Вы тут

Не ў цяжар і груз нябесны


Добрае знаёмства заўсёды прыемнае. Дый у памяці застаецца надоўга, а часам і назаўсёды. Асабліва калі гэта датычыцца творчасці пісьменніка, якая адразу прывабіла. Так адбылося ў мяне і з напісаным Сяргеем Трахімёнкам. Не магу сказаць, што з усімі ягонымі трыццаццю кнігамі пазнаёміўся (а выходзілі яны і ў Мінску, і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу...) Аднак шмат якія з іх прачытаў. Пачынаючы з рамана-трылогіі «Игры капризной дамы», які колішняе выдавецтва «Юнацтва» ў 1995 годзе выпусціла ў папулярнай серыі «Бібліятэка прыгод і фантастыкі». Вострасюжэтная проза Сяргея Аляксандравіча ўразіла.


Свайму прызванню С. Трахімёнак не здраджвае сёння. Па-ранейшаму з’яўляючыся прыхільнікам вострай праблематыкі, ён не забывае і пра тое, без чаго не можа быць сапраўднай літаратуры: пра глыбокі псіхалагізм, дзякуючы якому прачытваецца сама душа чалавека, не зважаючы на тое, як жыве, якія ягоныя ідэалы ці ўвогуле іх у яго няма, а то і зусім становіцца на слізкі шлях злачынства. Як сцвярджае Сяргей Аляксандравіч, гэта якраз тое, што ў сукупнасці «дазваляе спадзявацца, што чытач пры любым стаўленні да кнігі дачытае яе да канца».

Несумненна, так будзе і з раманамі С. Трахімёнка «Груз небесный» (вядомае маскоўскае выдавецтва «Веча» выпусціла яго ў серыі «Офицерский роман. Честь имею») и «“Нобелиат”, или Опасные игры» (ён пабачыў свет у трэцім нумары «Роман-газеты» за бягучы год). Несумненна, асабліва прыязнае стаўленне будзе да рамана «Груз небесный». Найперш з радасцю пачнуць чытаць яго тыя, хто ўжо крыху знаёмы з гэтым творам. Згаданы раман яшчэ ў 1988 годзе выходзіў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў часопісным варыянце. Пазней скарочаны варыянт яго з’явіўся ў адным з выдавецтваў Санкт-Пецярбурга. Узнікае заканамернае пытанне: чаму не ў поўным варыянце? Тады рэдактараў рукапісу спалохала сюжэтная лінія, звязаная з распадам СССР і савецкіх Узброеных Сіл. Тое, пра што расказвалася, было ўспрынята праяўленнем празмернай фантазіі аўтара. Маўляў, ён асмеліўся дадумваць тое, чаго ў сапраўднасці не было, дый быць не магло.

Застаецца толькі парадавацца, што гэты твор нарэшце выйшаў у поўным аб’ёме. У тым выглядзе, у якім аўтарам задумваўся і быў напісаны. Хоць не трэба забываць, што, калі б гэта адбылося раней, сацыяльнае гучанне яго было б куды большае, чым цяпер. Аднак відавочна і іншае: гэта магчымасць, што прымушае задумацца, нанава асэнсаваць тыя складаныя працэсы, якія адбываліся ў тагачасным савецкім грамадстве. Істотна і тое, што пры пэўнай аўтабіяграфічнасці сюжэтнай лініі ў творы ўгадваецца і бачыцца шмат таго, што, на жаль, у многім з’яўлялася тыповым для савецкага войска, сведчыла пра тое, што ў краіне не ўсё так добра, як гэта падавала афіцыйная ідэалогія.

Але раман «Груз небесный» — аповед не столькі аб тых далёка няпростых сітуацыях, у якія трапляе прызваны на два гады з запасу ў армію лейтэнант, колькі аб няпростых сітуацыях, якія трэба пераадолець яму як літаратарупачаткоўцу. Рэдактары і выдаўцы сустракаюць ягоныя апавяданні ў штыкі, абвінавачваюць яго ачарненні рэчаіснасці — у дадзеным выпадку армейскай.

