Вы тут

20 гадоў таму пачаў дзейнічаць Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі*


Новыя тэхналогіі патрабуюць звышдакладных вымярэнняў

2019 год юбілейны для беларускай метралогіі. 29 лютага 1924 года была створана Беларуская палата мер і вагаў. Але сёлета акрамя 95-годдзя метралагічнай службы краіны адзначаецца яшчэ адна не менш важная дата. Дваццаць гадоў таму пачаў дзейнічаць Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі. Стварэнне падобнай установы было выклікана неабходнасцю якаснага метралагічнага абслугоўвання патрэб эканомікі маладой незалежнай дзяржавы.


Кіраўнік калектыву інстытута Валерый ГУРЭВІЧ.

— Любая эканамічна развітая краіна павінна мець нацыянальны інстытут метралогіі, які забяспечвае ўзаемасувязь і перадачу адзінак велічынь рабочым сродкам вымярэння, падтрымлівае нацыянальную эталонную базу, забяспечвае зверку нацыянальнай эталоннай базы з эталонамі адзінак велічынь, якія выкарыстоўваюцца ў Міжнародным бюро мер і вагаў і нацыянальных метралагічных інстытутах вядучых замежных краін, — адзначае дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Валерый Гурэвіч.

Сёння гэтая вядучая ў краіне арганізацыя ў галіне метралогіі ахоплівае розныя сферы: заканадаўчую, тэарэтычную і прыкладную. Тут праводзяцца навукова-даследчыя работы, распрацоўваюцца і вырабляюцца эталоны і стандартныя ўзоры; выпрабоўваюцца, праходзяць метралагічную атэстацыю, паверку і каліброўку сродкі вымярэння; праводзяцца высокадакладныя вымярэнні і выпрабаванні прадукцыі; ствараюцца тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, даведачныя і метадычныя дапаможнікі; праводзіцца сертыфікацыя прадукцыі, паслуг, персаналу і сістэм менеджменту.

Метралогія вакол нас

Кожны з нас выкарыстоўвае вынікі вымярэнняў. Мы сочым за станам здароўя, а без якасных даследаванняў не паставіць дакладнага дыягназу. У нашых кватэрах стаяць лічыльнікі вады, электраэнергіі, газу, і мы зацікаўлены ў тым, каб не пераплачваць за спажыванне рэсурсаў. Паверка і гэтых прыбораў, і многіх іншых, з дапамогай якіх праводзяцца вымярэнні, ажыццяўляецца метролагамі.

У аддзеле вымярэнняў электрычных велічынь. Вучоныя захавальнікі Ірына ФІЛІПЧЫК, Вадзім ПАПКО і яго намеснік Дзіяна СЕНЦЕМАВА праводзяць чарговыя доследы.

Любая прадукцыя, якая выпускаецца на рынак, павінна праходзіць кантроль як пры распрацоўцы, так і пры вытворчасці, да таго ж яна павінна быць сертыфікаваная. Натуральна, і тут не абысціся без сродкаў вымярэння. Бо ніякі тавар немагчыма прадаць, калі нельга пацвердзіць яго характарыстыкі.

— Метралогіія — гэта адзін з элементаў нацыянальнай бяспекі, — заўважае Валерый Гурэвіч. — Калі мы адказваем за вынікі вымярэнняў, значыць, упэўнены ў якасці і бяспецы прадукцыі і паслуг, правільнасці маніторынгу навакольнага асяроддзя, дакладнай пастаноўцы дыягназу, правільнасці функцыянавання сістэмы абароназдольнасці краіны і гэтак далей.

Да таго ж метралогія вучыць эканоміць рэсурсы і грошы. Напрыклад, важна, каб выкарыстоўваліся аднолькавыя сродкі і методыкі вымярэння, асабліва пры ўліку вялікага аб'ёму энергарэсурсаў (нафта, газ, электрычная энергія). Уявіце, што можа быць, калі розныя краіны тую ж нафту будуць вымяраць пры дапамозе розных сродкаў. Розніца тут можа «выцякаць» у вялікія сумы.

