Вы тут

Радасць і боль “Прарыву”


Напярэдадні Дня Перамогі ў Беларусі адсвяткавалі 75-годдзе з часу знакамітага прарыву фашысцкай блакады партызанскімі брыгадамі Полацка-Лепельскай зоны. У памяць пра подзвіг землякоў Васіль Шалак, ураджэнец тых мясцін, прапануе стварыць “Зялёны пояс партызанскай славы”.


Другая сусветная вайна вельмі хутка ўварвалася на Беларусь, адыходзіла ж — марудна: баі за вызваленне Бацькаўшчыны ішлі больш за паўгода. Найбольш вялікія страты нёс беларускі народ, калі вогненныя франты пракочваліся па нашых землях (тое пачалося ў Заходняй Беларусі яшчэ ў верасні 1939‑га, потым былі чэрвень-ліпень 41‑га, жорсткія баі за вызваленне БССР у 1943–1944 гадах). Аднак і на акупаванай тэрыторыі вайна збірала ўраджай смерці. Беларусь, як вядома, не здалася на літасць ворагу — яна ваявала, супраціўлялася захопнікам, стаўшы краінай-партызанкай. Яшчэ ў студзені 1944‑га на старонках часопіса “Беларусь” прыводзілася лічба: звыш 100 тысяч партызан. (Пра тое больш падрабязна раскажам у наступным нумары, у тэксце “Адроджаны часопіс “Беларусь”.) Таму, мы ведаем, значныя сілы гітлераўцы вымушаны былі кідаць на барацьбу з масавым партызанскім рухам.

Наколькі жорсткія баі здараліся на партызанскім фронце? Пра больш чым 9000 спаленых карнікамі беларускіх вёсак, у тым ліку й разам з мірнымі жыхарамі, мы памятаем. Пра маштабнасць усенароднай барацьбы можна меркаваць, згадваючы падзеі красавіка-мая 1944‑га ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. Яшчэ на пачатку года ў рэдакцыю напісаў пра іх Васіль Шалак, наш няштатны аўтар з Санкт-Пецярбурга, родам з вёскі Матырына Ушацкага раёна. “Да красавіка 1944‑га партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай зоны былі блакаваныя нямецка-фашысцкімі войскамі ў лесе ля вёскі Матырына (Ушацкі раён), — піша Васіль Іванавіч. — Тая зона займала звыш 3 тысяч квадратных кіламетраў: на мясцовасці гэта чатырохкутнік з бакамі прыклада 60 на 50 кіламетраў. Перыметр да вясны 44‑га — звыш 200 км. Потым кальцо блакады ворагі пачалі сціскаць, і ў красавіку зона займала 40 на 30 км. А на момант прарыву блакады зона была не больш як 10 на 10 км. На пачатку мая 1944‑га партызаны з вялікімі стратамі прарвалі варожае блакаднае кальцо. У гонар подзвігу й быў узведзены Мемарыяльны комплекс “Прарыў” — яго адкрылі ў 1947 годзе”.

А звярнуўся да нас Васіль Шалак з прапановай засяродзіць увагу беларускай моладзі на гераічнай старонцы з гісторыі Бацькаўшчыны. Зямляк прапануе членам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў сувязі з надыходзячым юбілеем Вызвалення Беларусі ад акупантаў распачаць рэальную справу: пазначыць мяжу былой партызанскай зоны. Стварыць “Зялёны пояс партызанскай славы”, высадзіўшы па ёй “выспачкі” маладых дрэў (па 5–10 штук) і ўсталяваўшы мемарыяльныя знакі.

У родзе Васіля Іванавіча таксама былі партызаны, і ягоны дзядзька Алесь загінуў у пару блакады: “Яго паслалі ў разведку ў родную вёску ці можа за якой-небудзь ежай, — згадвае вядомую з дзяцінства сямейную трагедыю Васіль Іванавіч. — Да сваёй маці не дайшоў метраў 300: яго затрымалі немцы. Пасля кароткага допыту вывелі на гарод ля крайняй хаты й расстралялі. Другі ж мой дзядзька, Хведар, таксама партызан, загінуў у дзень прарыва блакады. Нехта казаў, што бачыў, як яго ды яшчэ некалькі партызан паланілі немцы, некуды павялі. А неўзабаве пачуліся аўтаматныя стрэлы. Больш дзядзьку ніхто не бачыў. А мой бацька-партызан, Іван Міхайлавіч, апынуўся ў нямецкім палоне. Нейкая жанчына крычала з плачам, што ён не партызан, а яе муж, што яны — бежанцы, і прыехалі ў гэты лес (Матырынскі лес!) аднекуль з‑пад Глыбачкі. Тая жанчына й выратавала бацьку ад смерці — немцы яго адправілі ў канцлагер. Трапіў аж у Нарвегію: там яму давялося разам з іншымі гаротнікамі працаваць на каменяломні. Вызвалілі вязняў восенню 44‑га савецкія вайскоўцы й адправілі ў Падмаскоўе, у фільтрацыйны лагер. Потым ён праходзіў вайсковую службу ў будбатальёне да 1950 года. Сярод яго ўзнагарод быў і медаль “Партызану Айчыннай вайны” 2‑й ступені. Можна сказаць: пашанцавала!”.

