Вы тут

Як стужцы трапіць у намінацыю на прэмію «Оскар»


У 2013 годзе на экраны Эстоніі выйшаў фільм «Мандарыны» рэжысёра Зазы Урушадзэ. Гэта простае, глыбокае кіно пра сучасную міжэтнічную вайну, жыццё, смерць і чалавечы выбар. Эстонская стужка была адзначана прэміяй «За найлепшую рэжысуру» на Варшаўскім кініфестывалі (2014 г.), а пасля трапіла ў лік намінантаў прэміі «Оскар» (2015 г.). Прадзюсарам фільма з’яўляецца Іва Фельт — асоба, дзякуючы якой эстонскае кіно робіцца заўважным ва ўсім свеце. У межах кінафестывалю «Паўночнае ззянне» прадзюсар распавёў, як весці оскараўскую кампанію і колькі гэта каштуе.


Кадр з фільма «Мандарыны»

Звяртае стужка да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя (як і айчынны «Хрусталь» Дар’і Жук, які Беларусь хацела бачыць у спісе намінантаў сёлета, але спадзевы не апраўдаліся).

У драме «Мандарыны» няма ніводнага жаночага персанажа, усе ролі выконваюць мужчыны. Пасля развалу некалі вялікай дзяржавы на этнічную радзіму вярнуліся амаль усе эстонцы, якія жылі ў каўказскай вёсцы. Тут засталіся толькі лекар, цясляр і гаспадар цытрусавай плантацыі. Падышоў час збору саспелых мандарынавых пладоў, як нечакана ў паселішча прыйшла вайна, баявыя дзеянні адбываліся літаральна пад вокнамі. У перастрэлцы ацалелі два байцы з розных бакоў фронту: чачэнскі найміт Ахмед і грузінскі добраахвотнік Ніка — яны былі цяжка параненыя. Іх забірае ў свой дом пажылы цясляр Іва. Такім чынам два непрымірымыя ворагі апынуліся пад адным дахам…

Ідэя фільма нарадзілася падчас фестывалю грузінскага кіно ў Эстоніі. Рэжысер Заза Урушадзэ прапанаваў Іва Фельту зрабіць цікавую ваенную драму, каб засталася памяць пра ваенныя часы, якія пакінулі страшныя сляды ў лёсах. Вялікіх поспехаў па прасоўванні фільма на экраны розных краін свету ніхто не чакаў: кіно нацыянальнае. Аднак пасля таго, як фільм паказалі ў Эстоніі і Грузіі, ён патрапіў у Польшчу. Стужка была добра ўспрынята крытыкамі на Варшаўскім кінафестывалі. Акрамя ўзнагароды за рэжысуру, таксама была ўдастоена прыза глядацкіх сімпатый, а пасля абсалютна выпадкова «Мандарыны» ўбачылі ў Амерыцы. Рэжысёру і прадзюсару прапанавалі паўдзельнічаць у намінацыі «Оскар».

— Мы зразумелі, што змаглі дасягнуць прафесійнага поспеху, — расказвае Іва Фельт. — Увогуле, прадстаўляць нацыянальнае кіно ў Амерыцы — гэта не проста мара рэжысёра, гэта перамога. Мы зрабілі складаны і эмацыянальны фільм, праз які хацелі паказаць нашым народам, што ёсць міжнацыянальны канфлікт, а ў нас атрымалася паказаць гэта ва ўсім свеце. Сёння я разумею, што «Оскар» — гэта гісторыя пра выпадак. Безумоўна, тут гаворка ідзе пра добрае кіно. Але ж не ўсе добрыя і якасныя стужкі паказваюць у Лос-Анджэлесе…

Каб стаць намінантам «Оскара», трэба абавязкова ўдзельнічаць у шматлікіх кінафестывалях і быць заўсёды на слыху, адзначыў Іва Фельт. Фільм «Мандарыны» шмат разоў быў прадстаўлены на кінаконкурсах, таму і атрымаў прызнанне. Працягласць кінакарцін (акрамя намінацыі для кароткаметражных фільмаў) павінна быць не меншая за 40 хвілін, а сам фільм не павінен быць паказаны па тэлевізійных каналах да пачатку пракату ў кіназалах.

Спіс намінантаў у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове» («Мандарыны» выпусцілі на рускай і грузінскай) вызначаецца ў два этапы: спачатку журы з некалькіх сотняў членаў Амерыканскай кінаакадэміі ацэньвае карціны, прадстаўленыя для ўдзелу ў конкурсе, і шляхам галасавання складае спіс фільмаў, якія прэтэндуюць на ўключэнне ў намінацыю. На другім этапе група з дзесяці вызначаных сяброў Акадэміі з агульнага спіса фільмаў абірае спачатку пяць намінантаў, а затым і пераможцу.

Дарэчы, каб патрапіць на міжнародны рынак кіно, толькі аднаго фільма як з’явы і кінапрадукту мала. Паводле Іва Фельта, галоўнае — мець зносіны з міжнароднымі сродкамі масавай інфармацыі і весці добрую піяр-кампанію. Напрыклад, фільм «Мандарыны» быў зняты за тры мільёны долараў, а яго кампанія абышлася ў мільён долараў.

Эстонія — краіна невялікая, але ў ёй падтрымліваюць нацыянальнае кіно. У Таліне, дзе жыве чатырыста тысяч чалавек, шэсць кінатэатраў. У кожным ёсць магчымасць паказваць арт-хауснае кіно. Ад гэтага — вялікая цікавасць аўдыторыі і магчымасць для рэжысёраў рабіць фільмы на розны густ. Такая сітуацыя спрыяе таму, што пракат фільмаў адбываецца ў розных краінах свету. Аснова эстонскіх фільмаў — падзеі, знакавыя як для самой краіны, так і для гісторыі ўсяго чалавецтва. Сучаснае кіно Эстоніі дае магчымасць прасачыць, што адчувае чалавек і як мяняецца яго характар у экстрэмальнай сітуацыі. У эстонскіх фільмах незвычайнае спалучэнне мінімалізму і экспрэсіі, якая выяўляецца ў міміцы герояў, іх жэстах, маўчанні, музыцы. Гэта выклікае эмоцыі, падштурхоўвае гледачоў задумацца над пытаннямі, што ўздымаюць аўтары фільмаў.

Іва Фельт лічыць, што Беларусі патрэбныя кінатэатры, дзе можна паказваць арт-хаус, ад гэтага і працэнт пракату якасных фільмаў будзе больш высокі, стане прасцей працаваць арганізатарам кінафестываляў. Прадзюсар кажа, што немагчыма за два фестывалі ў год паказаць аўдыторыі ўсе кінастужкі, якія заслугоўваюць увагі. Але ў нашай краіне ёсць дзеячы кіно, якія хочуць і імкнуцца здымаць цікавыя, нават складаныя фільмы. Пасля фестывалю «Паўночнае ззянне» будзе арганізавана аб’яднанне аматараў кінамастацтва, дзякуючы якому стане прасцей глядзець беларускія і эстонскія фільмы на экранах абедзвюх краін.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Гісторыя выпадку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».