Вы тут

Калі імпэт — толькі дзеля імпэту, што яму супрацьпаставіць?


Калі дазволіце, «уключу» гэтым разам жанр фельетона. Гэта калі і смех, і грэх, але галоўнае — нагода задумацца. Распавёў мне гэтую гісторыю ўважлівы чытач, назавём яго Алег, у электронным допісе. Не верыць яму ў мяне падстаў няма — сам ён быў непасрэдным удзельнікам падзей, дый гісторыя па нашым часе і для нашых мясцін цалкам нават рэальная. Да таго ж указаны і прозвішчы дзейных асоб, і месца дзеяння. Якія я ў сваім сатырычным практыкаванні дазволю сабе апусціць, бо, паўтаруся, нешта падобнае з невялікімі папраўкамі магло здарыцца ў нас дзе заўгодна. А калі хто пазнае ў аповедзе сябе — што ж, як кажуць у народзе, хто парасят краў, у таго ў вушах пішчыць...


Дык вось, адбылася гэтая гісторыя нядаўна ў адным з дзіцячых аздараўленчых лагераў, якія зараз актыўна рыхтуюць да сезона. Лагер гэты носіць статус раённага — сюды прыязджаюць адпачываць на нейкі тыдзень дзеці з вясковых школ. Адпаведна гэтыя самыя школы нароўні са службамі самога лагера і адказваюць за добраўпарадкаванне тэрыторыі, яна нават паміж установамі адукацыі падзелена на ўчасткі, і кожная высылае свой «працоўны дэсант» (у асноўным гэта настаўнікі-мужчыны), каб свой кавалак дагледзець.

Так заведзена ўжо колькі гадоў, і ніякіх праблем да сёлета не было. А тут праблема вырасла на роўным месцы. Дакладней, не вырасла — яе ў свой час дыхтоўна ўкапалі ў зямлю. Гадоў мо з дзесяць таму мясцовы саматужны разьбяр па дрэве падарыў лагеру вялікія — больш чым у чалавечы рост — скульптуры з дубу. Былі там і казачныя персанажы, і жывёлы. Іх надзейна, мо на метр, укапалі, пафарбавалі — прыгажосць! Кожны год фарбы паднаўлялі, і нікога тыя выявы не палохалі, не абуралі, дый прастаялі б яшчэ не адзін дзясятак гадоў. Кажуць, нават у мясцовай газеце на фота былі, як ілюстрацыя арыгінальнай аздобы...

Але сёлета ў лагер з інспекцыяй прыехала новая начальніца  (невялікага маштабу — з раённага аддзела). Паглядзела крытычна на скульптуры і катэгарычна заявіла: яны тут не патрэбныя. Без дадатковай аргументацыі — не падабаюцца, і ўсё тут. Ёй спрабавалі нешта давесці, але пачулі катэгарычнае: каб іх тут не было. А паколькі ад гэтай начальніцы залежыць, ці будзе прынятая гатоўнасць лагера, працягваць спрачацца ніхто не стаў, вырашылі скульптуры «ліквідаваць».

Як вы думаеце, хто заняўся «ліквідацыяй» драўляных (дубовых!) калодак, што важаць не адзін цэнтнер? Правільна думаеце — настаўнікі з «працоўнага дэсанта», на чыёй тэрыторыі гэтыя скульптуры стаялі. Лацвей, канешне, было б падчапіць якім пагрузчыкам, але дзе яго ўзяць і хто яго дасць? Карацей, тузалі мужыкі драўляных «ідалаў» голымі рукамі ды рыдлёўкай. Упяцёх ледзь адной скульптуры давалі рады. Сяк-так «выкарчавалі», на зямлю паклалі. І дахаты з пачуццём выкананага незразумелага абавязку паехалі. А начальніца тая наведалася зноў і пытае: чаму, маўляў, «калодкі» не прыбралі? На заўвагу, што «калодкі» цяжкія і трэба нейкая тэхніка, яна лагічна адказала: тыя, чыя тэрыторыя, хай і думаюць. Сказала і паехала, яшчэ загадаўшы пафарбаваць белыя пластыкавыя (!) дзверы ў памяшканнях. «Цяпер вось і думаем, што рабіць, — піша Алег з пэўнай доляй самаіроніі. — Распілаваць тоўстыя калодкі не атрымаецца, нават бензапіла іх наўрад ці возьме. Многія б хацелі скульптуры на школьны двор забраць паставіць, але ж дзе ўзяць тэхніку іх пагрузіць і завезці? Схіляемся з калегамі да думкі, што лепш за ўсё іх будзе проста закапаць на месцы, граблямі ўсё зраўнаваць і траўку пасеяць...»

На гэтым можна ставіць кропку. Не дабавіць, не адняць, і Салтыкоў-Шчадрын з Кандратам Крапівой адпачываюць. І ўсё было б смешна, калі б не было так сумна. Бо менавіта з-за такіх вось дробных «начальнікаў», якія хочуць... не, нават не выслужыцца, а давесці іншым, хто на адну невялікую прыступку ніжэй па працоўным статусе, што ён кіраўнік, што яго павінны слухацца без пярэчанняў, менавіта з-за гэтага жадання дробных мясцовых чыноўнікаў паказаць «хто тут галоўны» ў нас і робіцца дурнота, якую пасля нярэдка даводзіцца разрульваць кіраўнікам вышэйшага ўзроўню, з-за якой у звычайных людзей складваецца не самае лепшае меркаванне аб уладзе ўвогуле, — кладзецца ў лужыны асфальт, некалькі разоў перафарбоўваюцца фасады дамоў, садзяцца ў гліну дрэвы, руйнуюцца прыдатныя для выкарыстання забудовы. Прычым, заўважце, робіцца гэта не па загадзе, а менавіта з уласнага імпэту, які нічым, акрамя гэтага самага імпэту не кіруецца. Здаецца, чалавек і спецыяліст неблагі, а вось трапіць «у начальства» — і панеслася. «Дай свінні рогі, а карове сядло»— народ у нас спрадвеку з такіх кпіў.

Але іроніі тут ужо недастаткова. «А што нам рабіць? — нібы спрачаецца са мной аўтар пісьма. — Не ісці ж з такой дробяззю да старшыні райвыканкама ці да яе абласнога начальства. У людзей сапраўдных клопатаў хапае, а тут мы са сваімі «звергнутымі ідаламі». Яно сапраўды не варта вялікага шуму. Але калі б, кіруючыся элементарным здаровым сэнсам, усе разам адмовіліся так «добраўпарадкаваць» свой участак...

Канешне, у любой падобнай сітуацыі прасцей і спакайней пасмяяцца, паабурацца і пакласці на мокрае асфальт, уткнуць дрэўца туды, дзе яно не прыжывецца, накіраваць бульдозер на моцныя яшчэ сцены, парушыць зусім не аварыйныя скульптуры, у якія іх аўтар уклаў душу і працу... А заадно пафарбаваць пластыкавыя дзверы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Адкуль у свінні рогі растуць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.