Вы тут

На выставе — як на кірмашы


Нататкі з XXІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”, што напярэдадні Дня друку ў чарговы раз праходзіла ў Мінску.


На выставачным стэндзе — выданні беларускай дыяспары

Даўным-даўно продкі нашыя прыдумалі кірмашы. А было ж там дзе разгуляцца душы! Бо хто ўвесь час працуе — таго й лёс, кажуць, балюча лупцуе. За што?! Мусіць, хоча: каб вочы гора-працаўнік ад зямлі часцей падымаў — на людзей паглядаў, мудрасць (а не толькі бульбу з буракамі!..) збіраў, сабе ў душу зазіраў… На кірмашы ж, як вядома, не толькі гандлявалі-прадавалі, але й жаніхоў-нявестак выглядалі, сяброў сустракалі, за жыццё разважалі, чарачку падымалі… Будучыню супольна стваралі! Ну а сучасная выстава — таксама не проста забава. Там, як па мне, то ўсё цікава! Толькі ж занадта гучная, проста нейкая дэцыбельна-мікрафонная гамана з ранку да цямна — не чуваць нават зблізку… Карацей: практычна нічога й не чуваць, шаноўныя мае. Затое — шмат пабачыць можна. Выставы цяпер — кірмашоў працяг: у нашым часе, у вялікай хаце ды ў сучасным фармаце. То пройдземся па ёй, пад вялікім шатром будынаку-“рамонака” — Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БЕЛЭКСПА” — па мінскім праспекце Пераможцаў, 14. Паглядзім, чым жыве сёння велізарная СМІ-прастора Беларусі, хто ў госці завітаў, і што паказаў.

Вядома ж, ахапіць усё — ніяк не ўдасца. Толькі ўявіце сабе: больш за 400 сродкаў масавай інфармацыі было прадстаўлена! Прама па суседстве са стэндам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, да якога штогод збіраюцца беларусы замежжа, што гасцююць на выставе, працуе стэнд Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яшчэ Наталля Перапечка, мая калега з газеты “Ляхавіцкі веснік”, напісала ў фотарэпартажы: упершыню ў журналісцкім форуме паўдзельнічала дэлегацыя Новасібірскай вобласці. Прэзентаваліся раённыя газеты, выдавецкі дом “Советская Сибирь”, сайт і абласное тэлебачанне. Эх, сам, шкада, не пабачыў. Бо там, у Сібіры, столькі беларусаў! Сама ж Наталля пісала пра ўраджэнца Новасібірскай вобласці Васілія Рудзя, што загінуў пры вызваленні Беларусі 5 ліпеня 1944 года, пахаваны ў брацкай магіле ў Ляхавічах. У інтэрнэце ёсць яе артыкул “Сказ пра сібірскага Васілька”.

Мы сустракаліся з зямлячкай пры стэндзе СМІ Брэстчыны — як добрыя знаёмыя, хоць знаёмыя завочна. З дапамогай Наталлі Перапечкі падбіралі здымкі, калі пісалі летась пра кніжна-культурны фэст на Ляхавіччыне, у Флер’янове. Родавыя карані ў загадчыцы аддзела сацыяльных пытанняў (у дзявоцтве Несцяровіч), якая й вядзе інтэрнэт-сайт “Ляхавіцкага весніка” — з гістарычных мясцін ля Баранавіч: Сталовічы, Загор’е… Па адукацыі — педагог, гісторык, у рэдакцыі з 2012 года. Знайшліся ў нас агульныя знаёмыя, нешта з тэмаў падказалі адзін аднаму, пафатаграфаваліся на святочным фоне. Дарэчы, цікавы, насычаны, да таго ж аператыўны фотарэпартаж Наталлі Перапечкі з выставы можна глянуць тут.

Наталля Перапечка

Пазней пабачыў Наталлю й галоўную рэдактарку газеты “Ляхавіцкі веснік” Вольгу Барадзіну на цырымоніі ўшанавання пераможцаў і лаўрэатаў ХV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Літара”. Радуюся за землякоў: сам у 70‑я пачынаў шлях у журналістыку з публікацый у “Будаўніку камунізму”, традыцыі якога прадаўжае “ЛВ”. Уявіце сабе: на конкурс падалі больш за 330 заявак з усёй краіны! І ляхавіцкая, мая родная раёнка прызнаная лаўрэаткай: у намінацыі “Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі”. А Вольга Барадзіна ўдастоена лаўрэацкага звання ў намінацыі “Лепшы рэпарцёр раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ”. Віншую!

Вернемся, аднак, на выставу. Яшчэ раней, чым дайшоў я да стэнда Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, на якім звычайна прадстаўляюцца СМІ, выданні беларусаў замежжа ды розных нацыянальных суполак Беларусі, мы віталіся з Жаннай Раманоўскай. Журналістка, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса й тамтэйшай суполкі “Уздым” прадставіла зямлячку з Чарнігава. “Рэкамендавала мне паехаць на Бацькаўшчыну Галіна Варажбіт, кіраўніца нашай беларускай суполкі “Сябры”, — прадставілася Людміла Пархоменка, галоўны рэдактар Чарнігаўскай абласной газеты “Деснянська правда”. — Сама я — беларуска па родавых каранях, аднак малою была, калі бацькі перасяліліся на Чарнігаўшчыну. Моцныя повязі з зямлёй продкаў — не губляю”. Спадзяемся на супрацу, спадарыня Людміла!

