Вы тут

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»


Першы раз пасля нараджэння сына, а другі пасля дыскваліфікацыі, у якой Насця не разабралася і да гэтага часу. Перад Алімпійскімі гульнямі 2016 года ў Рыа яе адхілілі ад спаборніцтваў на два гады. Анастасія сцвярджае, што не прымала нічога забароненага, а гэтая сітуацыя подлая падстава зацікаўленых асоб. «Прыбіралі канкурэнтку, якая магла пазбавіць медаля іншую краіну», — кажа яна. Крыўдна да слёз было і таму, што перад Рыа-2016 беларуска была ў сваёй найлепшай форме і дакладна заваявала б там медаль. У дзень правядзення фіналу спаборніцтваў па скачках у даўжыню ў Бразіліі Мірончык-Іванова скакала на мінскім стадыёне РЦАП па лёгкай атлетыцы, на трыбунах з кветкамі сядзелі яе сябры. Там у сваёй найлепшай спробе Насця паляцела за сем метраў, гэты вынік на Алімпіядзе ў Рыа прынёс бы ёй «серабро»...


Анастасія разам з мужам (адначасова трэнерам) і сынам.

Адбыўшы дыскваліфікацыю, Анастасія знайшла ў сабе сілы і працягнула ісці да сваёй мары, побач з ёй трэнер Сяргей Іваноў, ён жа муж, і сын Глеб. У тым ліку дзякуючы іх падтрымцы спартсменка пасля складаных перыядаў у сваёй кар'еры змагла зноў паказаць медальны вынік і ў сакавіку на чэмпіянаце Еўропы ў закрытых памяшканнях у Глазга заваявала сярэбраную ўзнагароду. У сваім інтэрв'ю Анастасія расказала, чаго варта было яе вяртанне і як удаецца сумяшчаць вялікі спорт з роляй добрай маці і жонкі.

«Спадзяюся, усё атрымацца»

— Анастасія, ужо пачаўся летні сезон, якія старты будуць прыярытэтнымі для вас сёлета?

— Першы этап Брыльянтавай лігі ўжо стартаваў, але мы вырашылі яго прапусціць, не бачу сэнсу так рана пачынаць спаборніцкі сезон, бо чэмпіянат свету толькі ў кастрычніку, пік формы перанясём туды. У Брыльянтавай лізе пачну выступаць 6 чэрвеня, далей — Еўрапейскія гульні, матчавая сустрэча Еўропа — ЗША і чэмпіянат свету.

— Калі ацэньваць пройдзены зімовы сезон, задаволеныя сваімі вынікамі?

— Так, мы меркавалі, што я буду набліжацца да сямі метраў. Аднак я максімалістка, крытычна стаўлюся да сябе і сваіх скачкоў, таму ёсць да чаго імкнуцца. Па-першае, «серабро» зімовага чэмпіянату Еўропы пасля доўгага непрыемнага перапынку, гэта нядрэнны вынік, а па-другое, мне прыемна, што медаль парадаваў усіх маіх балельшчыкаў, тых людзей, якія ўкладвалі ў мяне сілы і верылі.

— Наколькі сур'ёзным стартам для вас стануць Еўрапейскія гульні?

— Кожнае спаборніцтва па-свойму сур'ёзнае, да ўсіх турніраў трэба падыходзіць адказна, асабліва калі яны праходзяць дома. Уся краіна прыйдзе за цябе хварэць, у тым ліку бацькі і сябры, не хочацца іх засмучаць. Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы адбудуцца ў новым фармаце, свае нюансы будуць і ў скачках у даўжыню.

А наогул, для нашай краіны гэта вельмі важныя спаборніцтвы, турнір вялікага маштабу, дзе трэба заявіць пра сябе, каб у свеце ведалі, што такое Беларусь, прыязджалі да нас на зборы і спаборніцтвы. Хай тут пабудуць турысты, спартсмены, паглядзяць, якія моцныя ў нас атлеты, добрыя ўмовы, якая прыгожая прырода, людзі.