Эталонная мера цвёрдасці паступае ў рабочую зону.

Метралогія павінна падстройвацца пад імклівы рост лічбавай інтэлектуальнай вытворчасці. Так, пры пераходзе да «Індустрыі 4.0» узнікае неабходнасць у атрыманні вялізнай колькасці вымяральнай інфармацыі — каб сачыць за якасцю прадукцыі (і тут важны маніторынг сыравіны, паўфабрыкатаў, дэталяў, гатовых вырабаў), за вытворчымі працэсамі і абсталяваннем. Па сутнасці, у будучыні павінны з'явіцца цалкам аўтаматызаваныя прадпрыемствы. «Аўтаматычны кантроль усіх паказчыкаў дазваляе актыўна ўплываць на яго карэкціроўку, на прывядзенне ў адпаведнасць у выпадку адхілення ад тых патрабаванняў, якія былі закладзены ў дакументацыю. Уласна, і дакументацыя ў дадзеным выпадку будзе прадстаўляць сабой электроннае воблака, дзе ўсё будзе запісана ў адпаведных кодах, — расказвае Валерый Гурэвіч. — Адна з найважнейшых задач для нашага інстытута і іншых метралагічных арганізацый на найбліжэйшыя гады — стварэнне электроннага сертыфіката каліброўкі, яго ўкараненне для таго, каб дыстанцыйна перадаваць усю інфармацыю аб сродках вымярэння. Плюс, наколькі гэта будзе магчыма, правядзенне паверкі, каліброўкі дыстанцыйна, што павінна спрасціць работу прамысловым прадпрыемствам, павысіць дакладнасць вымярэнняў».

Эталоны Беларусі

Намеснік начальніка аддзела геаметрычных велічынь Аліна ГАРАШКОВА.

У Беларусі на сёння распрацаваны і эксплуатуюцца 56 нацыянальных эталонаў, 51 з іх знаходзіцца ў інстытуце метралогіі. Да таго ж на яго базе размешчаны 22 эталонныя ўстаноўкі найвышэйшай дакладнасці і больш за пяць тысяч адзінак эталоннага вымяральнага і выпрабавальнага абсталявання.Такая магутная эталонная база дазваляе ўдасканальваць работы ў галіне метралагічнага кантролю згодна з патрэбамі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны, навукі і інш. Эталоны перадаюць значэнні даўжыні, масы, часу і частаты, тэмпературы, сілы святла, а таксама іншых адзінак у галіне фізіка-хімічных, аптычных, акустычных, электрычных, радыёэлектронных велічынь, вымярэння ціску і расходу, іанізаваных выпраменьванняў.

З лічбавым аўтакаліматарам працуе вядучы інжынер Мікалай ГАЛОЎЧЫК.

Працягваецца работа па стварэнні новых лабараторый. Так, адна з навінак — лабараторыя эталонаў у нанаметровым дыяпазоне вымярэнняў — будзе садзейнічаць развіццю высокатэхналагічных галін прамысловасці. Ствараецца таксама лабараторыя вымярэнняў параметраў дысперсных асяродкаў. Сёння тэхналагічныя працэсы патрабуюць кантролю якасці паветра (напрыклад, у фармацэўтычнай вытворчасці, электроніке, медыцыне).

Развітанне з артэфактам

У гэтым годзе дэвіз Сусветнага дня метралогіі — «Міжнародная сістэма адзінак. Фундаментальна лепш». З 20 мая ўступіла ў сілу рэзалюцыя, прынятая летась у Версалі на 26-й Генеральнай канферэнцыі мер і вагаў, дзе збіраліся метролагі каля ста краін, у тым ліку і Беларусі. У выніку шматгадовага актыўнага супрацоўніцтва нацыянальных метралагічных інстытутаў і Міжнароднага бюро мер і вагаў было прынята рэвалюцыйнае рашэнне — змяніць вызначэнні для асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (SІ): кілаграма, ампера, кельвіна і моля.

