Вы тут

Чэкі і фотаздымкі — не макулатура, а люстэрка і крышталь — не шклатара


Падказкі пра тое, што варта, а што бессэнсоўна збіраць асобна, можна знайсці ў віртуальных смеццевых кантэйнерах на старонцы Іrесусlе.bу. А каб упэўніцца, што ўпакоўка, якую вы збіраецеся выкінуць асобна, гэта сапраўды папера, шкло ці пластык, можна ўдакладніць у экабота. Такі сайт з анлайн-інструкцыяй па абыходжанні з адходамі стварылі спецыялісты Цэнтра экалагічных рашэнняў з дапамогай Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў.


Пазбавіцца аднаразовага стылю жыцця

Хоць для Беларусі падобная ідэя новая, за мяжой такія сайты дапамагаюць камунальным службам інфармаваць насельніцтва, што рабіць з адходамі. Айчынны інтэрнэт-рэсурс рабілі па прыкладзе сайта экалагічнага дэпартамента Сан-Францыска (ЗША), які паспяхова развіваецца ў кірунку Zеrо wаstе (нуль адходаў), расказаў Яўген ЛАБАНАЎ, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў:

— Мы спадзяёмся, што Іrесусlе.bу стане зразумелым і даступным рэсурсам. Многія, магчыма, перагледзяць свае звычкі, калі ўбачаць, колькі матэрыялаў ідзе проста на звалку. А яшчэ інфармацыя з сайта дазволіць людзям зрабіць свядомы выбар і адмовіцца ад неперапрацоўваемых і аднаразовых тавараў.

Спытацца ў экабота, у які кантэйнер пакласці пэўнае смецце або як пазбегнуць назапашвання адходаў, можна не толькі на сайце, але і ў месенджары «Тэлеграм». Дастаткова ўвесці лагін @ЕсоіdеаBоt і націснуць кнопку «Запусціць». Неўзабаве падобная магчымасць з'явіцца і на некалькіх іншых экалагічных сайтах, кажуць распрацоўшчыкі. Акрамя таго, віртуальны памочнік будзе «вучыцца», каб адказваць на большую колькасць пытанняў, што цікавяць людзей.

— Перапрацоўка сёння не вырашае праблему смецця глабальна, — кажа Яўген Лабанаў. — Трэба сыходзіць ад аднаразовага стылю жыцця, і наш робат падказвае не толькі разумныя спосабы пазбавіцца ад смецця, але і раіць экалагічна дружалюбныя альтэрнатывы аднаразовым таварам, ад якіх нельга пазбавіцца пасля выкарыстання інакш, як выкінуць на звалку.

Зялёны кантэйнер: альбомы, паштоўкі, кардонкі

Беларусы часта сутыкаюцца з цяжкасцямі пры сарціроўцы смецця і вагаюцца, у які ж кантэйнер яго пакласці, бо на рынку існуе шмат тавараў, асабліва ўпакоўкі, зробленых з матэрыялаў, якія складана ідэнтыфікаваць.

«Звязда» разам са спецыялістам установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» паспрабавала разабрацца, што і чаму можна ці нельга выкідваць асобна.

У зялёны кантэйнер для макулатуры смела можна кідаць паперу з офісаў: лісты, канверты, каляровую паперу, календары, паштоўкі, паперу для нататак. Асобна раяць збіраць і старыя альбомы, блакноты, сшыткі, штодзённікі, газеты і часопісы. Перш чым адправіць у смецце, з усіх гэтых рэчаў трэба дастаць сашчэпкі, скобы, клейкія і пластыкавыя ўстаўкі, спружыны.

Асобна выкідваць можна таксама папяровую ўпакоўку: кардонкі ад цукерак, кардонныя кантэйнеры ад яек, папяровыя пакеты, упакоўкі з паперы ад цукру, мукі і іншага. Пры гэтым варта памятаць: ва ўпакоўцы не павінна быць рэшткаў ежы.

— Лішнія кампаненты ў другасных матэрыяльных рэсурсах (ДМР) не толькі ўскладняюць іх перапрацоўку, але і робяць гэты працэс больш дарагім, таму іх трэба выдаляць з макулатуры, перш чым пазбаўляцца ад яе, — тлумачыць Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

У макулатуру нельга выкідаць: брудныя кардонкі з-пад піцы, фотаздымкі на паперы, аднаразовы папяровы посуд, паперу, якая пакрыта металічным ці пластыкавым слоем, сурвэткі, пергамент, хрусткія факсы і чэкі, папяровыя ручнікі, туалетную паперу і тэтрапакі з-пад малака, сокаў.

— Усе гэтыя рэчы нельга выкарыстоўваць на папяровых фабрыках як сыравіну для другасных вырабаў з-за невыдаляемых з іх забруджванняў, або таму, што яны ўтрымліваюць іншыя, непапяровыя слаі, якія цяжка аддзяліць, — кажа спецыяліст. — Таму ўсё пералічанае выкідайце ў звычайнае бытавое смецце.

