Вы тут

Свяці, алімпійскі агонь!


Факел эстафеты “Полымя міру” асвячае шляхі­-дарогі і знакавыя месцы Бацькаўшчыны.


Эстафета агню ІІ Еўрапейскіх гульняў “Полымя міру”, якая стартавала ў Рыме (Італія) 3 мая, прайшла па тэрыторыях Славакіі, Славеніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы. Удзельнікі эстафеты, несучы алімпійскі агонь, наведалі славутыя месцы тых краін. Алімпійскі агонь быў падняты й на гару Манблан, самую высокую ў Заходняй Еўропе.

12 мая завяршыўся замежны этап шляху — “Полымя міру” прыбыло ў Беларусь. Яго сустракалі на беларуска-польскай мяжы ў міжнародным пункце пропуску “Варшаўскі мост”. Першым беларускім горадам на шляху полымя стаў Брэст. Факеланосцы, а гэта былі вядомыя беларусы, у тым ліку ўраджэнцы Брэсцкай вобласці, пранеслі алімпійскі агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў па вуліцах абласнога цэнтра. Пабываў ён у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, быў спушчаны на ваду Брэсцкага вяслярнага канала. Наперадзе яго чакалі яшчэ пяць гарадоў Брэстчыны: Камянец, Пінск, Мікашэвічы, Баранавічы й Косава.

У Камянецкім раёне 14 мая “Полымя міру” даставілі да Камянецкай вежы, свяціла яно і ў знакамітай Белавежскай пушчы. Сярод знакавых для вобласці месцаў, якія наведвае полымя — Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі й палацава-паркавы ансамбль у Косаве Івацэвіцкага раёна. У Мікашэвічах яго спусцяць у кар’ер Рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Граніт”.

Гэтымі днямі факел мультыспартыўнага форума будзе гасцяваць ва ўсіх абласцях Беларусі: па шэсць дзён у кожнай. 18 мая “Полымя міру” асвеціць гарады Гродзеншчыны, потым будзе Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына, Міншчына. У Мінску яго сустрэнуць 17 чэрвеня. А 21 чэрвеня алімпійскі агонь урачыста запаляць на Нацыянальным алімпійскім стадыёне “Дынама” ў час адкрыцця гульняў.

Віта Зорына

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.