— Што датычыцца чэмпіянату свету ў кастрычніку, якую адзнаку хацелася б там скарыць?

— Канкрэтных лічбаў не назаву, але, каб трапіць у тройку, трэба скакаць за сем метраў, гэта ўсе разумеюць. Зараз ідзе базавая падрыхтоўка, таму не хачу нічога планаваць. Зімовы сезон паказаў, што вынік 6,93 м мае на ўвазе далёкія скачкі летам, але як яно пойдзе... Веру ў сябе і ў свае сілы. Спадзяюся, усё атрымацца.

«Я адчула, што буду скакаць далёка»

— Ваш максімум зімой 6,93 м, летам 7,22 м. Калі пачыналі займацца скачкамі, марылі пра такія лічбы?

— Да гэтага часу памятаю свой першы старт, гэта быў юнацкі чэмпіянат свету ў Афрыцы, у Маракешы. Трэба было выканаць кваліфікацыйны адбор, дзе я скокнула 6,20 м і стала на гэтым чэмпіянаце восьмай. Потым удзельнічала ў розных матчавых сустрэчах, недзе перамагала, але калі шчыра, пра тое, ці змагу скокнуць 7 м, тады нават не думала. Калі ў юніёрах перайшла да Юрыя Вікенцьевіча Маісевіча, пачалі сур'ёзна працаваць, ведалі, чаго мне не хапае, у чымсьці дадавалі. Больш дарослыя вынікі прыйшлі недзе ў момант пераходу з юніёраў у моладзь, я адчула, што буду скакаць далёка.

— Ваш тата настаўнік фізкультуры, ён адыграў важную ролю ў станаўленні Анастасіі як лёгкаатлеткі?

— Ён сыграў вельмі важную ролю ў маім жыцці ў цэлым, не заўсёды бываюць такія бацькі. Займаўся мной з самага дзяцінства, мы хадзілі на лыжах, падцягваліся, выязджалі на роварах. Фізкультуру ён у мяне не вёў, а вось яго калега і сябар заўважыў ува мне даныя спрынтара і тое, што я далёка скачу, вырашыў запісаць у спартыўную школу. Я прыйшла на першую трэніроўку да Анатоля Анатолевіча Караневіча, спытала, колькі разоў на тыдзень трэба займацца. Ён кажа: «Ну, ты такая маленькая, табе разы тры хопіць». На што я адказала, што не згодная, што буду хадзіць шэсць разоў на тыдзень. Ён паглядзеў на мяне і сказаў: «Ты нам падыходзіш».

«Таго, што вытрымлівае муж, не вытрымаў бы больш ніхто»

— Псіхолагі кажуць, што дзяўчынкі выбіраюць у мужы мужчын, якія падобныя на бацькоў...

— Нават не ведаю, мой тата і муж зусім розныя. Падобныя толькі адным — стаўленнем да дзяцей. Мне здаецца, таго, што вытрымлівае мой муж, не вытрымаў бы больш ніхто. Я трэніруюся, ад'язджаю на спаборніцтвы, а ён увесь час знаходзіцца з сынам. Я ганаруся, што Глеб расце побач з бацькам, ведаю, што ён дапаможа яму ў любы момант.

— Вы пазнаёміліся з будучым мужам яшчэ да таго, як Сяргей пачаў вас трэніраваць?

— Так, мы разам вучыліся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, але адно з адным нават не размаўлялі. Ён скончыў, я працягнула вучыцца, але Сяргей неяк прыйшоў у госці да сваіх сяброў, хлопцы папрасілі мяне падысці, маўляў, са мной там хочуць пазнаёміцца. Мы разгаварыліся, я запрасіла Сяргея на гарбату і зразумела, што знайшла роднасную душу. Ён вельмі добры чалавек. Зараз не часта сустрэнеш мужчын, якія з клопатам і разуменнем ставяцца да жанчын. Калі б муж не быў спартсменам, ён ніколі не зразумеў бы маіх бясконцых збораў, стомленасці пасля трэніроўкі. Бывае, часам хочацца проста прылегчы, а ён памые посуд за мяне. За гэта яму вялікі дзякуй.

