Вы тут

«Беларусь» у свеце


Сёлета святкуе юбілей — 75-годдзе — часопіс «Беларусь». Як часопіс стаў люстэркам жыцця ў краіне і за яе межамі, якія перспектывы ў выдання, што выходзіць на замежную аўдыторыю, стала тэмай для абмеркавання на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


Часопіс быў створаны ў 1930 годзе. Праіснаваў ён тры гады (да 1933-га), і з-за некаторых як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных гістарычных прычын яго выхад перапыніўся на 11 гадоў. У студзені 1944 года, калі тэрыторыя яшчэ была акупаваная нацыстамі, выйшаў першы нумар абноўленага часопіса «Беларусь» — яго копію можна ўбачыць і сёння. Вярстаецца на трох мовах — беларускай, англійскай і кітайскай. Некаторы час выходзіў таксама на іспанскай і польскай. Многія аспекты палітыкі, эканомікіі і культуры, розныя героі выступаюць як люстэрка сучаснага жыцця Беларусі. І ўсё гэта стварае зусім маленькі калектыў рэдакцыі. Чарговай гераіняй, дарэчы, стала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Сангіта Бахадур.

— Перш-наперш мне вельмі спадабалася інтэрв’ю, якое, на маё здзіўленне, атрымалася такім вялікім і дакладным у перадачы маіх думак. Некалькі нумароў ці іх сканаў я пакажу ў Індыі, — распавяла Сангіта Бахадур. — Мяркую, што для «Беларусі» было б добра выходзіць на асноўных мовах ААН. Наша пасольства магло б выкарыстоўваць часопіс, каб прадстаўляць пэўную дадатковую інфармацыю аб краіне.

Сангіта Бахадур прапанавала накіраваць часопіс у Пасольства Беларусі ў Дэлі, каб выданне можна было распаўсюдзіць у турыстычных цэнтрах Індыі і даваць дадатковыя звесткі тым, хто звяртаецца па беларускую візу. Журналістка і пісьменніца Людміла Рублеўская таксама заўважыла, што ў прэстыжнага часопіса важная місія — прадстаўляць Беларусь у свеце:

— Гэта сугучна з маімі перакананнямі пра тое, што вялікае месца ў гэтым працэсе павінна займаць прэзентацыя нацыянальнай культуры, нашай візітоўкі. У часопісе «Беларусь» высокі прафесійны ўзровень, мастацтвазнаўчая планка. Прыемна і тое, што часопіс па-ранейшаму ўдзяляе шмат увагі літаратуры. Калісьці ў межах выдання існаваў надзвычай важны праект, які даваў магчымасць пазнаёміцца з творамі літаратуры на рускай і беларускай мовах, што пашырала кола чытачоў беларускай літаратуры. Спадзяюся, што і сённяшні фармат дазволіць уключыць літаратурную старонку. Прэзентаваць у свеце кнігу альбо пісьменніка — гэта вельмі важна, — лічыць творца.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.