Вы тут

Плюсы і мінусы ранняй вясны на палях «Муравы»*


Спецыялістаў рыхтуй замалада, а пад прыроду падладжвайся ў час. Праца ў вёсцы заўжды была складанай і залежала ад капрызаў надвор'я ды наяўнасці тэхнікі. З кожным годам яна ўскладняецца яшчэ больш, бо нягледзячы на паляпшэнне рабочых умоў і тэхналагічны прагрэс, а дакладней нават дзякуючы ім сельскагаспадарчыя машыны становяцца ўсё больш мудрагелістымі. Каб працаваць з імі, патрэбна высокая кваліфікацыя, таму да прафесійнай адукацыі трэба падыходзіць скрупулёзна, а спецыялістаў падбіраць яшчэ падчас вучобы і замацоўваць іх у гаспадарцы. Толькі маючы тэхнічна падкаваныя кадры аграпрамысловы комплекс можа ўпэўнена развівацца. Так лічыць кіраўніцтва ААТ «Мурава» — адной з найлепшых у Пружанскім раёне гаспадарак.


Намеснік дырэктара ААТ «Мурава» Аляксандр МАРКЕЧКА  і механізатар  Уладзімір МУХЛЫНІН.

Складаным машынам — тэхнічна адукаваныя людзі

Падрыхтоўкай спецыялістаў для работы на сельгаспрадпрыемствах раней актыўна займаліся прафесійныя вучылішчы і вучэбна-прамысловыя комплексы (ВПК) пры школах. Гэта была вялікая дапамога для АПК.

— Сёння гэты момант упушчаны, аднак мы трымаем цесную сувязь з Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам і іншымі навучальнымі ўстановамі. Тыя, хто да нас адтуль прыходзіць на работу, сядае за руль высокапрадукцыйнай энерганасычанай тэхнікі і спакойна працуе, — дзеліцца сакрэтам пошуку кадраў Пётр БІЛЕЦКІ, старшыня ААТ «Мурава». — Сённяшняя тэхніка — гэта не толькі механічная частка. Яна камп'ютарызаваная, і каб кіраваць такімі дарагімі і складанымі машынамі, трэба быць тэхнічна адукаваным.

Кіраўнік пружанскай гаспадаркі сам выпускнік каледжа, так што ведае праграму і якасць навучання не па чутках. Як кажуць у навучальнай установе, без работы не застаецца ніводзін студэнт — разбіраюць спецыялістаў яшчэ падчас вучобы.

— Мы супрацоўнічаем з усімі гаспадаркамі Брэсцкай вобласці, таму што рыхтуем кадры сярэдняга звяна толькі для сельскагаспадарчай галіны. Для тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці рыхтуем тэхнікаў-механікаў, слесараў па рамонце сельгасмашын і абсталявання, трактарыстаў, кіроўцаў катэгорый В і С, аграномаў, тэхнікаў-электрыкаў, электраманцёраў 3-4 разрадаў і іншыя рабочыя спецыяльнасці. Сёлета плануем атрымаць ліцэнзію на перападрыхтоўку на катэгорыі D і Е, — гаворыць Станіслаў КОЗЕЛ, дырэктар Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. — Усяго ў нас 726 навучэнцаў-«очнікаў», 48 з якіх дзяўчаты, і 380 завочнікаў.

ААТ «Мурава» Пётр Білецкі гутарыць з навучэнцамі сельскагаспадарчых каледжаў  Яўгенам ШУМСКІМ і Дзмітрыем КАШКАРАВЫМ, якія ў час практыкі пераймаюць вопыт механізатараў гаспадаркі.

Мы пагутарылі з моладдзю, каб даведацца пра іх планы на дарослае працоўнае жыццё.

Наталля КАНАВЕГА, трэццякурсніца, будучы механік са спецыялізацыяй слесар па рамонце сельгасабсталявання, трактарыст і камбайнер, кажа: «Заўжды любіла тэхніку, таму не задумвалася, куды ісці вучыцца».

— На тэхнічным забеспячэнні за амаль дзесяць гадоў маёй работы тут Наташа — першая дзяўчына, што вучыцца на дзённым аддзяленні, — прызнаўся дырэктар каледжа.

Мікіта СЯДОЎ, выпускнік-электраманцёр, гаворыць: «Выбраў месца ў Брэсцкай перасовачнай механізаванай калоне (ПМК), на работу пайду ў маі, а заўтра — абарона дыплома».

Навучэнцы настолькі запатрабаваныя, што могуць самі выбіраць месца работы згодна з рэйтынгам дыплома.