— Вы ўжо не раз адзначалі: у тым, што вас трэніруе муж, адны плюсы, але ці не выклікае гэта канфліктаў?

— Усё бывае, што хаваць, як і ў кожнай сям'і, у кожным калектыве, але трэба ўмець пераадольваць розныя моманты. Я вельмі запальчывы чалавек, магу пакрычаць на трэніроўцы, калі мне нешта не падабаецца, а Сяргей умее гэта згладзіць. Тады эмоцыі хутка згасаюць, я разумею, што трэба спыніцца і працаваць, ведаю, што ў першую чаргу гэта трэба мне.

— Сын і муж часта бываюць з вамі і на зборах, і на трэніроўках. Гэта аблягчае ролю жонкі і маці?

— Вядома, я называю Глеба сынам палка, таму што хлопцы з нашай групы дапамагаюць мужу глядзець за ім, калі я дзесьці занятая, раблю практыкаванне. Ладзяць яму нават «дзедаўшчыну», вучаць, як правільна паводзіць сябе па-мужчынску. Яму падабаецца і мне падабаецца, ён шмат ездзіць па свеце разам з намі, мне здаецца, гэта дае яму нашмат большае развіццё. Глеб вельмі актыўнае дзіця, у яго прыроджанае пачуццё гумару. Калі табе цяжка, а тут ён як «адпаліць» што-небудзь, пачынаеш усміхацца, ён часта разраджае абстаноўку. Але з іншага боку не проста, калі прыходзіш з трэніроўкі і адчуваеш сябе вельмі стомленай, усё баліць, не можаш нават устаць з ложка, каб пагуляць з ім. Было такое, што гуляла з дзіцем лежачы. Як у кожнай маці, сілы дзесьці знаходзяцца.

— Глеб ужо кажа пра тое, што хацеў бы стаць спартсменам?

— Вядома, кажа, што хоча быць, як мама, але ў яго пакуль мары ўразнабой, хочацца ўсяго. Пачалі мы з прэзідэнта, скончылі пілотам, што далей будзе — невядома. У любым выпадку мы будзем яму дапамагаць, а выбар за ім. Схільнасць да спорту ёсць, генетыка адыграла сваю ролю, ён далёка скача, хутка бегае, любіць рух, падцягваецца. Я яму кажу: «Глеб, давай мацуй мышцы, будзеш дзяўчатам паказваць». Ён качае — вельмі любіць жаночую ўвагу.

«Абавязак жанчыны — умець гатаваць, сачыць за сабой і выхоўваць дзяцей»

— Вам даводзілася з нуля вяртацца ў спорт двойчы: пасля двухгадовай дыскваліфікацыі і пасля родаў. Калі было складаней?

— Кожная сітуацыя па-свойму цяжкая. Пытання аб тым, ці буду я вяртацца ў спорт, не стаяла, падчас цяжарнасці трэніравалася, не ўпускала ні хвіліны. Другі дом, у якім я нараджала, знаходзіцца насупраць майго дома, я пешшу са схваткамі туды прыйшла з велізарнай торбай, як на зборы. Нарадзіла і на чацвёрты дзень з каляскай пайшла хадзіць па парку хуткім крокам. Потым паволі стала трэніравацца. Пасля родаў цяжэй было фізічна ў тым сэнсе, што ў мазгах у мяне было адно — што я выйду і скокну сем метраў адразу, а мышцы не слухаліся. Працаваць над сабой, напэўна, усё ж такі цяжэй фізічна.

Сітуацыя з допінгам была цяжкай псіхалагічна, там трэба было нагнаць спаборніцкую дзейнасць з саперніцамі, гэта, у прынцыпе, хутчэй. Усе два гады дыскваліфікацыі мы ўсё роўна трэніраваліся, ладзілі свае спаборніцтвы. Сітуацыя для мяне непрыемная тым, што маёй віны няма, гэта жудасна, таму што я вельмі справядлівы чалавек. Я была ў шоку і да гэтага часу не ведаю, ці будзе ў мяне магчымасць даказаць сваю праўду пасля спорту. Ведаю, што гэта вельмі вялікія грошы.