Прапанову аб стварэнні “Зялёнага поясу партызанскай славы” Васіль Шалак выказваў, прэзентуючы ў Вушачах свае кнігі “Роздумы на вясковай лаўцы” і “Роздумья” — тое было ў студзені ды жніўні 2018 года. Ён лічыць: паколькі мяжа былой партызанскай зоны праходзіць па тэрыторыі некалькіх раёнаў, то й патрыятычную акцыю мэтазгодна ўзначаліць камітэту БРСМ Віцебшчыны. У Віцебскі абкам маладзёжай арганізацыі палкоўнік у адстаўцы й звяртаўся на пачатку 2019 года, потым яшчэ раз. На яго думку, варыянты высадкі дрэў могуць быць розныя. Можна, скажам, пазначыць і межы поўнай зоны (220 км), і “зону красавіка” (100 км), і межы зоны непасрэдна перад прарывам блакады (40 км).

У перапісцы з нашым няштатным аўтарам мы выказалі меркаванне: пазначыць дрэвамі 220‑кіламетровы перыметр па ўсёй даўжыні — няпростая справа. Нават калі саджаць выспачкі з 5–10 дрэў праз кіламетр — спатрэбіцца больш за 1000 саджанцаў і больш за 200 мемарыяльных знакаў. А калі пазначыць “перыметр 220” адпаведным чынам толькі пры дарогах? Гэтак жа — і “красавіцкую мяжу” партызанскай зоны: “перыметр 100”. Пачаць жа патрыятычную акцыю можна з “перыметра 40”. Бо 40 ці нават 80 купак дрэў пасадзіць на ім, маючы дэтальна распрацаваны праект “Зялёнага пояса партызанскай славы” — гэта ўжо рэальна. І мы выказалі думку, што найлепш, пэўна, падыдуць тут бярозы ды сосны — “партызанскія сёстры”, а таксама й дубы, як сімвал моцы Беларусі. Але ці “запаліцца” моладзь? Ці падтрымаюць ідэю прадстаўнікі ўлады? Калі так, то дэлегацыі моладзі ад розных раёнаў Беларусі могуць, пабываўшы на Віцебшчыне, у Мемарыяльным комплексе “Прарыў”, заадно пасадзіць “свае дрэўцы”. І потым — як эстафету памяці — перадаваць клопат пра іх юным, хто падрастае… Да таго ж Васіль Іванавіч марыць, каб судакрануліся з партызанскім подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў і маладыя воіны, прызыўнікі, курсанты Ваеннай акадэміі — усе тыя, хто сёння абараняе Айчыну ці рыхтуецца “стаць у строй”.

Сын партызана з гераічнай Вушаччыны, які сам стаў палкоўнікам, добра ведае: патрыётамі не нараджаюцца. Імі становяцца, калі ёсць адпаведныя ўмовы — добрыя настаўнікі, канкрэтныя патрыятычныя справы. У сваіх кнігах Васіль Іванавіч аддае даніну павагі землякам, якія ўмеюць і працаваць, і з ворагам ваяваць. А ягоны зварот да моладзі — гэта жаданне прадоўжыць эстафету памяці. І таму мы падтрымліваем ягоныя патрыятычныя прапановы. І маем надзею: калі ягоная ідэя “Зялёнага пояса партызанскай славы” знойдзе падтрымку ў беларускай моладзі, то, магчыма, і былыя партызаны, дзеці вайны, унукі, праўнукі беларускіх партызан як з Беларусі, так і з усяго свету таксама змогуць у патрыятычнай акцыі паўдзельнічаць. Будуць мець магчымасць уваткаць у Пояс памяці і славы сваю нітачку. Сваё дрэўца. Часцінку сваёй душы.

Мы прапанавалі Васілю Шалаку напісаць пра тое, што вядома пра партызанскую блакаду яму і ягонай старэйшай сястры Аляксандры — яна родам з 1938 года. Чытайце нататкі “Тое страшнае слова: блакада”.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.