Вы тут

Прэзідэнт сабраў нараду па актуальных пытаннях эканомікі


«Традыцыйна па ініцыятыве ўрада мы сёння абмяркуем блок эканамічных пытанняў — бягучых і, калі трэба, на перспектыву. Хацелася б пачуць ад прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў, якая сітуацыя ў нас з экспартам. Натуральна, найважнейшае пытанне — валавы ўнутраны прадукт — які у нас рух у гэтым кірунку?» — спытаў Прэзідэнт.


Беларускі лідар дадаў, што афіцыйную статыстыку па ВУП ведае, таму ён пацікавіўся ў прысутных, на якія паказчыкі ў выніку такой дынамікі наша краіна выйдзе на канец года.

«Але экспарт мяне хвалюе больш за ўсё, таму што гэта валюта, без якой нам вельмі складана існаваць, ды і эканоміцы развівацца таксама», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў агучыць праблемы ў гандлёва-эканамічных адносінах з Расіяй, а таксама пытанні ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам.

«Два асноўных нашых партнёра, нават Еўрапейскі саюз па экспарце зараз апярэджвае Расійскую Федэрацыю», — заўважыў ён і нагадаў абумоўленую формулу па дыверсіфікацыі экспарту: 30% на Расію, 30% — на Еўропу, 30% — на краіны Далёкай дугі. У такім выпадку, паводле слоў беларускага лідара, экспарт можна лічыць дыверсіфікаваным.

«Ну і бягучыя пытанні: нашумелая праблема атрутнай нафты — якая цяпер сітуацыя ў нас у гэтым плане? Я прачытаў даклад і вярнуў яго прэм’ер-міністру. Вы мне больш не пішыце гэтыя даклады, вы проста губляеце час. Мне гэтыя опусы ні да чаго. Трэба два радкі: чаго вы дамагліся станоўчага за апошні час. Навошта вы мне апісваеце ўвесь свой гераізм, з кім вы там сустракаліся, з кім размаўлялі, што абмяркоўвалі, як абмяркоўвалі — мне патрэбен вынік», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Яшчэ адно пытанне нарады — пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі на расійскі рынак.

«Паводле маёй інфармацыі, сёння каля 60 беларускіх прадпрыемстваў поўнасцю або часткова зачыненыя ў сувязі з пастаўкамі на расійскі рынак», — паведаміў кіраўнік дзяржавы. Больш за тое, сёння сітуацыя такая, што Беларусь не выконвае ўжо падпісаныя гандлёвыя балансы па сельгаспрадукцыі, таму што Расія не выконвае свае абавязацельствы. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму ў сувязі з гэтым не прымаюцца меры.

Яшчэ адзін месяц неабходны для канчатковага разліку шкоды ад бруднай нафты 

Аб гэтым па выніках нарады па актуальных пытаннях эканомікі распавёў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас.

Ён распавёў, што пытанне бруднай нафты — адна з тэм, якую прэм’ер-міністр плануе абмеркаваць на пятнічнай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

Сяргей Румас нагадаў пра створаную рабочую групу па дадзенай праблеме і паведаміў наступнае:

«Учора старшыня канцэрна „Белнафтахім“ вярнуўся з Расійскай Федэрацыі, раніцай дакладваў, што практычна ўзгодненая дарожная карта з Расійскай Федэрацыяй. Некаторыя яе пункты ўжо выконваюцца абодвума бакамі, нягледзячы на тое, што яна яшчэ не фармалізаваная».

Ён дадаў, што ў гэтай дарожнай карце сфармуляваны ўвесь пералік мер, які дазволіць вырашыць пытанне адпампоўкі бруднай нафты для аднаўлення транзіту ў бок Заходняй Еўропы.

«Другі блок пытанняў — гэта кампенсацыя Рэспубліцы Беларусь у сувязі са стратамі, панесенымі ў выніку гэтага інцыдэнту, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Сёння, напэўна, рана казаць пра нейкія канкрэтныя лічбы, таму што ўся шкода яшчэ не аблічана беларускім бокам. Гэта працяглы працэс. Мы разлічваем, што для канчатковага вызначэння ўрону неабходны будзе яшчэ адзін месяц».