Ілья ЮНАШ, студэнт 4-га курса, будучы аграном. Плануе атрымаць вышэйшую адукацыю ў Гродне, а калі не атрымаецца, — на работу ў Ваўкавыскі раён, які ён выбраў сам. Юнак выходзіць на чырвоны дыплом, за плячыма ў яго 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе аграмайстэрства. Пры гэтым каледж заняў у гэтых спаборніцтвах трэцяе месца.

— Падрыхтоўка ў нашым каледжы лепшая, чым у астатніх, — кажа юнак. — Калі я ўзяў першае месца, значыць мяне лепш навучылі. Да таго ж нашы выкладчыкі маюць практычны вопыт работы ў гаспадарках. Яны ведаюць моманты, пра якія тэарэтыкі нават не здагадваюцца.

Арцём ПЕТРАНЬ, навучэнец 4-га курса, будучы аграном, па размеркаванні знайшоў сабе месца ў гаспадарцы «Ружанскае». «Дзве тэхналагічныя практыкі ўжо там прайшоў. Мне спадабалася, таму ўжо мэтанакіравана пайду туды на работу», — падзяліўся юнак.

Іван ЯКУТА з 4-га курса вучыцца на механіка. Летась заняў трэцяе месца на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkіlls. Кампетэнцыю па сельскай гаспадарцы тады ў гэтыя спаборніцтвы ўвялі ўпершыню.

— Усе вынікі, якія паказваюць хлопцы і дзяўчаты, — гэта іх асабістая заслуга, мы толькі даём ім магчымасць развіць свае здольнасці, — кажа Станіслаў Козел. — Мы нават не ўсе заяўкі можам закрыць ад прадпрыемстваў, бо проста не хапае выпускнікоў.

Сухавеі, «лятучы» азот і ўстойлівая да засухі трава

У аўдыторыі Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Выкладчыца курса раслінаводства Вольга ЯКУТА (на здымку першая справа)  і навучэнцы Сяргей КАЗЛОЎСКІ, Вера ЯРМАШУК,  Дзяніс КАРАЛЬКЕВІЧ.

Пасяўная збожжавых у «Мураве» сёлета скончылася рана. Бульба таксама апынулася ў зямлі ўжо ў сярэдзіне красавіка, хоць раней саджаць яе завяршалі на 9 мая, кажуць мясцовыя, разважаючы пра ранні надыход вясны. Зямлю тут выкарыстоўваюць настолькі рацыянальна, што ледзьве не адразу за акном дырэктара праходзіць ралля, па якой, пакуль мы гаворым, праходжваюцца буслы.

— Калі раней з некаторымі работамі не спраўляліся ў час пасля зімы, то сёлета ўжо грэх скардзіцца. Дзякуючы ранняй вясне атрымаўся вялікі прамежак часу паміж сяўбой і першым укосам траў. Была магчымасць падрыхтаваць і тэхніку, і людзей да першага «травянога ўраджаю», — характарызуе надвор'е Пётр Білецкі.

Блага аднак, што сухавеі ў раёне пануюць, дажджу зусім яшчэ не было ў красавіку, калі мы ездзілі ў госці ў гаспадарку.

— Гэта стрэсавы стан для раслін. Вільгаці ім няма, а ноччу яшчэ замаразкі бяруцца пасля дзённай спякоты. З майго вопыту магу сказаць, што калі каляндарная вясна дружна надыходзіць, то і ў дзве змены нашы людзі працуюць. Справа кіпіць. А калі вясна гарачая, то і сеяць трэба, і падкормку рана далі, а азот не працуе ў холадзе. Цяпер прыйдзецца другую падкормку рабіць, — кажакіраўнік ААТ «Мурава».

З такім меркаваннем цалкам згодны галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл ГАЎРА, які кажа, што работнікі вытворчасці ў цэлым адмоўна ставяцца да ранняй вясны, бо ў прыродзе ўсё павінна адбывацца так, як заведзена спрадвеку.

— Улічваючы паступовае змяненне клімату, напэўна, трэба перагледзець і структуру, і відавы склад культур. Тым больш што ў нашай гаспадарцы больш за ўсё лёгкіх глеб. Магчыма, трэба пашыраць пасевы кукурузы на зерне, а плошчы збожжавых культур памяншаць, — разважае ён. — Час запасацца насеннем траў, устойлівых да засухі.

Га­лоў­ны аг­ра­ном ААТ «Мурава» Мі­ха­іл ГАЎ­РА.

