Вы тут

Любоў зямная і... завоблачная


Будучыя тэатральныя рэжысёры, выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў сыгралі свой дыпломны спектакль на Міжнародным фестывалі ў Санкт-Пецярбургу.


Выпускнікі рэжысёрскага аддзялення тэатральнага факультэта Беларускай акадэміі мастацтаў разам з народнай артысткай Вольгай Клебановіч, педагогам па акцёрскім майстэрстве
Нам пашчасціла ўбачыць на Малой сцэне Рускага тэатра генеральны прагон спектакля напярэдадні ад’езду творчай каманды рэжысёраў-пяцікурснікаў тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбург. Там яны сыгралі сцэны з рамана Фёдара Дастаеўскага «Браты Карамазавы» на Міжнародным фестывалі ў Санкт-Пецярбургу — «Тэатральная ўніверсіяда краін СНД і Балтыі», які праходзіў на базе Тэатра фестывалю «Балтыйскі дом». І мы таксама паспелі пасля прагону пагутарыць з рэжысёрам-пастаноўшчыкам, педагогам па майстэрстве акцёра Вольгай Клебановіч, народнай артысткай Беларусі і вядучым майстрам сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Нагадаю чытачам, што Клебановіч выкладае акцёрскае майстэрства будучым рэжысёрам на курсе, які ўзначальвае мастацкі кіраўнік Сяргей Кавальчык, ён жа і мастацкі кіраўнік Рускага тэатра, як мы прывыклі гэты тэатр называць па старой звычцы.

«Амыванне» класікай

Чаму Клебановіч абрала «Братоў Карамазавых» для дзяржаўнага іспыту? Ставіць у тэатры творы Дастаеўскага і нават іх экранізаваць неверагодна складана — у гэтым меркаванні крытыкі і рэжысёры, як тэатральныя, так і «кіношныя», у большасці сваёй аднадушныя. Зрэшты, і чытаць яго раманы — не кожнаму, як гаворыцца, па зубах: у герояў вялікага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага вельмі складаная прырода пачуццяў. Яны глыбокія, супярэчлівыя, як і самі персанажы.

Неспазнавальнасць і невычэрпнасць глыбінь чалавечай душы — усё гэта існуе ў раманах Дастаеўскага. І псіхалагічны стан сваіх герояў пісьменнік апісвае не як рэальны, а як быццам бы магчымы. І калі, нават чытаючы, пачынаеш успрымаць таго ці іншага персанажа як цалкам пазітыўнага — добрага, разумнага, вялікадушнага — ён раптам як выкіне што-небудзь гэткае, то і за галаву схопішся. Тым самым Дастаеўскі паказвае нам, што ўнутраны стан чалавека ў яго раманах значна складаней, чым можна гэта перадаць у слове. Быццам намякае, што пра ўсе адценні пачуццяў можна расказаць толькі прыблізна, што ў людскіх душах ёсць такія глыбіні, калі не бездань, якія апісаць немагчыма. І пакідае чытачу магчымасць дадумаць самім, што ж у тых глыбінных прасторах душы чалавечай захоўваецца.

Яўген Гофбранд у ролі Аляксея Карамазава

Вольга Клебановіч, разумеючы, што «Браты Карамазавы» — рэч складаная, свядома пайшла на рызыку, параіўшыся з Сяргеем Кавальчыкам. Рэспект ім абодвум. І тут, сказала б, спрацавала не толькі неверагодная інтуіцыя Клебановіч ва ўспрыманні сваіх вучняў, з якімі яна мела справу некалькі гадоў. І нават не асабістыя яе якасці актрысы арганічнай, актрысы вялікіх амплітуд, як я ўжо не раз пра яе выказвалася, што здольная выбудоўваць ролі не толькі свае, але і дапамагаць партнёрам па сцэне, а таксама бачыць спектакль «рэжысёрскім» вокам. Галоўная мэта, да якой Клебановіч імкнулася, выбіраючы для будучых рэжысёраў «Братоў Карамазавых», як яна сама сказала пасля прагона, заключалася ў тым, каб яны пранікліся глыбінёй акцёрскай прафесіі. І каб у будучыні ведалі, як паводзіць сябе з акцёрамі, дамагаючыся жаданага выніку. Акцёр і рэжысёр — гэта, перш за ўсё, сумесная творчасць, а не валюнтарызм. Дарэчы, Сяргей Кавальчык і Вольга Клебановіч — удалы прыклад садружнасці рэжысёра і актрысы, якія чуюць і разумеюць адзін аднаго. У адваротным выпадку, разважае Клебановіч, мяне б ён не запрасіў выкладаць будучым рэжысёрам акцёрскае майстэрства.