Жоўты кантэйнер: ПЭТ-бутэлькі, пакеты, бляшанкі

З пластыкавых ёмістасцяў трэба выдаліць рэшткі змесціва, мыць іх неабавязкова, раіць спецыяліст. Збіраць асобна варта пластыкавыя бутэлькі ад вады, напояў і малака, шампуняў, вадкага мыла, геляў для душу, з-пад бытавой хіміі і мыючых сродкаў. Бутэлькі з-пад алею, пластыкавыя коркі для бутэлек і ўпакоўкі ад яек з маркіроўкай «1» таксама прыдатныя для перапрацоўкі. Пакеты з-пад малака перапрацоўваюцца часткова, але і іх таксама лепш кідаць у пластыкавае смецце.

— Усё гэта падлягае перапрацоўцы. Накрыўкі ад ПЭТ-бутэлек, пра якія часта пытаюцца, ці выкідваць іх разам з бутэлькамі, сапраўды вырабляюцца з іншага віду пластыку, які тым не менш таксама перапрацоўваецца, таму асобна іх выкідваць не варта, — раіць Ніна Кульбеда.

Рознакаліберныя пакеты: фасовачныя, з ручкамі, пакеты-майкі — таксама пластыкавае смецце. Перш чым выкінуць яго, неабходна праверыць, каб там не засталося іншага смецця.

Шчыльная плёнка ад цяпліц, упаковачная плёнка, напрыклад, ад бытавой тэхнікі, таксама вартыя таго, каб не выкідваць іх у агульнае смецце.

— Гэта карысная другасная сыравіна, з якой у краіне вырабляюць розныя рэчы: ад бытавых да будаўнічых, — падкрэслівае Ніна Кульбеда. — Укладышы ў скрынкі для крохкіх вырабаў, якія звычайна робяцца з пенапласту, таксама смела выкідвайце ў кантэйнер для пластыку. Яны падлягаюць перапрацоўцы.

Цвёрдыя пластмасавыя вырабы накшталт тазоў, каністраў, вёдраў, — таксама ў пластык. У жоўты кантэйнер павінны трапляць і тэтрапакі з-пад сокаў і малака.

Як ні дзіўна, але кансервавыя і алюмініевыя бляшанкі таксама рэкамендуюць выкідваць у кантэйнер для пластыку або занесці ў пункт нарыхтоўкі.

— Для металічнай упакоўкі ў нас няма асобных кантэйнераў, бо гэтага віду смецця ўтвараецца не так шмат. Аднак адходы з кантэйнераў для ДМР усё роўна яшчэ раз сартуюцца, і бляшанкі з іх дастануць асобна. Перш чым выкінуць, выдаліце з іх рэшткі ежы, — рэкамендуе прадстаўніца Аператара.

У пластык нельга выкідаць: мяккія латкі для яек з успененага полістыролу, пракладкі, тампоны, памперсы, фальгу, СД-дыскі, абгорткі ад цукерак, магнітафонныя касеты, аднаразовы посуд усіх маркіровак.

Ёмістасці з-пад дэкаратыўнай касметыкі, упакоўкі ад чыпсаў, белыя баначкі ад смятаны і ёгуртаў, зубныя шчоткі і цюбікі ад пасты, — тара, якую таксама нельга збіраць у пластык.

Мяккая ўпакоўка ад маянэзу і кетчупу, а таксама моцна забруджаныя пакеты, асабліва з рэшткамі ежы, кантэйнеру для пластыку гэтак жа супрацьпаказаны.

— З гэтых рэчаў немагчыма атрымаць карысную другасную сыравіну з-за забруджвання або таму што ў іх скамбінаваны розныя матэрыялы, і іх шлях — у звычайнае смецце, — выносіць вердыкт спецыяліст.

Сіні кантэйнер: бутэлькі ад напояў, бутэлечкі з-пад лекаў, слоікі

Напэўна, прасцей за ўсё разабрацца са шкляным смеццем. Бутэлькі ад напояў: піва, віна, шампанскага, гарэлкі ды іншых — гэта шклатара, якую неабходна выкідваць у спецыяльны кантэйнер. Сюды ж трэба класці шклянкі, у якіх раней былі лекі ці дзіцячае харчаванне. Слоікі, само сабой, — таксама шкло.

— Шклатара актыўна выкарыстоўваецца ў другаснай вытворчасці. З яе робяць новыя бутэлькі і слоікі. А шклабой выкарыстоўваюць, напрыклад, для вырабу керамічнай пліткі і дадаюць у фарбу для нанясення дарожнай разметкі, — дзеліцца Ніна Кульбеда.

У шклатару нельга выкідаць: крышталь, люстэркі, лямпачкі, кераміку, фарфор, шкляны посуд і шкло з мэблі.

— Хоць гэта таксама шкло, але яно мае іншы хімічны склад і не падыходзіць для вырабу новай шкляной тары, — абгрунтоўвае спецыяліст.

Штогод у Беларусі ўтвараецца каля чатырох мільёнаў тон цвёрдых бытавых адходаў, і ад нашай сумленнасці і адукаванасці залежыць, каб туды не трапляла карысная сыравіна, годная працягваць існаванне ў іншых рэчах.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара і Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Клопат не янота, а экабота

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».