Гэтая вясна была ранняя, аднак зацяжная, хоць узімку заўжды хочацца раней пачаць апрацоўваць палі, працягвае наш суразмоўнік:

— Мы выйшлі ў поле ўжо ў пачатку сакавіка, бо дазволіла тэмпература. У азімых на той момант пачалася вегетацыя, іх трэба было падкарміць азотнымі ўгнаеннямі. Аднак як толькі мы гэта зрабілі, пахаладала.

У выніку на асобных палях раслінам харчавання не тое што не хапіла, а некаторыя літаральна «засталіся галодныя», бо ўгнаенне проста выдзьмула з глебы, яно не паспела насыціць зямлю. Як пацяплела, расліны акрыялі. Але тут яшчэ адзін пагодны момант. Дажджоў у гаспадарцы на момант нашага прыезду не было больш як месяц, і ўся вільгаць, якая захавалася за зіму, скончылася.

— Вось калі вясна не толькі ранняя, а і тэмпература паступова павышаецца, то гэта добра. Калі пойдуць дажджы, то сітуацыя выправіцца. У нас пазаўчора і ўчора пылавыя бураны былі. Так што глеба ўсё больш падсыхае. Цяпер азімыя ўжо збіраюцца выходзіць у трубку. Ранняя вясна сёлета павялічыла вегетацыйны перыяд раслінам, адпаведна, павінен быць большы ўраджай, — мяркуе аграном. — Летась ў чэрвені гаспадарку накрыла засуха, вегетацыйны перыяд скараціўся, і колас быў недаразвіты. У выніку мы недабралі трэцюю частку ўраджаю — атрымалі 5000 тон замест запланаваных 8000.

Алена ЛАПЫКА, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама, у ранняй вясне таксама пакуль бачыць больш мінусаў, чым плюсаў:

— З зімоўкі выйшлі з мінімальным запасам вільгаці. А цяпер вецер і высокая тэмпература. Ветрам задуваюцца пасевы буракоў, якія, магчыма, зусім загінуць. Збожжавыя ўсходы і рапс пакуль трымаюцца нармальна. Галоўнае — дачакацца дажджу.

Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама  Алена ЛАПЫКА.

Яшчэ адна яскравая прыкмета анамальнай вясны ў гаспадарцы — ніводзін калёсны трактар сёлета ні разу не захрас у полі, хоць раней нават гусенічныя выцягваць з раллі часам прыходзілася. Аднойчы, кажуць, «Кіраўца» нават верталётам ратавалі, дадае Аляксандр МАРКЕЧКА, намеснік дырэктара ААТ «Мурава», які быў нашым праважатым падчас усёй паездкі.

Добраўпарадкаванне, спорт і механізацыя

У вольны час паміж пасяўной і ўкосам у гаспадарцы сёлета заняліся «капітальным добраўпарадкаваннем». Мала таго што ўпрыгожылі тэрыторыю, дык яшчэ і ў майстэрнях паставілі тэнісны і більярдны сталы, ёсць дартс, шахматы ды шашкі. Тыя, хто не ходзіць на абед дахаты, адпачываюць тут. Тым больш што дырэктар «Муравы» ні цукру, ні гарбаты для работнікаў не шкадуе. Усё гэта купляецца ў агульнае карыстанне ў майстэрні ды на фермы.

Добры адпачынак натхняе і на спартыўныя дасягненні. Па перацягванні канатаў камандзе гаспадаркі дагэтуль няма роўных. А мясцовая сандружына каторы год трымае першае месца ў раёне. Нават на спаборніцтвах па вобласці пазалетась яны таксама ўзялі першае месца, аднак адмовіліся ад яго, бо не было часу на ўдзел у рэспубліканскіх спартыўных баталіях.

— У нашу сандружыну ўваходзіць шмат спецыялістаў, якія заўжды патрэбны на месцы. А на спаборніцтвы ў межах краіны трэба пару тыдняў. На такі час мы не маглі сабе дазволіць кінуць гаспадарку, — растлумачыў Віталь БЕРАЗНЮК, загадчык рамонтных майстэрняў.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі машыннага двара ў час суботніка

У майстэрнях працуе шмат тых, хто прайшоў праз мясцовы каледж. Загадчык, напрыклад, таксама яго выпускнік, пачаў работу ў гаспадарцы яшчэ з вучэбнай практыкі.

Яўген ШУМСКІ, студэнт 4-га курса каледжа, адзін з цяперашніх практыкантаў, вучыцца на тэхніка-механіка. Калі не падасца атрымліваць вышэйшую адукацыю, плануе застацца на работу тут:

— Стаўленне добрае. Нам давяраюць розныя работы, што датычацца рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, многаму вучымся тут як памочнікі слесара.

