Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у саміце ЕАЭС у Нур-Султане


А ў другой палове года Прэзідэнта чакаюць у Казахстане з афіцыйным візітам. Аб гэтым падчас размовы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры заявіў Ермухамет Ертысбаеў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі. Мерапрыемства было прысвечана пазачарговым выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, якія адбудуцца 9 чэрвеня гэтага года.


Адстаўка 19 сакавіка 2019 года першага кіраўніка краіны Нурсултана Назарбаева стала выключнай падзеяй не толькі для сусветнай супольнасці, але і для палітычных дзеячаў Казахстана. Першы прэзідэнт Казахстана вызначыў і свайго пераемніка Касыма-Жамарта Такаева. Сімвалічна, што яго апошні да назначэння афіцыйны візіт на пасадзе старшыні сената быў у Беларусь, дзе ён сустракаўся з нашым Прэзідэнтам і парламентарыямі.

«Трэба зняць любую нявызначанасць», — з такім пасылам прэзідэнт Такаеў аб'явіў будучыя выбары. Чарговае галасаванне павінна было адбыцца ў красавіку 2020 года, але палітычныя эліты разумелі, што з меркаванняў легітымнасці і народнай падтрымкі кіраўніка дзяржавы патрэбна ранейшая электаральная кампанія. «Прычым выбары павінны быць канкурэнтнымі, справядлівымі, свабоднымі і альтэрнатыўнымі», — пракаментаваў пасол.

Касым-Жамарт Такаеў настроены на захаванне пераемнасці стратэгічнага курсу Нурсултана Назарбаева. «А стратэгічны курс Нурсултана Абішавіча быў такі — увайсці ў сярэдзіне стагоддзя ў 30 самых развітых краін свету», — адзначыў пасол Казахстана і дадаў, што не сумняваецца ў перамозе дзеючага кіраўніка дзяржавы.

У якасці кандыдатаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду зарэгістраваныя сем чалавек. Сур'ёзным гульцом кампаніі, на думку пасла, з'яўляецца Аміржан Касанаў, кіраўнік апазіцыйнай партыі «Лёс нацыі». Упершыню ў гісторыі краіны балатуецца на прэзідэнцтва жанчына — Данія Еспаева ад партыі «Светлы шлях».

«Прэзідэнцкая выбарчая кампанія, якая цяпер праходзіць у Казахстане, толькі на першы погляд можа здацца вельмі простай для ўлады», — сказаў Ермухамет Ертысбаеў.

Адказваючы на пытанне журналістаў наконт змены курсу еўразійскага супрацоўніцтва будучым прэзідэнтам, пасол адзначыў, што ў Казахстане не было, няма і не будзе альтэрнатывы еўразійскай інтэграцыі: «Мы ішлі і будзем ісці па гэтым шляху. Мы будзем пашыраць, выводзіць на новы якасны ўзровень Еўразійскі эканамічны саюз. Ён будзе прывабным не толькі для былых рэспублік Савецкага Саюза. Я ўпэўнены, што ХХІ стагоддзе — стагоддзе інтэграцыі». Пры гэтым захаваецца станоўчая дынаміка і двухбаковых адносін Беларусі і Казахстана, тавараабарот паміж якімі ўжо дасягнуў амаль мільярда долараў.

Сачыць за выбарамі ў Казахстане будуць звыш 700 наглядальнікаў, з іх 350 ад АБСЕ. 9 чэрвеня выбарчы ўчастак з 7.00 да 20.00 будзе працаваць у пасольстве ў Мінску. Пасля галасавання ЦВК Казахстана мае сем дзён для вызначэння, апублікавання і рэгістрацыі выбранага прэзідэнта.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.