Вы тут

Прэзідэнт прыняў даверчыя лісты паслоў 9 дзяржаў


Сёння ў Палац Незалежнасці прыбылі афіцыйныя прадстаўнікі Беніна, Бразіліі, Даніі, Іспаніі, Йемена, Рэспублікі Карэя, Мальты, Славеніі і Уганды, каб перадаць кіраўніку дзяржавы дыпламатычныя дакументы, якія ўручаюцца замежным паслом пры першым паказе і сведчаць яго прызначэнне.


Без дыскрымінацыі і канфліктаў

«Я рады вітаць вас на беларускай зямлі. Гэта — выдатны час года. Вясна заўсёды дорыць станоўчыя эмоцыі і надзею на абнаўленне, перамены, — адзначыў беларускі лідар на сустрэчы з пасламі. — Сімвалічна, што менавіта гэты асаблівы перыяд эмацыйнага ўздыму супаў з пачаткам вашай місіі ў нашай краіне».

Паводле яго слоў, у вясны ў Беларусі ёсць яшчэ адно важнае значэнне. Аляксандр Лукашэнка нагадаў прысутным, што кожны год у маі мы ўшаноўваем ветэранаў і святкуем чарговую гадавіну Вялікай Перамогі над фашызмам. Працягам стане галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці. У гэтым годзе ў ліпені спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нацызму.

«На гэтым гістарычным падмурку мы амаль тры дзесяцігоддзі будуем суверэнную беларускую дзяржаву. За адносна невялікі час наша краіна дабілася многага. Беларусь заняла годнае месца на міжнароднай арэне, здабыла надзейных саюзнікаў, партнёраў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што на беларускай зямлі паслы будуць адчуваць сябе ўпэўнена і ў бяспецы. «Мы па праву ганарымся тым, што ў нас няма расавай дыскрымінацыі, адсутнічаюць разлады і канфлікты на нацыянальнай, рэлігійнай падставе», — дадаў ён.

Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што паслам будзе камфортна ажыццяўляць свае дыпламатычныя функцыі, паколькі асновы нашай знешняй палітыкі — міралюбнасць, шматвектарнасць, узважанасць, паслядоўнасць і прадказальнасць.

І тыя, хто падзяляе гэтыя падыходы, хто прыходзіць да нас з мірам і добрымі намерамі, заўсёды знойдуць у Беларусі разуменне і падтрымку ў рэалізацыі ўсіх канструктыўных планаў і ідэй, рэзюмаваў ён.

Беларусь — за мір і аб’яднанне

«Вам даручана ганаровая і адказная місія — працаваць над развіццём і пашырэннем ўсяго спектру адносін паміж вашымі дзяржавамі і Беларуссю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да паслоў.

На яго думку, сёння надзвычай запатрабавана канструктыўная роля дыпламатыі і дыпламатаў, якія уменнем слухаць і чуць, весці перамовы і знаходзіць кампрамісы, дапамагаюць пераадолець складанасці і рознагалоссі ў міжнародных адносінах.

«У сучасным свеце, які раздзіраецца супярэчнасцямі, неўціхаючымі ваеннымі канфліктамі, гандлёвымі войнамі і санкцыямі, экстрэмізмам і нецярпімасцю, іншымі беспрэцэдэнтнымі выклікамі і пагрозамі, Беларусь мэтанакіравана і паслядоўна прасоўвае мірны і ўсеабдымны парадак дня», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што наша краіна шчыра нацэлена на абнаўленне дыялогу па ўмацаванні мер бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўра—Атлантыцы і Еўразіі. Акрамя таго, мы нацэлены на стварэнне дзейсных механізмаў партнёрства паміж рознымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, фарміраванне спрыяльнага клімату для гандлёвага, эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею на падтрымку з боку дзяржаў прысутных паслоў па гэтых і іншых тэмах ўзаемнага інтарэсу.

Еўра-сектар

Па словах беларускага лідара, мы вельмі шануем адносіны з кожнай з дзяржаў, чые прадстаўнікі сёння знаходзіліся ў Палацы Незалежнасці.

Паводле яго слоў, Данія — перспектыўны партнёр для Беларусі, з якім мы маем намер развіваць больш прадуктыўнае супрацоўніцтва. Агульная для нашых краін задача — падтрымка міру і стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Беларусі важны дыялог з дацкім бокам па гэтых і іншых пытаннях двухбаковага парадку дня, а таксама развіццё кантактаў у галіне гандлю, інвестыцый і энергаэфектыўнасці.

Акрамя таго наша краіна надае вялікае значэнне ўмацаванню супрацоўніцтва з Іспаніяй. «Гэта пацвярджае прызначэнне ў лютым гэтага года першага пасла Беларусі ў Мадрыдзе», — адзначыў ён і выказаў упэўненасць, што аналагічныя крокі з іспанскага боку па адкрыцці паўнавартаснага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску ўмацавалі б адносіны паміж нашымі краінамі.

«Мы здольныя прыкметна прасунуцца ў нашым узаемадзеянні з Мальтай, якая, быўшы адносна невялікай па тэрыторыі, колькасці насельніцтва дзяржавай, гуляе вельмі важную ролю ў Еўрапейскім саюзе, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Упэўнены, што нашы краіны маглі б знайсці нямала кропак перасячэння інтарэсаў, узмацніць палітычныя і дзелавыя сувязі, рэалізаваць сумесныя праекты, у тым ліку з выхадам на рынкі іншых краін».

