Вы тут

Як моладзь ставіцца да кантрафакту?


Беларусь, па некаторых ацэнках, уваходзіць у дзясятку краін з найбольш лаяльным стаўленнем насельніцтва да кантрафактнай прадукцыі. Гэты сумны факт пацвярджаюць і вынікі даследавання «Маладзёжны брэнд»: маладыя не бачаць нічога ганебнага ў тым, каб парушыць аўтарскае права іншага, пры гэтым вельмі строга аберагаюць сваё. Яны спакойна ставяцца да таго, што ў цэнтры Мінска можна набыць брэнды-паразіты, і самі іх набываюць.

Стаўленне моладзі да кантрафактнай прадукцыі і нелегальнага гандлю аказалася ў цэнтры ўвагі штогадовага сацыялагічнага даследавання «Маладзёжны брэнд», якое праводзіцца Асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» сумесна з Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў БРСМ.

У 2018 годзе ім былі ахоплены больш за 1,2 тысячы беларусаў ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў, якія прадстаўляюць асноўныя тэрытарыяльна-эканамічныя зоны Беларусі. Акрамя сталіцы і абласных цэнтраў, у даследаванне трапілі Светлагорск, Хойнікі, Пінск, Кобрын, Бабруйск, Горкі, Барысаў, Салігорск, Маладзечна, Паставы, Наваполацк, Ваўкавыск, Зэльва, Юрцава, Жамчужны, Дрыбін, Лельчыцы, Сеніца, Станькава і Бераставіца.


Не эканомяць на гаджэтах

— Мы маем на руках багаты аналітычны матэрыял, — падкрэслівае намеснік старшыні асацыяцыі «БелБрэнд» Валянціна ДЫНІЧ. — Даследаванне дапамагае нам скласці агульную карціну наконт таго, як змяняюцца пакупніцкія перавагі спажыўцоў з улікам іх узросту, узроўню адукацыі, месца пражывання, палавой прыналежнасці і сямейнага статусу.

Як высветлілася, большасць рэспандэнтаў знаёмыя з тэрмінамі «кантрафакт» і «кантрафактная прадукцыя» (76 %). Толькі кожны чацвёрты канстатаваў, што ён не ведае ці не можа даць дакладнае вызначэнне гэтым паняццям.

— Калі мне кажуць, што моладзь выбірае кантрафакт па прычыне адсутнасці грошай, я з гэтым тлумачэннем не магу пагадзіцца. У выпадках, калі размова ідзе пра іх здароўе і бяспеку, яны аддаюць перавагу арыгіналу, — падкрэслівае Валянціна Дыніч. — Найбольш крытычна рэспандэнты ставяцца да лекавых сродкаў, харчовых тавараў і біялагічна актыўных дабавак — практычна ўсе ўдзельнікі апытання выбралі ў гэтых катэгорыях арыгіналы. А самае лаяльнае стаўленне да кантрафакту выказваюць у катэгорыях «адзенне» і «абутак». Варта таксама заўважыць, што ў катэгорыі «аўтамабільныя запчасткі» практычна кожны трэці рэспандэнт аддае перавагу кантрафактнай прадукцыі, аднак уласны аўтамабіль ёсць далёка не ва ўсіх, таму гэта меркаванне не абапіраецца на ўласны вопыт.

Удзельнікі апытання гатовы пераплаціць ад 10 да 20 % ад кошту тавару, калі гэта гарантуе ім арыгінальнасць, у катэгорыях «харчовыя тавары», «лекавыя сродкі» і «біялагічна актыўныя дабаўкі». Таксама большая палова рэспандэнтаў гатовы пераплаціць ад 10 да 20 % за арыгінальнасць камп'ютараў, ноўтбукаў і мабільных тэлефонаў.

«Прымальная» якасць і невысокі кошт

Калі даследаваліся ўстаноўкі моладзі на набыццё кантрафактнай прадукцыі, 10 % рэспандэнтаў адказалі «буду набываць» і 30 % — «хутчэй, буду набываць». На арыгінальную прадукцыю арыентаваныя 43 % апытаных, каля 17 % удзельнікаў апытання не змаглі сфармуляваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні.

Асноўным матывам набыцця кантрафактнай прадукцыі моладзь называе больш нізкую цану ў параўнанні з арыгіналам (96 %). Таксама для значнай часткі рэспандэнтаў (68 %) гэта «прымальны ўзровень якасці ў кантрафактнай прадукцыі». Для кожнага трэцяга рэспандэнта мае значэнне даступнасць набыцця кантрафакту ў іх населеным пункце.

Самым распаўсюджаным матывам адмовы ад набыцця падробак удзельнікі апытання назвалі «нізкую якасць кантрафакту ў параўнанні з арыгінальнай прадукцыяй» (78 %). Таксама на гэту ўстаноўку ўплывае папярэдні негатыўны досвед набыцця кантрафактнай прадукцыі (41 %). Кожны чацвёрты рэспандэнт выбірае арыгінальную прадукцыю, паколькі можа сабе яе фінансава дазволіць (маюцца на ўвазе рэспандэнты, якія свядома адмаўляюцца ад кантрафакту).

Сярод моладзі, якая набывае кантрафактную прадукцыю, большая палова рэспандэнтаў карыстаюцца пры гэтым паслугамі інтэрнэт-магазінаў.