Мне не раз даводзілася чуць ад акцёраў пра рэжысёрскі дыктат, пра залежнасць акцёрскай прафесіі: маўляў, акцёры — марыянеткі… Але Вольга перакананая: акцёр павінен быць захоплены п’есай, як і рэжысёр, быць здольным пачуць і зразумець канцэпцыю драматургічнага матэрыялу, а таксама ўмець сфармуляваць контраргументы, калі прапанаваны яму рэжысёрам малюнак ролі незразумелы, ці не зусім акцёра задавальняе. Яе студэнты, кажа, пранікліся і захапіліся філасофіяй Дастаеўскага і глыбокім псіхалагізмам рамана.

— Я не магу пагадзіцца з меркаваннем, што сучасная моладзь павярхоўная, усё кудысьці спяшаецца, заняволеная гаджэтамі. Так, юнакі і дзяўчаты іншыя, але псіхалогія адносін паміж людзьмі іх хвалюе не менш, чым гэта было ўласціва нашаму пакаленню. Тыя, хто бачыў маіх студэнтаў на малой сцэне, што ў Акадэміі мастацтваў, аднадушна сцвярджалі: класіка не састарэла, класіка — на ўсе часы. Гаварылі і пра тое, што ў нашым свеце вар’яцкіх рытмаў, месэнджараў так неабходна «амыванне» класікай…

Вольга верыць, што яе выхаванцы яшчэ зробяць у тэатральнае жыццё Беларусі значны ўнёсак.

Грушаньку (справа) і Кацярыну Іванаўну ўвасобілі Марыя Мотах і Віталіна Бідзюк

Дарэчы, Вользе Клебановіч належыць і аўтарства інсцэніроўкі пад назвай «Карамазавы. Сцэны».

Ці лёгка ёй працавалася над пастаноўкай?

— Мы працавалі вельмі дружна. Усім маім студэнтам уласціва суперажыванне, яны адзін аднаго чуюць, глыбіня твору Дастаеўскага падахвочвае акцёраў адчуваць дыханне персанажаў. Мы ўважліва ставіліся да кожнага слова герояў, а таксама да іх ўзаемаадносін на пляцоўцы. Вось гэтую школу перажыванняў, якім заўсёды славіўся беларускі тэатральны факультэт, я старалася ўкласці ў іх. У апошні час у спектаклях пераважае форма, і не заўсёды адбываецца эмацыйны катарсіс. А вось калі дакранаешся да такой драматургіі, да такога мастацкага слова, то міжволі нараджаецца творчае дыханне. Мне здаецца, што ў маіх выхаванцаў пастаноўка — атрымалася. Усё, праўда, яшчэ ў працэсе: яны — птушаняты, хоць і выпускнікі, толькі вылятаюць з гнязда. Спадзяюся, хоць гэта і гучыць некалькі высакамоўна, Беларусь атрымае новых цікавых рэжысёраў і акцёраў. Дарэчы, Марыя Мотах ужо ажыццявіла ў нашым тэатры пад мастацкім кіраўніцтвам Барыса Луцэнкі пастаноўку па п’есе Міхаіла Угарава, расійскага драматурга, «Смерць Ільі Ільіча — «АбломOFF». Скажу, што гэта цікавы пошук новай тэатральнай мовы ў нашым тэатры, пра што пісалі журналісты. На некаторых студэнтаў ужо ёсць заяўкі ад тэатраў, некаторыя пойдуць працаваць акцёрамі, каб набрацца сцэнічнага досведу, і паволі будуць спрабаваць сябе ў рэжысуры: прафесія таго патрабуе. Мы з Кавальчыкам на іх разлічваем, пяць гадоў — тэрмін прыстойны, у гэты час мы ў іх укладвалі ўсё, чаму самі вучыліся і што самі ўмеем. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе парадуемся поспехам рэжысёраў-выпускнікоў!

Што дала студэнтам праца з Вольгай Клебановіч? Яны аднадушныя ў думцы пра свайго педагога. Для іх Вольга Міхайлаўна — педагог выдатны, таленавіты, падтрымлівала іх пастаянна.

— З ёй мы раскрыліся, — кажа Раман Рыбак. Згодныя з ім і астатнія студэнты.