На думку Прэзідэнта, за апошнія гады нашай краіне ўдалося стварыць салідную базу для развіцця і пашырэння ўзаемнага супрацоўніцтва, сувязяў са Славеніяй, якая неаднаразова на справе даказвала, што з’яўляецца вялікім сябрам Беларусі. «Мы ўдзячныя вашай краіне за падтрымку нашага імкнення да нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Стабільна інтэнсіўны і эфектыўны характар носяць кантакты беларускіх і славенскіх бізнесменаў. Нашы дзелавыя колы гатовыя да новых сумесных праектаў у энергетыцы, фармацэўтыцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і іншых сферах», — дадаў ён.

Паўднёвая Амерыка і арабскі свет

«Адным з прыярытэтаў Беларусі ў Лацінаамерыканскім рэгіёне застаецца развіццё супрацоўніцтва з Бразіліяй. У фокусе двухбаковых адносін — умацаванне палітычнага дыялогу, нарошчванне тавараабароту, стварэнне сумесных вытворчасцей, — сказаў Прэзідэнт. — Разлічваем, што праца пасла будзе садзейнічаць вываду беларуска—бразільскіх адносін на якасна новы ўзровень, які адпавядае патэнцыялу нашых краін».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Йемен традыцыйна уваходзіў у лік асноўных партнёраў Беларусі ў арабскім свеце. Ён са шкадаваннем адзначыў, што кантакты паміж нашымі краінамі былі замарожаныя з прычыны рэзкага пагаршэння ваенна—палітычнай сітуацыі.

«У справе хутчэйшага аднаўлення краіны, вяртання яе да мірнага рытму жыцця Беларусь гатова аказваць дапамогу, забяспечыўшы пастаўкі ўсяго таго, што вырабляецца ў нашай краіне», — дадаў беларускі лідар.

Беларусь адкрыта для далейшага паглыблення ўзаемавыгадных сувязяў з Рэспублікай Карэя, асабліва ў інавацыйных сферах. Аляксандр Лукашэнка запрасіў карэйскіх інвестараў для рэалізацыі сваіх высокатэхналагічных рашэнняў у Беларусі і ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і турызму.
Афрыканскі рэгіён

«У рэгіёне Заходняй Афрыкі разглядаем Бенін ў якасці перспектыўнага гандлёва—эканамічнага партнёра. Інтарэсам нашых краін адказвае больш інтэнсіўнае развіццё супрацоўніцтва і забеспячэнне стабільнага росту эканомікі», — сказаў ён.

Беларусь гатовая прапанаваць Беніну шырокую гаму тэхнікі, спажывецкіх тавараў і харчавання, адукацыйныя паслугі. Прэзідэнт дадаў, што мы чакаем ад бенінскага боку сустрэчных ініцыятыў для сумеснай рэалізацыі.

«Пацвярджаем нашу цікавасць да развіцця ўзаемадзеяння з Угандай. Бачым перспектывы ў наладжванні і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у першую чаргу ў частцы паставак беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, якая добра зарэкамендавала сябе на афрыканскім рынку, а таксама стварэння сумесных вытворчасцей у вашай краіне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь разлічвае на садзейнічанне новага пасла ў рэалізацыі праектаў у іншых сферах узаемнай цікавасці, у прыватнасці па падрыхтоўцы ў Беларусі кваліфікаваных кадраў для Уганды, супрацоўніцтву ў галіне сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, абароны, культуры.

«Разлічваем, што пры вашым актыўным і прафесійным ўдзеле гэта супрацоўніцтва будзе мацнець і дынамічна развівацца, напаўняцца новым якасцю і зместам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Тхэ Чжун Ёль распавёў журналістам, што з часу ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі ў 1992 годзе мы падтрымліваем вельмі дружалюбныя адносіны.

«Адна рэч, пра якую я ўвесь час думаю: я зраблю ўсё магчымае, каб зрабіць нашу дружбу мацней, а супрацоўніцтва — спрыяльным і выгадным для абодвух бакоў», — сказаў ён.

Пасол зноў падкрэсліў, што ён таксама зробіць усё магчымае, каб беларусы зразумелі яго краіну. Таксама ён мае намер знайсці шляхі для больш актыўнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Йемена ў Беларусі па сумяшчальніцтве Ахмед Салем Аль-Вахейшы адзначыў, што гісторыя ўзаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі налічвае многія гады. Ён адзначыў, што бакі будуць выкарыстоўваць гэтую гісторыю ў якасці падмурка для развіцця супрацоўніцтва ў шэрагу сфер — эканоміцы, культуры, адукацыі.

Пасол звярнуў увагу, што ў Йемене зараз мае месца канфлікт, аднак ужо 80 % тэрыторый знаходзіцца пад кантролем урада, жыццё ў гэтых рэгіёнах ужо нармалізавалася. Ён выказаў надзею, што ў выпадку ўстанаўлення міру ва ўсёй краіне магчымасці для супрацоўніцтва Йемена і Беларусі будуць яшчэ больш значнымі.

У рамках знаходжання ў Беларусі плануе правесці шэраг сустрэч з прадстаўнікамі міністэрстваў, БелГПП, каб забяспечыць больш актыўнае супрацоўніцтва паміж дзелавымі коламі.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Славеніі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Бранка Ракавец паведаміў журналістам, што адносіны нашых краін у апошнія гады развіваюцца добра — гэта відаць і па тавараабароту. Аднак ён перакананы, што магчымасці для росту маюцца.

Пасол адзначыў, што хацеў бы бачыць больш беларускіх прадпрыемстваў у Славеніі.

Славенія вядомая сваімі курортамі, ёсць планы па прыцягненні большай колькасці беларускіх турыстаў у гэтую краіну. "У нас дастаткова добры вопыт у гэтым полі, прыблізна 15 добрых курортаў, якія наведваюць турысты з Беларусі, Расіі, іншых дзяржаў на працягу лета", — дадаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.