Сёння асноўная задача — вызваліць транзіт, каб наша краіна магла атрымліваць плату за нафту, якая ідзе праз яе тэрыторыю, дадаў Сяргей Румас.

Пра пастаўкі харчавання

Па тэме паставак харчавання прэм’ер-міністр нагадаў, што ёсць пералік беларускіх прадпрыемстваў, прадукцыя якіх не можа пастаўляцца ў Расію. Аднак Сяргей Румас прапанаваў паглядзець на праблему з іншага боку: сёння запасы па асноўным гандлёвым групам па харчаванні ў Беларусі складаюць ад 20 да 25 %.

«І па некаторых запасах мы практычна наблізіліся да ўзроўню, які неабходны для забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Іншымі словамі, уся сельскагаспадарчая прадукцыя, якая вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь, прадаецца на знешнім або на ўнутраным рынку. Адпаведна, мы будзем працягваць працаваць над тым, каб прадпрыемстваў, закрытых на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, не было. Але з пункту гледжання гандлю гэтымі таварамі ў нас вялікіх праблем няма. Яшчэ раз паўтаруся, што па многіх відах тавараў у нас сёння на складах практычна нічога няма. Уся прадукцыя прадаецца», — падкрэсліў ён.

Магчыма, для абароны нашых інтарэсаў неабходна больш актыўна дзейнічаць на пляцоўцы ЕАЭС?

«Мы спрабуем вырашыць пытанні бар’ераў (а гэта бар’ер для доступу нашай прадукцыі на расійскім рынку), падымаць на ўсіх пляцоўках. Менш, вядома, у СНД, больш — у Еўразійскім саюзе і ў нашым двухбаковым парадку дня», — адзначыў Сяргей Румас.

Ён нагадаў, што на Пасяджэнні Міжурадавага савета ЕАЭС у Ерэване беларускаму боку ўдалося правесці сваю прапанову — і Расія зняла сектаральныя абмежаванні на пастаўку беларускай прадукцыі. Гэта тычылася малака сухога і малака наліўнога ў буйной тары. Паводле слоў прэм’ер-міністра, тады ўдзельнікі дамовіліся, што ні адна з краін не мае права сектаральна зачыняць свой рынак для прадукцыі з іншай краіны.

«Калі ёсць праблемы да нейкага пэўнага прадпрыемства — нашы адпаведныя службы павінны адпрацоўваць механізмы і прымаць меры. Але закрываць цэлы сектар, цэлую галіну ні адна з краін не мае права. І ўсе краіны з гэтым пагадзіліся, а Расійская Федэрацыя адмяніла сваё рашэнне» , - дадаў Сяргей Румас.

Пра ВУП і экспарт

«Што датычыцца росту эканомікі: за 4 месяцы мы маем статыстыку, рост склаў 1,4 %. І гэта, у прынцыпе, адпавядае чаканням урада. Кожны месяц эканоміка дадае, і па паўгоддзі мы павінны выйсці на 1,8 %», — распавёў прэм’ер-міністр.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы на нарадзе раскрытыкаваў урад за нізкія тэмы росту экспарту.

«Мы маем 98 % да мінулага года. Нягледзячы на тое, што сальда лепш, чым у мінулым годзе, ураду прыйдзецца прыняць дадатковыя меры разам з дзяржорганамі для таго, каб нагнаць адставанне ад плана — нашы планы былі 100,5 %. І, вядома, выкананне гэтага задання запатрабуе дадатковых намаганняў ад дзяржаўных органаў », - дадаў Сяргей Румас.

Што тычыцца вядомай формулы дыверсіфікацыі экспарту (30/30/30), на жаль, за першыя тры месяцы бягучага года (за гэты перыяд ужо ёсць статыстыка) Беларусь не прасунулася да такіх аптымальных суадносін. Доля паставак у Еўразійскі саюз па-ранейшаму дамінуе.

«Вырашаючы задачу ў цэлым — павелічэнне экспарту — мы будзем разглядаць у тым ліку і яго таварную і краінавую дыверсіфікацыю», — паведаміў прэм’ер-міністр.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.