Парадавалі добрымі навінамі нашы няштатныя карэспандэнты з Нарвы — Людміла Аннус і Віктар Байкачоў. Яны йдуць у ногу з часам — актыўна карыстаюцца інтэрнэтам, маюць свае старонкі ў сацсетках. Нават сувенір прывезлі знакавы: журналісцкая ручка — з флэшкай унутры. А навіна такая: падпісалі яны дамову аб супрацоўніцтве з Смалявіцкім райвыканкамам і тамтэйшым гуртом “Пліса”. Тэкст пра тое — падрыхтуем. Паклон — Людміле з Віктарам ды ўсім няштатным аўтарам “ГР”, без якіх нашая газета была б зусім іншай. Пэўна ж, менш цікавай для беларусаў замежжа.

Ля гэтага стэнда збіраюцца звычайна прадстаўнікі беларускай дыяспары

Пры самім жа стэндзе выступалі-спявалі артысткі з польскай суполкі ў Івянцы, працавалі актывісты ўкраінскай дыяспары. Як заўсёды, салідная дэлегацыя беларусаў Рыгі: Валянціна і Барыс Піскуновы, Іна Олесава, Алёна Лазарава… Спадзяюся, нашы чытачы гэтых рупліўцаў даўно ведаюць. А з Алёнай, якая цяпер кіруе беларускай суполкай “Прамень”, мы гаварылі аб конкурсе даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае й сучаснасць”, які праводзіць Саюз беларусаў Латвіі пры падтрымцы Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка. (Гл.: “З лёсаў тчэцца гісторыя” — ГР, 15.02.2018.) Конкурс збірае штогод шмат удзельнікаў, спрыяе паглыбленню, пашырэнню кантактаў між краінамі, братнімі народамі. Ствараецца ўнікальны Летапіс дружбы — які варта было б алічбаваць, стварыць партал у інтэрнэце. Прычым — з форумам: каб можна было знаходзіць родзічаў, весці дыялог паміж краінамі. Алёна Барысаўна абяцала падумаць. А мы — інфармацыйную падтрымку абяцаем! Хай такі праект будзе першай ластаўкай, каб ладзіць інтэрнэт-масты сяброўства між беларусамі розных краін — на больш салідным узроўні, не проста ў сацыяльных сетках.

Сустрэча з яшчэ адным земляком, і таксама вядомай асобай: Мікалай Ефімовіч. Гэта маскоўскі журналіст, цяпер — старшыня Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы (па руску: ТРО Союза). Тэлеканал можна глядзець у Беларусі, падказаў, на 26‑й кнопцы лічбавага інтэарактыўнага тэлебачання Zala, яшчэ ў дапамогу інтэрнэт ды Ютуб. Цікава, што калега згадаў 1981 год, калі мы, яшчэ практыканты, сутыкаліся з ім у калідорах маладзёжнай газеты “Знамя юности”! А супраца ў нас, гаварылі, цяпер можа быць — у асвятленні жыцця, дзейнасці актыўных беларускіх суполак Расіі, вядомых беларусаў у суседняй краіне. Спадзяюся на працяг сяброўства, Мікалай Аляксандравіч! Добрую надзею на супрацу дае й тое, што, аказваецца, у вядомай беларускай тэлежурналісткі Людмілы Кавалёвай, першай намесніцы старшыні ТРО, дзявочае прозвішча — Ждановіч. Што ж, усе людзі — радня, падсумаваў бы такое супадзенне пісьменнік Уладзімір Ліпскі.

Мікалай Ефімовіч

А тым часам на пляцоўцы “Настаўніцкай газеты” адзначае 25‑я ўгодкі газета “Переходный возраст”. Юнкораў, сяброў выдання — мора! Выступаюць школьныя калектывы з розных месцаў Беларусі. Шкада толькі: добрыя словы, віншаванні амаль тонуць у бакавых дэцыбелах. Але ўсім весела! Каму цікава — загляньце на сайт газеты (якая, дарэчы, кватаравала разам з нашым выданнем да нядаўняга часу на 9‑м паверсе Дома прэсы) — і пераканаецеся: ёсць што святкаваць!

Пакідаю на далей у журналісцкім блакноце цікавыя сустрэчы — не скажаш пра ўсё скарагаворкай! — пры стэндзе газеты “Зорька” (з прыгожымі, творчымі ды вясёлымі людзьмі з вёскі Пятрэвічы Навагрудскага раёна), з супрацоўніцай часопіса “Пралеска” Таццянай Краснічэнка. Спадзяюся расказаць пра іх іншым разам.

Так што — хадзіце на падобныя выставы, паважаныя сябры. Яны, як і кірмашы, упрыгожваюць нашае жыццё: надаюць яму новыя фарбы й сэнсы.

Іван Ждановіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».