— Мы нарэшце адмовіліся ад апошняга артэфакта. Так, да 20 мая 2019 года ім з'яўляўся кілаграм (плаціна-нікелівыя гіры, што захоўваліся ў горадзе Сеўр пад Парыжам і лічыліся сусветным эталонам). Цяпер сістэма адзінак будзе апісвацца з дапамогай фундаментальных канстант. Так, у новай сістэме маса будзе выражацца праз пастаянную Планка, — тлумачыць дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Валерый Гурэвіч.

Новы падыход палегчыць практычнае выкарыстанне сістэмы SІ. Без надзейных і пастаянных вызначэнняў адзінак вымярэнняў сёння, пры імклівым развіцці тэхналогій, не абысціся. Пераход да лічбавай эканомікі прадугледжвае рост патрабаванняў да дакладнасці вымярэнняў, удасканалення паверачнай базы і метадаў кантролю.

Праўда, напачатку рэвалюцыйныя змены заўважаць толькі вузкія спецыялісты. Але ці адаб'юцца яны на жыцці звычайнага чалавека? У найбліжэйшай будучыні мы можам стаць сведкамі новых адкрыццяў. Перавызначаныя адзінкі вымярэнняў даюць новыя магчымасці для развіцця і ўкаранення інавацыйных рашэнняў і тэхналогій у навуцы і прамысловасці. Напрыклад, больш дакладнае вымярэнне тэмпературы дапаможа ўдасканаліць маніторынг і прагназаванне кліматычных змен. Без звышдакладных вымярэнняў немагчыма далейшае развіццё мабільнай сувязі і навігацыйных сістэм, інфармацыйных тэхналогій, прасоўванне так званых разумных гарадоў.

Наогул, у найбліжэйшы час нацыянальная база павінна прырасці яшчэ дзясяткам новых эталонаў. А да 2025 года ў Беларусі будзе функцыянаваць 80—90 дзяржаўных эталонаў.

Варта адзначыць такі важны момант, як міжнароднае прызнанне нашых эталонаў, якія праходзяць зверку з эталонамі іншых краін. Так, у базе Міжнароднага бюро мер і вагаў KCDB BІMP апублікавана 248 пазіцый аб найлепшых вымяральных магчымасцях (СМС-звестках) Беларусі. Інстытут экспартуе паслугі па каліброўцы, паверцы сродкаў вымярэння (сярод заказчыкаў — як краіны СНД, так і далёкага замежжа).

Карэспандэнты «Звязды» змаглі на ўласныя вочы ўбачыць некаторыя з нацыянальных эталонаў.

У аддзеле вымярэнняў ціску і расходу. Вучоны захавальнік Андрэй КАЛОШЫН і яго намеснік Сяргей ФРАСІНЮК рыхтуюць абсталяванне.

Эталоны — гэта складаныя тэхнічныя комплексы, стварэнне кожнага з іх доўжыцца каля трох гадоў. Вузлы і дэталі для іх па замовах метролагаў могуць вырабляцца на розных прадпрыемствах. Так, вядучы інжынер-метролаг Андрэй Калошын прадставіў нам эталон адзінак масавага і аб'ёмнага расходу вадкасці (вады): «Гэта штучны выраб, эталон ствараўся работнікамі інстытута, а таксама пры дапамозе другіх арганізацый Беларусі, асобныя вузлы замаўляліся за мяжой. Пад нашы патрэбы распрацоўвалася праграмнае забеспячэнне. Пры зверках эталон паказаў высокія вынікі. Тут павяраюцца высокадакладныя прыборы, якія выкарыстоўваюцца ў нафтавай прамысловасці, у харчовай вытворчасці, напрыклад на малочных і спіртзаводах».

УНП 100055197

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Крок у будучыню

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.