— Вы ўжо адпусцілі гэтую сітуацыю?

— Вядома, мы адразу яе спрабавалі адпусціць, я чалавек не схільны да таго, каб упадаць у дэпрэсію. Непрыемна, што нашых наймацнейшых спартсменаў (я ведаю, што не толькі мяне), выдаляюць.

— У вашай кар'еры яшчэ сустракаліся подласці або падставы?

— Не буду нікога вінаваціць, але было шмат чаго, напрыклад атручванне. Мне здаецца, гэта ўсюды ёсць, не толькі ў спорце. Асабліва жорсткая жаночая зай-
здрасць. Але я не разумею людзей, якія зайздросцяць, бо ўсяго можаш дасягнуць сам, вазьмі ўсё ў свае рукі і таксама скокні. Знайдзі ў сабе сілы стварыць тыя ж умовы, каб у цябе былі тыя ж грошы, вынікі і ўсё астатняе.

— Калі наймацнейшыя спартсменкі застаюцца ў сектары для медальных разборак, часта здаецца, што атмасфера там вельмі напружаная.

— Ідзе гульня нерваў. Ёсць такая спартсменка з Амерыкі Брытні Рыз, яна пачынае з выклікам жаваць жуйку ў сектары, гэта такія амерыканскія штучкі, мне здаецца. Але справа тут нават не ў тым, што хтосьці хоча зрабіць нешта дрэннае, дзяўчаты ў сектары, як актрысы, яны ўваходзяць у вобраз. На самай справе мы не жадаем адна адной зла, а наадварот, падтрымліваем, робім кампліменты.

— Дарэчы, скакухі заўсёды адрозніваюцца сваёй прыгажосцю і прывабнасцю.

— Фігура лепіцца гадамі, цяжкай працай над сваім целам. Вядома, мы стараемся сачыць за харчаваннем, есці правільна, але, напрыклад, у выхадны можам схадзіць у «Макдональдс», не лічу, што, раз у месяц гэта шкодна, на трэніроўках усё згарыць. Напэўна, на падсвядомасці ў жанчын запісана, што, калі выходзіш на вялікую арэну, цябе здымаюць буйным планам, трэба быць прыгожай, вылучацца, таму і да старту большасць дзяўчат робіць макіяж. Абавязак жанчыны — умець гатаваць, сачыць за сабой і выхоўваць дзяцей.

— Дзе чэрпаеце сілы, калі стамляецеся і эмацыянальна і фізічна?

— Мы вельмі любім прыроду, асабліва нашу, беларускую. Па дарозе ў Слуцк, мой родны горад, ёсць вельмі прыгожыя возера і лес, набіраемся сіл там, ходзім з сябрамі на шашлыкі, з дзіцем у забаўляльны цэнтр.

— Часта бываеце ў родным Слуцку?

— На жаль, не, ад сілы раз у месяц, а то і радзей.

— Вы змагаецеся, каб у родным горадзе з'явіўся лёгкаатлетычны стадыён?..

— Так, і ўжо ёсць вынік. 90 працэнтаў, што ён там з'явіцца, хоць бы дарожкі з пакрыццём для дзяцей. Горад вялікі, быў перыяд, калі мы там трэніраваліся, дзеці цягнуліся да нас, бегалі з намі размінку, і ведаеце, там вельмі шмат талентаў, але няма ўмоў. Не хацелася б, каб дзеці ў такім узросце займаліся незразумела чым, лепш няхай ідуць у спорт, тым больш лёгкая атлетыка ў нас бясплатная. Для мяне гэтая ініцыятыва важная, таму што хачу, каб менавіта са Слуцка прыходзілі спартсмены і дамагаліся выніку. Там працуе мой тата, мой першы трэнер, ён адбірае дзяцей майму мужу, добра, каб сфарміравалася такая сістэма.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.