Вы тут

Памятаць. І дзяцей навучаць


Беларусь шырока святкавала чарговую, 74-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У часе ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка анансаваў праект “У славу агульнай Перамогі!”


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Кветкі да манумента ўсклалі таксама сыны кіраўніка дзяржавы

Кожны народ — гэта супольная Памяць і Традыцыі. Гэта супольны клопат пра іх пераемнасць, а значыць — і пра нашу агульную будучыню. Таму такая вялікая ўвага надаецца ў Беларусі шанаванню традыцый, зберажэнню памяці пра гістарычныя падзеі.

Адной са знакавых імпрэзаў у святочна-тужлівы Дзень Перамогі стала традыцыйная цырымонія на Плошчы Перамогі ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка 9 Мая ўсклаў вянок да манумента Перамогі. Кветкі ўсклалі й тры сыны Прэзідэнта. У цырымоніі паўдзельнічалі высокапастаўленыя чыноўнікі, кіраўнікі замежных дыпмісій, грамадскіх арганізацый.

Прэзідэнт, як заўсёды ў такі дзень, звярнуўся да суграмадзян з прамовай, заклікаў нас адзіным фронтам змагацца за зберажэнне міру, бо ў сучасных умовах ёсць пагрозы з боку глабальнага тэрарызму, і не толькі. Кіраўнік дзяржавы пры тым згадаў далёкія суровыя саракавыя, “калі ў шэрагах беларускага супраціву змагаліся тысячы антыфашыстаў з еўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі ды нават Германіі”. Цяпер, аднак, у Еўропе такой еднасці няма: “Ідзе ўзмацненне ваеннай прысутнасці на нашых межах. Перакрэслена Дамова аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці”. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: неабходны канструктыўны дыялог з усімі краінамі, “бо мір — гэта жыццё, бо любы мір — гэта лепш, чым гады ліхалецця, якія мы перажывалі не аднойчы”. І мы, зазначыў Прэзідэнт, да такога дыялогу гатовыя.

Кіраўнік дзяржавы называў страшныя адрасы генацыду беларускага народа: Хатынь, Дальва, Азарычы, Шунеўка, Трасцянец… “Вялікая Перамога — безумоўная перамога жыцця над смерцю. І будучыя пакаленні павінны ведаць, якую цану заплаціў наш народ за волю. У імя дабра, міру й справядлівасці. Каб такое ніколі не паўтарылася”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён заклікаў “зберагчы повязь паміж пакаленнямі”, каб “дзеці, унукі, праўнукі праз лёсы воінаў-пераможцаў — сваіх родных і блізкіх, якія адстаялі мір і свабоду — сябе ўсвядомілі часткаю вялікай гісторыі роднай краіны, адчулі боль велізарных страт, ацанілі веліч подзвігу савецкага салдата”.

Прэзідэнт нагадаў, што зберагчы святую памяць пра кожнага ўдзельніка вайны для нашчадкаў — галоўная мэта Усебеларускай акцыі “Беларусь памятае”. У часе прамовы ён анансаваў праект “У славу агульнай Перамогі!”. Сутнасць яго такая. Ва ўсіх раёнах Беларусі з месцаў воінскіх пахаваняў, месцаў гібелі ў гады вайны мірных жыхароў будзе ўзята зямля. Капсулы з ёй, а таксама спісы з імёнамі загінулых 9 Мая 2020 года — у дзень 75‑годдзя Перамогі — змесцяць у нішы Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Плануецца, што ў храме-помніку будзе й музей, дзе зберагуць гістарычную памяць пра кожнага, хто загінуў на вайне. Да праекта, мяркуецца, далучацца й прымежныя тэрыторыі Расіі ды Украіны.

І ў той жа дзень настаяльнік Усіхсвяцкага прыхода, протаіерэй Фёдар Поўны ў размове з журналістамі адзначыў глыбіню й маштабнасць новага праекта “У славу агульнай Перамогі!”. На думку святара, Беларусь заўсёды вызначалася міралюбствам, яна традыцыйна мае паяднальны пачатак. І рэалізуючы такі праект, перакананы Фёдар Поўны, мы зноў пакажам навакольнаму свету, хто мы ёсць — не пахваляючыся, а з годнасцю, з усведамленнем сябе як народа, як нацыі. Святар таксама звярнуў увагу, што 9 Мая — адно з нямногіх святаў, якое паядноўвае ўвесь беларускі народ.

Калі Прэзідэнт пасля ўрачыстай цырымоніі на Плошчы Перамогі традыцыйна гутарыў з журналістамі, у яго запыталі: як жа, на яго думку, зберагчы жывую памяць пра трагічныя, але разам з тым і гераічныя падзеі саракавых гадоў мінулага стагоддзя ў сэрцах юных грамадзян? Адказваючы на пытанне, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: “Нам трэба думаць пра тое, як зберагчы галоўнае, што робіць нас людзьмі. Што арыентавана ў будучыню. І гэта, натуральна, адзін з сімвалаў нашых — Дзень Перамогі”. Ён нагадаў, што таму спрыяе ў тым ліку акцыя “Беларусь памятае”. Ды, вядома ж, акцыя ўсё не захавае: “Трэба кожны дзень дзе-небудзь што-небудзь рабіць — і паказваць гэта дзецям. А лепш за ўсё, і гэта галоўнае, каб дзеці самі рабілі. Год-два таму было маё даручэнне: каб дзеці, школьнікі заняліся помнікамі загінулым. А ў нас жа іх тысячы. І мы да кожнага помніка прыйшлі. Дзеці прыйшлі ды сваімі рукамі іх добраўпарадкавалі. Я па дарозе, пад’язджаючы да загараднай рэзідэнцыі, бачу тыя помнікі, яны прыведзены ў ідэальны парадак. Гэта зрабілі дзеці. Значыць, будуць памятаць”.

Праблема яшчэ, прадоўжыў Прэзідэнт, і ў тым, што “часам дзеці з падачы некаторых дарослых лічаць, нібыта гэта — не наша Перамога. Што мы ледзь не агрэсарамі былі. Тое знаходзіць водгукі ў сэрцах, хай асобных, але нашых дзяцей. Гэта дрэнна. Значыць, каб захаваць памяць, нам трэба самім не забыцца — і навучыць гэтаму сваіх дзяцей”.

Гэта — наша Перамога, і гэта, на думку Прэзідэнта, “здабытак не толькі тых людзей, хто перамог. Яны, вядома ж, галоўныя. Гэта яны прынеслі нам Перамогу. Але гэта наша годнасць, наш здабытак. Гэта й сігнал таго, што мы — нашчадкі тых, хто ўмее перамагаць”.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.