— Са свайго бяздоннага досведу яна чэрпала для нас усё лепшае і дзялілася ім, падарыла са сваіх запаснікаў тое, што спатрэбіцца ў будучай прафесіі. І акцёрскай, і рэжысёрскай. Вядома, мы будзем да яе звяртацца па парады. І Вольга Міхайлаўна — упэўненыя — нам не адмовіць. Таму што яна не проста педагог у працы з намі, яна яшчэ — вельмі чулы чалавек. Ставілася ў любой сітуацыі па-мацярынску. У яе абсалютна індывідуальны падыход да кожнага з нас. Часта мы гаварылі проста па душах. Яна заўсёды адкрытая да любой размовы. Калі праца над роляй не ішла, сумесна спрабавалі знайсці адказ на пытанне, чаму не ідзе. І акцёраў мы, дзякуючы Вользе Міхайлаўне, будзем разумець лепш.

Што тычыцца рэжысёрскага дыктату ў дачыненні да акцёраў, то адказ на пытанне пра дыктат знайсці не ўдалося. Мае суразмоўцы разумеюць: жыццё можа паднесці любыя нечаканасці, калі без дыктату не абысціся, хоць і бачылі яны ад Клебановіч толькі паразуменне, і арыентаванасць на сумесны творчы пошук. І шчырасць адзін перад адным яны таксама бачылі: вучняў перад педагогам і педагога перад вучнямі.

Усе яны таленавітыя

Фінал спектакля «Карамазавы. Сцэны»

— З Санкт-Пецярбурга мае гадаванцы, і я разам з імі, вярнуліся акрыленымі. Усё там прайшло «на ўра», — распавядае Вольга. — Вядома, яны вельмі хваляваліся. Ці жарт: пабываць у самай буйной вну Еўропы, які ўваходзіць у Саюз еўрапейскіх тэатральных школ і акадэмій. (Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў, створаны ў 1779 годзе. — Аўт.) Кожны дзень студэнты працавалі на адрэналіне. Днём — майстар-класы, рэпетыцыі спектакля-эскізу «Чарвяк» па Фёдары Салагубе, які паставіў вучань вядомага расійскага рэжысёра Анатолія Праўдзіна — Раман Мурамцаў…

Па ходзе гутаркі ўспамінаем, што Анатолій Праўдзін прыязджаў у Мінск у 2014 годзе ставіць «Дон Жуана», камедыю нораваў у Купалаўскім тэатры. І гэта быў, як пісала прэса, двайны дэбют пецярбуржца. Ён упершыню ставіў «Дон Жуана». І на беларускай сцэне таксама працаваў упершыню.

І як жа нашы выявіліся ў «Чарвяку», пытаюся. Бліскуча, кажа Клебановіч. Яна ў сваіх выхаванцах і не сумнявалася. Паводле яе словаў, інакш і быць не магло.

— Я ведаю, на што яны здольныя. А тут кожны падняўся над самім сабой. Калі публіка даведалася, што нашы сцэны з «Карамазавых» ігралі беларускія рэжысёры, вельмі дзівіліся. Бо ўсе яны таленавітыя і вельмі дружныя. І мне імпанавала тая сямейная інтанацыя, уласцівая людзям у здаровых сем’ях, што спадарожнічала нам на занятках. Пра гэта гаварыць прыемна.

Экзамен перад Вечнасцю

Для інсцэніроўкі Вольга Клебановіч выбрала тыя кульмінацыйныя месцы з рамана Дастаеўскага, праігрываючы якія студэнты ў плане псіхалагізму змаглі б максімальна разгарнуцца. Ролі ігралі Антон Нетбай, Ягор Ляшок, Яўген Гофбранд, Дэвід Разумаў, Марыя Матох, Віталіна Бідзюк, Пётр Казук і Раман Рыбак.