Адзін з герояў рамана «“Нобелиат”, или Опасные игры» — таксама пісьменнік. Прозвішча ў яго незвычайнае — Крамар. З-за гэтага ён і трапіў у поле зроку нейкага выдаўца, якому хочацца праз яго зрабіць сабе імя і зарабіць грошы на рэалізацыю праекта «Нобелиат». Між іншым, у аўтарскай рэдакцыі гэты твор С. Трахімёнка называўся «Нобелиат, или Троглы в современном мире».

Чаму набеліят — здагадацца няцяжка. У адной з сюжэтных ліній рамана да Крамара звяртаецца нейкая арганізацыя з прапановай зрабіць яго лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Крамар, хоць і сумняваецца ў магчымасці гэтага, тым не менш, згаджаецца, будучы ўпэўнены, што пры жаданні ў любы момант выйдзе з такога праекта. Толькі аказваецца, што ўсё не так проста, як падаецца на першы погляд. Ад Крамара ўжо мала што залежыць. Выдавец таксама становіцца вязнем абставін.

Ёсць у рамане і яшчэ адна сюжэтная лінія. Сябра Крамара следчы Юнакаў разблытвае справу нейкай маладзёжнай арганізацыі троглаў, якая тэрарызуе жыхароў мікрараёна. У той жа час яны імкнуцца адасобіцца ад сучаснага жыцця, вярнуцца да звычаяў першабытных людзей. Паступова гэтыя дзве сюжэтныя лініі пачынаюць перакрыжоўвацца.

У сюжэтах і першага, і другога раманаў — моцны дэтэктыўны пачатак. Але, перафразуючы вядомае выказванне, можна сказаць: дэтэктыў мне сябра, а сутнасць — у іншым. Прытым у вельмі істотным. Творы гэтыя не толькі пра жыццё ўвогуле (нават не столькі), колькі пра складанасці ў працы пісьменніка. Больш за тое — пра ўздзеянне яе на жыццё грамадства. Ужо гэта сведчыць на карысць і таго, што С. Трахімёнак умела і паспяхова пашырае сюжэтныя магчымасці прозы, нязменным застаючыся ў адным: у аднолькавай ступені ён прыхільнік вострасюжэтнай, дэтэктыўнай літаратуры і адначасова псіхалагічна глыбокай. Таму чалавеказнаўчыя элементы ў яго творах заўсёды не на апошнім месцы.

Знаёмства з раманам «“Нобелиат”, или Опасные игры» падрыхтуе прыхільнікам таленту С. Трахімёнка і прыемны сюрпрыз. Дакладней, тым, хто захапляецца творчасцю пісьменніка Мікалая Шыпілава, з якім Сяргей Аляксандравіч сябраваў. Сутнасць у тым, што ў Маскве выходзіць літаратурна-мастацкі альманах «Человек на Земле», які карыстаецца ў чытачоў вялікай папулярнасцю. Дарэчы, цяпер рыхтуецца да выпуску яго адзінаццаты нумар. Рэдакцыя задумала і серыю «Библиотека журнала “Человек на Земле”».

Прэзентацыя першага выпуску адбылася ў канцы мінулага года ў Цэнтральным Доме літаратараў у Маскве. Называецца гэты выпуск «Шипиловский тракт. Портрет художника на фоне комендантского века». У яго ўвайшлі ўспаміны сяброў і калег цудоўнага майстра не толькі прозы, але і паэзіі, аўтарскай песні, якім і з’яўляўся Мікалай Аляксандравіч. Прадстаўляла выпуск галоўны рэдактар альманаха «Человек на Земле» Таццяна Сурганава. Сярод тых, хто сказаў пра М. Шыпілава, быў і С. Трахімёнак. Зразумела, трапіць у ЦДЛ змаглі нямногія. Затое цяпер з успамінамі Сяргея Аляксандравіча «Друг мой… Коля Шипилов» пазнаёмяцца ўсе, хто прачытае трэці нумар «Роман-газеты» за сёлетні год.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».