Вы тут

Вінтажны Ролс-Ройс і архітэктура Лангбарда


«Звязда» не так даўно пісала пра брытанскага архітэктара Цзыўая Со, які спраектаваў Беларускую мемарыяльную капліцу ў Лондане, і пра тое, што яна была прызнана адным з найпрыгажэйшых будынкаў Еўропы. А зусім нядаўна стала вядома, што архітэктар узяўся за новы праект, таксама натхнёны нашай краінай. Ён прыдумаў новы павільён для найстарэйшага ў свеце дылера і рэстаўратара вінтажных аўтамабіляў «Ролс-Ройс» і «Бэнтлі». Будынак новага галаўнога офіса кампаніі размесціцца ў Сюрэі (Вялікабрытанія). Збудаванне ўзвядуць у індустрыяльным раёне, які ўзнік у 1920-х гадах. І на тое, які яно будзе мець выгляд, Цзыўая Со натхніла архітэктура Іосіфа Лангбарда 1920-х гадоў, якую ён убачыў (занатаваў, замаляваў) у Мінску.


— Я быў у добрым сэнсе ўражаны канструктывісцкімі будынкамі, якія бачыў у Беларусі, — расказаў Цзыўай Со нашаму карэспандэнту. — Архітэктуру гэтага стылю (натхнёную супрэматызмам) доўгі час адносілі да спадчыны заходняй мадэрнісцкай школы. Канструктывісцкі і супрэматычны рух разглядалі як найбольш інтэнсіўны і ўплывовы ў архітэктуры XX стагоддзя. Беларусь адыграла важную ролю ў развіцці гэтай ідэі. Віцебск быў эпіцэнтрам, у якім развіваўся авангардызм таго часу, гэты працэс моцна звязаны з такімі гігантамі, як Казімір Малевіч і Эль Лісіцкі.

Новы будынак у Сюрэі спраектаваны такім чынам, каб наведвальнікі маглі бачыць, як рэстаўруюцца вінтажныя аўтамабілі. Госці павільёна будуць перамяшчацца з шоўрума на першым паверсе цераз асобны мост на верхнім паверсе да абліцаваных празрыстым полікарбанатам памяшканняў аўтамайстэрань, дзе змогуць убачыць увесь працэс рэстаўрацыі.

Дызайн аўтамабільнага павільёна з выпуклым закругленым кутом быў натхнёны старым будынкам нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, а таксама старой фабрыкай-кухняй у беларускай сталіцы — дзвюма пабудовамі ў стылі канструктывізму.

Пра­ект па­віль­ё­на для він­таж­ных аў­та­ма­бі­ляў на­тхнё­ны бе­ла­рус­кай ар­хі­тэк­ту­рай Іо­сі­фа Ланг­бар­да.

І гэта яшчэ не ўсе праекты, звязаныя з Беларуссю, якімі на дадзены момант займаецца брытанскі архітэктар. У каледжы Вулфсан Кембрыджскага ўніверсітэта 2 ліпеня адкрываецца яго персанальная выстаўка (будзе працаваць да 22 верасня). На ёй будуць прадэманстраваны многія малюнкі архітэктара, якія ён зрабіў, калі быў у Беларусі, а таксама яго праекты, якія ўжо атрымалі шматлікія ўзнагароды. Арыгінал малюнка вялікага памеру «Слонім, 1941», натхнёны візітамі гэтага творцы ў Беларусь і асабістымі ўспамінамі сям'і Каплінскіх, будзе прадстаўлены публіцы ўпершыню. Матэрыялы і тэмы, звязаныя з Беларуссю, складуць значную частку гэтай важнай экспазіцыі ў прэстыжным каледжы і сусветна вядомым універсітэце. Некаторыя працы пасля завяршэння выстаўкі будуць перададзеныя ў пастаянную калекцыю музея Вікторыі і Альберта.

— Выстаўка прадставіць абраныя малюнкі і чарцяжы, зробленыя мной ад больш ранніх часоў да сённяшняга дня, — расказвае архітэктар. — Праз гэтыя працы можна прасачыць вытокі маіх ідэй — ад самых першых да больш позніх. Я прэзентую і свае больш вядомыя праекты, такія як Беларуская мемарыяльная капліца ў Лондане, а таксама пан-Еўрапейскі мемарыял ахвярам таталітарызму XX стагоддзя ў Бруселі, яшчэ праект вінтажнай аўтамабільнай галерэі і працу для Fank Dale & stepsons і іншыя праекты. Каля 40 працэнтаў прац на выстаўцы маюць адносіны да Беларусі, таксама я ўпершыню пакажу публіцы мае малюнкі, натхнёныя візітамі ў Слонім і асабістымі ўспамінамі пра сям'ю Каплінскіх. Маё сяброўства з імі пачалося з таго, што Сямён Каплінскі (дзядзька Наташы Каплінскай) аднойчы наведаў Беларускую царкву ў Лондане і вельмі ўпадабаў яе — з гэтага пачалося добрае сяброўства.

Цзыўай Со таксама працуе над праектам рэстаўрацыі сінагогі ў Слоніме. Ён заклікае беларускіх архітэктараў далучацца да працы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.