Сцэны, звязаныя з забойствам памешчыка Фёдара Карамазава, бацькі трох братоў і меркаванага пазашлюбнага чацвёртага — Смердзякова, што былі раней, паклаліся ў аснову драматургічнага матэрыялу. Гарачыя і страсныя, моцныя і слабыя, стрыманыя і тыя, хто выпраменьвае адкрытыя эмоцыі, што называецца, жыве наросхрыст, экстраверты і інтраверты, чые пачуцці абвостраныя — гэта ўсё пра іх, персанажаў дыпломнага спектакля па-Дастаеўскаму. Іх можна трактаваць і трактаваць. Бо ў выхаванцаў Клебановіч усе героі, якіх яны сыгралі, жывыя людзі, паяднаныя трагедыяй. У кожнага ёсць асноўная, толькі яму ці ёй уласцівая нота. Тэмперамент Дмітрыя Карамазава-Антона Нетбая б’е цераз край, захліствае яго дзіцячая, хоць і грубая адкрытасць, прыцягвае. Розум гарачай натуры Івана Карамазава-Ягора Ляшка, часам вонкава стрыманага, у якога ўнутры ўсё «кіпіць», не пакідае абыякавымі. Разгубленасць перад праўдай жыцця ў Алёшы Карамазава-Яўгенія Гофбранда, пагружанага ў богашукальніцтва, верніка, які знайшоў у жыцці свой шлях, выклікае давер — перад намі крыху разгублены, мяккі, добры чалавек, але не святоша. Чысціня, нейкая «прыроднасць» характару жанчыны без падвойнага дна — гэта пра Грушаньку Марыі Мотах, пачуццёвую і дзёрзкую. Высакароднасць, арыстакратызм, гордасць — такой малюе Кацярыну Іванаўну Віталіна Бідзюк. Яе гераіня, якая прайграе ў каханні, годна хавае свой душэўны боль. То цынічны хам, то агідны раб і прыстасаванец — гэта Смердзякоў/Бес. Што і казаць, бліскучая роля і ў Дэвіда Разумава. Добры штабс-капітан Снегіроў Пятра Казука, беднасць якога не прымяншае яго пачуцця ўласнай годнасці. І Паляк Рамана Рыбака зверне на сябе ўвагу сваёй ашчаднасцю, прагматызмам і падкрэсленай манернасцю.

І як жа цяжка ім любіць адзін аднаго, калі ўсё так заблытана і праблематычна! Ці не таму, што кожны шукае прычыны трагедыі ў іншым чалавеку — не ў сабе? І, здаецца, што бясконца складана жыць у гэтым лабірынце ўчынкаў і матываў, тым больш разблытваць збіты клубок супярэчнасцяў, раскрываючы таямніцу забойства. Не менш складана разумець і саміх сябе, рухомых падсвядомасцю, ды несці свой крыж у гэтай трагічнай гісторыі.

Драматызм асэнсавання сябе ў дачыненнях адзін з адным, якія абвастрыліся ў выніку трагедыі, у наяўнасці ў спектаклі «Карамазавы. Сцэны». Пра гэта пастаноўка Вольгі Клебановіч. Ці яшчэ і пра любоў, якой мы ўсе павінны любіць адзін аднаго, як тое прагучыць у фінальнай сцэне? Так, спектакль і пра яе, завоблачную, да якой так цяжка імкнуцца. А калі б лёгка было, не стаялі тады б нашы героі такімі разгубленымі, прыгнечанымі… Быццам трымалі экзамен перад самой Вечнасцю.


Дарэчы, першая галівудская кінаверсія рамана «Браты Карамазавы» была знятая ў 1958 годзе. У нашых шыротах гэты фільм прынята крытыкаваць: маўляў, амерыканцы не ўлавілі «сутнасць загадкавай рускай душы». Аднак менавіта яны першымі пачалі адкрываць у кінематографе кананічную рускую класіку. Савецкія экранізацыі з’явіліся толькі ў наступным дзесяцігоддзі. У 1968 годзе савецкі кінарэжысёр Іван Пыр’еў зняў трохсерыйны фільм «Браты Карамазавы» — лепшы з многіх па прызнанні кінакрытыкаў. Двума гадамі раней была экранізавана «Вайна і мір», затым у Галівудзе дабраліся і да твора Фёдара Дастаеўскага. Так, рэлігійна-маральнай сутнасці рамана рэжысёр Рычард Брукс у сваёй кінастужцы не здолеў адлюстраваць.

І, тым не менш, Брукс узяў ад Дастаеўскага саму форму яго рамана, і зляпіў на яе аснове досыць займальны дэтэктыў, захаваўшы пры тым яшчэ і сюжэтную аснову кнігі, не прыўнёс туды ніякай адсябяціны. А гэта ўжо нямала. Бо Дастаеўскага наогул складана экранізаваць. Яго раманы скіраваны на вывучэнне асобы, на трактоўку яе ўчынкаў… І рэжысёр правёў немалую працу, каб не забіць цікавасць да фільму ў сюжэтным плане.

(https://www.kinopoisk.ru/film/10037/)

Валянціна Ждановіч

Фота Івана Ждановіча

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.