сябе кольца запаснога: з ім, дзякуй богу, усё ў парадку — гэты раскрываецца.

Але ж Гарык не паспеў з палёгкай уздыхнуць, бо тут жа ў яго над галавой прагучала досыць гучнае «ш-ш-шух» — раскрыўся парашут асноўны... А яму б хоць з адным неяк справіцца — дзе там з двума...

Карацей, паматляла яго ў паветры, як тую пушынку і пры гэтым усё болей «адносіла» на лес. «Ну, думаю, зараз як лясне аб якую сасну, мне і капец», — прызнаваўся хлопец.

Але ж потым неяк знізіўся, стаў чапляцца за кусты... Небараку яшчэ і па іх пацягала б, калі б не інструктар, які разам з хлопцамі пад'ехаў на выручку. Разам уратавалі...

Пасля гэтага ў аэраклуб Гарык, вядома ж, не пайшоў, сказаў: «Пажыць хачу».

...Зноў усе ўчатырох мы сталі займацца лыжамі, аж да той пары, пакуль Гарыка зноў не звабіў палёт: на гэты раз — скачкі з трампліна. Недзе з месяц на трэніроўкі хадзілі ўдвух з сябруком, але аднойчы вярнуліся нібыта з фронту: у аднаго рука на падвязцы, у другога... Пытаемся:

— Што — зноў прыгоды?

— Ну, Валодзя, бач, руку падвярнуў, — уздыхнуў Гарык.

— А ты, можна падумаць, лепшы? На пятую кропку як гопнуўся, ажно порткі парваў, — расказваў Валодзя. — У чым цяпер на заняткі пойдзеш?

...Карацей, не атрымалася з гэтых хлопцаў ні парашутыстаў, ні слаламістаў... А вось у спаборніцтвах на лыжні мы з Лёнем перамагалі. І нават па спартыўным разрадзе маем.

У. Сяргейчык, г. Магілёў


Набыты імунітэт

Глядзіш тэлевізар, слухаеш радыё, чытаеш газеты і дзіву даешся, які ж далікатны цяпер народ! Там даросламу дзядзьку «хуткую» выклікалі пасля ўкусу пчалы, туды ратавальнікі ездзілі, каб асінае гняздо пабурыць...

А ў маім далёкім дзяцінстве быў сусед па вулічнай мянушцы Кароль. У яго вадзіліся пчолы. І калі нейкая з іх кусала дзіця, то бацькі яго (альбо дзядулі-бабулі) бралі малое на рукі і неслі да суседа — «прад'яўлялі» Каралю распухлую частку цела, і той, прысаромлены ды вінаваты, намазваў мёдам лусту хлеба — працягваў дзіцяці. Пухліна ад той смакаты «спадала» тут жа, боль праходзіў, а замест яго з'яўляўся гонар: я, маўляў, мёд сёння еў!

І ніякіх там «хуткіх».

Тое ж было і з восамі. Гадоў колькі таму мой гаспадар (светлай памяці!) у двары пад ігрушай прыгожую лаўку змайстраваў. Мы любілі там адпачыць...

Нашы восы, трэба сказаць, таксама: яны елі свае грушы, мы — свае. Месца пад сонцам хапала ўсім, і ніхто нікому не замінаў.

...А летась у нас вырас добры ўраджай вінаграду. Падумала, не прападаць жа дабру: паставіла яго на віно.

Працэс браджэння скончыўся глыбокай восенню — сабралася разліваць па бутэльках. Але ж спачатку адліла сабе ў кубак для дэгустацыі, паставіла яго на стол. Толькі прыступіла да разліву, аднекуль тут жа прыляцела аса, закружыла над галавой: трэба разумець, стала прасіць, каб я пачаставала? Але ж мне ў той момант было не да яе — адмахнулася. Аса, трохі пакружыўшы, сціхла. «Пакрыўдзілася, мусіць... Недзе паляцела», — падумала я. А скончыўшы «разліў», падышла да стала і ўбачыла, што аса мяне апярэдзіла: яна ўжо правяла дэгустацыю і нават напілася, бо цяпер, шчаслівая, плавала ў кубку.

Выходзіць, з усімі можна дамовіцца, але, можа, не ўсім?

Тамара Маркушэўская,

аг. Жамчужны, Баранавіцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны

Радок на яго помніку спыняе і змушае задумацца.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.

Грамадства

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

 Псіхолаг Раман Кручкоў упэўнены, што на самай справе агрэсія ўласціва ўсім людзям.  

Грамадства

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны музей «Бярэсце» і навакольная тэрыторыя перажываюць вялікае абнаўленне.