Сяргей МАРОЗ, інжынер па забеспячэнні, працуе ў гаспадарцы з зімы. Сам ён мясцовы, пасля каледжа ў Пінску скончыў сельгасакадэмію ў Горках. Але вярнуўся на радзіму.

— Дадому цягне. Тут усё звыкла, і работа неблагая, і калектыў добры, усе знаёмыя, — тлумачыць ён.

— Яны тут падтрымаюць нешта, там паназіраюць, і ўжо ў яго ў памяці нешта застанецца, і будзе навука, што з чаго складаецца, — заўважае загадчык майстэрняў.

Малако ды сенажаці, зубры ды бабры...

Па традыцыі, вырашылі крыху павандраваць па гаспадарцы і зазірнуць у знаёмыя мясціны. На шляху да малочнатаварнага комплексу «Мурава», які каторы год застаецца адным з найлепшых ва ўсім Пружанскім раёне, едзем па ўскрайку лесу. Непадалёк на полі працуюць два трактары, пакідаючы за сабой слуп пылу. Рыхтуюць глебу пад сяўбу кукурузы. Гэта бадай што апошнія работы, якія засталіся ў гаспадарцы.

Сцежак паміж палямі, дарэчы, з часам у гаспадарцы ўсё меншае, а плошча ворных зямель павялічваецца.

— Цяпер тэхніка шыроказахватная стала, таму мы аб'ядноўваем палі паміж сабой. У палёў стала большая контурнасць, а раней яны былі на кавалачкі разбітыя, — кажа Аляксандр Маркечка. — Ды і абкошваць іх амаль не прыходзіцца праз гэта.

Неўзабаве пад'ехалі да малочнага комплексу, статак якога за паўтара года з нашай апошняй сустрэчы павялічыўся да 1000 галоў, а на тэрыторыі з'явілася скульптура залатога цяляці. Як і раней, маладняк тут выпойваюць малодзівам, а абсалютна ўсё малако, якое выходзіць з фермы на малочныя камбінаты, мае вышэйшы клас — «экстра». З тутэйшай прадукцыі, дарэчы, будуць гатаваць «малочку» для спартсменаў Другіх еўрапейскіх гульняў.

— Пагалоўе кожнай групы кароў і рацыён для іх харчавання ўнесены ў праграму сучаснага аўтаматызаванага самаходнага трактара-кормараздатчыка, які на ферме замяніў свайго папярэдніка. Шустрая машына сама загружае сілас і развозіць яго па стойлах у патрэбнай колькасці тройчы ў дзень, — кажа намеснік начальніка комплексу Святлана ЛЕНКАВЕЦ.

На зваротным шляху нібыта на экскурсію трапілі. Наш гід Аляксандр Марчанка расказаў пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, якое ў «Муравы» наладжана з лясніцтвам. Некаторыя калгасныя землі: ворныя і з лесам яшчэ гадоў дзесяць таму адышлі да Нацыянальнага парку Белавежская пушча. На частцы гэтай тэрыторыі адбываецца натуральнае забалочванне. Гаспадарчую дзейнасць тут вядуць толькі бабры, якія актыўна будуюць плаціны.

А вось на ўскрайках лесу, якія цяпер належаць пушчы, за сімвалічную плату мураўчане робяць сенажаці: самі засяваюць, самі скошваюць. А леснікі ведаюць, што тэрыторыя дагледжаная, так што ўсе ў выйгрышы. Праўда, намеснік дырэктара кажа, што, пэўна, летась апошні год засявалі.

— Цяпер тут будуць шматгадовыя травы расці, каб штогод глебу не пераворваць і не засейваць. Зубрам, якія ўладараць у пушчы, трава, дарэчы, не даспадобы, яны больш наш рапс любяць, — смяецца ён.

Літаральна праз хвіліну паказвае на сляды на полі пры дарозе: «Алені прыходзілі шукаць ласункі, не далей як гадзіны чатыры назад. Тут летась кукуруза расла, вось яны і шукаюць рэшткі ў глебе». «А з другога боку дарогі вунь кабаны парыліся», — з веданнем справы кажа наш праважаты.

На гэтым наша чарговае падарожжа ў «Мураву» завяршаецца. А мясцовым застаецца пажадаць, каб хапала адукаваных спецыялістаў і... своечасовага дожджычку.

Ірына СІДАРОК, Алена ДАЎЖАНОК

ФОТА Яўгена ПЯСЕЦКАГА

*На правах рэкламы

*УНП 200027333

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.