Для прадухілення з'яўлення і распаўсюджвання кантрафактнай прадукцыі 19 % апытаных прапанавалі ўзмацніць кантроль на мяжы (мытні), 16 % — зрабіць больш жорсткім заканадаўства ў адносінах да кантрафакту і 12 % — увесці забарону на яе ўвоз у краіну.

Кожны пяты лічыць, што з кантрафактнай прадукцыяй, якая ўжо трапіла ў Беларусь, нічога не трэба рабіць. Столькі ж лічаць, што яе трэба знішчаць. І каля 9 % удзельнікаў апытання выказалі прапанову адпраўляць кантрафакт назад па месцы яго вытворчасці.

Па фільмы і музыку... у інтэрнэт

А як моладзь ставіцца да брэндаў-паразітаў? Значная частка рэспандэнтаў канстатавалі, што набывалі падобныя тавары, паколькі пераблыталі іх з арыгіналам (43 %). Кожны трэці ніколі не набываў прадукцыю брэндаў-паразітаў, а кожны пяты — рабіў гэта свядома.

Сярод маладых людзей, якія набывалі калі-небудзь прадукцыю брэндаў-паразітаў, кожны трэці быў задаволены іх якасцю, а не задаволены — кожны пяты. На думку кожнага трэцяга рэспандэнта, імітацыя арыгінальнага брэнда дапушчальная, калі яна не шкодзіць рэпутацыі арыгінальнага брэнда (32 %). Таксама для 30 % маладых людзей імітацыя брэнда дапушчальная ў адносінах да пэўных груп тавараў. Толькі 22 % рэспандэнтаў лічаць, што імітацыя брэнда — гэта падман пакупнікоў, а 15 % лічаць яе цалкам дапушчальнай.

У ходзе даследавання таксама высветлілася, што маладыя вельмі лаяльна ставяцца да інтэрнэт-пірацтва (сярэдні бал — 4,8 па дзесяцібальнай шкале). Большасць апытаных ведаюць, што існуе юрыдычная адказнасць за парушэнне аўтарскіх правоў, але 20 % пра падобную адказнасць не чулі.

Цікава, што большасць рэспандэнтаў ніколі не задумваліся, што яны парушаюць аўтарскія правы, калі карыстаюцца пірацкай прадукцыяй у інтэрнэце. Увогуле моладзь усведамляе нелегальнасць бясплатнага спампоўвання ліцэнзійнай прадукцыі ў сеціве, аднак на практыцы не збіраецца адмаўляцца ад падобнага спосабу набыцця кантэнту.

Сярод галоўных прычын, якія ўплываюць на распаўсюджванне інтэрнэт-пірацтва, удзельнікі апытання называюць наяўнасць у карыстальнікаў сеціва ўстаноўкі на бясплатнае набыццё кантэнту (68 %) і нежаданне плаціць вялікія грошы за ліцэнзійную прадукцыю (65 %). І толькі нязначная частка рэспандэнтаў указалі на немагчымасць атрымання ліцэнзійнага кантэнту з-за шэрагу тэхнічных, геаграфічных і іншых момантаў.

Найбольшай папулярнасцю ў маладых людзей пры спампоўванні з інтэрнэту карыстаюцца фільмы (толькі 5 % заявілі, што яны гэтага не робяць, 2 % не змаглі дакладна сфармуляваць свой адказ). Большая палова апытаных прызналіся, што спампоўваюць фільмы часта або часцей, чым іншы кантэнт. На другім месцы ідзе музыка — яе актыўна спажываюць 44 % рэспандэнтаў. Таксама ахвотна моладзь спампоўвае кнігі. А радзей за ўсё — гульні і праграмнае забеспячэнне.

Прафілактыка ці забароны?

Між іншым, асацыяцыя «БелБрэнд» запускае новы праект «БелБрэнд аўдыт», накіраваны на абнародаванне інфармацыі аб наяўнасці кантрафактнай прадукцыі ў Беларусі і ацэнку эканамічных наступстваў нелегальнага гандлю і падробкі айчыннай прадукцыі. На рэсурсе плануецца размяшчаць інфармацыю аб наяўнасці кантрафактнай прадукцыі па розных катэгорыях: адзенне, абутак, лекі, касметыка, прадукты харчавання, гаджэты і г. д. Асацыяцыя заклікае грамадскасць да актыўнага супрацоўніцтва ў напаўненні сайта — паведамляць ім пра выпадкі гандлю кантрафактам.

— Стаўленне да інтэлектуальнай уласнасці, аўтарскіх правоў — адзін з ключавых крытэрыяў пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Таму пазіцыю насельніцтва, у дадзеным выпадку моладзі, трэба кардынальным чынам змяняць, — падкрэслівае Валянціна Дыніч. — Але я ўпэўнена, што толькі забаронныя меры ніколі не змогуць паўплываць на выбар пакупнікоў. Таму мы стараемся знаходзіць спосабы, на якія маладыя людзі рэагуюць пазітыўна: арганізуем для іх выстаўкі, фестывалі, працуем з маладымі рамеснікамі. Стараемся паказаць, што можна самім стаць брэндамі і зарабляць. Працуючы ў прававым полі і абараняючы сваю інтэлектуальную ўласнасць, маладыя людзі, магчыма, перагледзяць і сваё стаўленне да чужых аўтарскіх правоў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Арыгінал ці падробка?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.