Вы тут

Што такое Дырэктыва Прэзідэнта № 5?


...10 мая 2015 года старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін прыляцеў у Беларусь. Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы ў Палацы Незалежнасці беларускі і кітайскі лідары правялі перагаворы ў пашыраным фармаце і вузкім складзе, па выніках якіх падпісалі пакет дакументаў. Сярод іх — Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама сумесная дэкларацыя аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства.


Акрамя таго, тады ж былі падпісаны два дзясяткі пагадненняў і мемарандумаў — гэта зрабілі прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый.

Візіт у Беларусь у старшыні КНР атрымаўся насычаным — і ў фінальны дзень візіту кіраўнікі дзяржаў наведалі месца першага этапу будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, дзе пакінулі свае подпісы на плане развіцця парку.

Праз некалькі месяцаў пасля знамянальнага візіту і з'явілася Дырэктыва № 5.

Гэта дакумент ад 31 жніўня 2015 года, прысвечаны развіццю двухбаковых адносін Беларусі з Кітайскай Народнай Рэспублікай. У прыватнасці, у Дырэктыве сказана, што развіццё адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства нашай краіны з КНР адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам Беларусі і ўмацаванню яе міжнародных пазіцый, спрыяе забеспячэнню развіцця ўсяго спектра беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Таксама ў дакуменце падкрэсліваецца, што асноўным зместам двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляецца ўзаемная рашучая падтрымка па пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін, — суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць, бяспека, эканамічнае развіццё.

Дарэчы, у Дырэктыве адзначана, што супрацоўніцтва з КНР ажыццяўляецца на прынцыпах, сярод якіх — раўнапраўе, узаемная выгада, цеснае ўзаемадзеянне дзяржорганаў з кітайскім бокам.

Вызначаны і асноўныя кірункі супрацоўніцтва. Сярод іх — глыбокая інтэграцыя галін прамысловасці і прадпрыемстваў, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, навука і даследаванні, узаемадзеянне рэгіёнаў і іншыя.

Стратэгічны напрамак супрацоўніцтва з КНР — сумеснае развіццё ў гандлёвай, інвестыцыйнай, фінансавай і інавацыйнай сферах, а таксама стварэнне і рэалізацыя сумесных праектаў і прадпрыемстваў.

Асобным органам даручана правядзенне канкрэтных мерапрыемстваў для рэалізацыі прапісаных мэт і задач. Таксама канкрэтныя крокі прапісаны для інвестыцыйнай, фінансавай, гуманітарнай сфер, у галіне навукі і тэхнікі, рэгіянальнага супрацоўніцтва. Безумоўна, асаблівае месца ў дакуменце займае Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» як найважнейшы элемент удзелу нашай краіны ў будаўніцтве Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.


Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй РЫБАК:

— Можна па-рознаму ацэньваць рэалізацыю Дырэктывы № 5. Зыходзячы з чаканняў ад супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, хацелася б большага. Але калі параўноўваць нашы адносіны з іншымі партнёрамі, з той жа Расійскай Федэрацыяй, Еўрасаюзам, з нашымі суседзямі па СНД, то дынаміка, нават у большай ступені, чым з кімсьці, прысутнічае. Магчыма, з Расійскай Федэрацыяй мы дасягнулі такога высокага ўзроўню, што ўжо пачынаюцца нейкія адкочванні. У адносінах з Кітаем ідзём не так хутка, але паступальна. Так, нам хацелася б, каб у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку было больш рэзідэнтаў, каб яны запускалі прадукцыю ў вялізных аб'ёмах. На этапе будаўніцтва ёсць ужо нямала рэзідэнтаў, але рэалізаваных праектаў пакуль няшмат. Канешне, іх колькасць павялічваецца. Як чалавечае дзіця трэба вынасіць, як саджанцу трэба вырасці, так і тут — не трэба спяшацца, трэба рабіць усё дакладна, крок за крокам, прыслухоўваючыся да кітайскіх партнёраў.

Не аднойчы мы разам з Саветам Рэспублікі праводзілі па ініцыятыве кітайскага пасольства сустрэчы з кітайскім бізнесам, дзе абмяркоўвалі ўдасканаленне нашага заканадаўства. Безумоўна, што без пэўнай яго ўніфікацыі бізнес наўрад ці далёка прасунецца наперад.

Я для сябе зазначыў, што кітайскі бізнес разумее спрыяльны інвестыцыйны клімат крыху інакш, чым стварэнне вялікіх ільгот і прэферэнцый. Яго прадстаўнікі кажуць пра тое, што часам наша заканадаўства занадта зарэгуляванае. Асабліва яны акцэнтавалі ўвагу на пытаннях працоўнага заканадаўства. Мы надта фармалізуем адносіны паміж работнікам і працадаўцам. Напрыклад, калі Адміністрацыя Кітайска-беларускага парка вырашыла змяніць распарадак працоўнага дня, падладзіўшы яго пад графік руху грамадскага транспарту, спатрэбілася перазаключыць кантракты з кожным работнікам, папярэдзіць яго за месяц, нягледзячы на тое што ўсе згодныя і зменены графік для ўсіх больш зручны. Гэтак жа няпроста прыцягнуць работніка да працы ў выхадны дзень, калі, скажам, прыязджае адказная дэлегацыя.

Калі я іх чую, то разумею, што ў нас так: трэба дык трэба. А ў кітайцаў заканадаўства не настолькі фармалізаванае і разгалінаванае, і яны прывыклі выконваць яго літаральна. Яны бяруць наша, чытаюць і не ведаюць, што рабіць. Неяк я ім прапанаваў рабіць так, як рабіў сам, калі працаваў на прадпрыемстве: работнік можа напісаць, што згодны на змены ў працоўным рэжыме без захавання тэрмінаў папярэджання. Яны вельмі здзівіліся: дзе гэта запісана
ў законе?

Мы ствараем спрыяльны інвестыцыйны клімат па сваім разуменні, а яны чакаюць трошкі іншага. Каб зразумець адно аднаго, зносін павінна быць больш. У індустрыяльных парках на тэрыторыі КНР каласальная колькасць рэзідэнтаў — тысячы, і яны не карыстаюцца ніякімі льготамі. Парк стварае інфраструктуру, дае магчымасць кансультацый для пачаткоўцаў і падобнае. Кітайцы лічаць: калі бізнес не здольны выжыць без падатковых ільгот, то ён не патрэбны.

Таму нам не варта спяшацца і чакаць выбуховага росту, важна лепш зразумець адно аднаго, у тым ліку і для развіцця ўласнага заканадаўства.

Калі казаць пра супрацоўніцтва з Кітаем, то трэба згадаць наш праект (лічу, што гэта наш праект) — Групу падтрымкі Шаўковага шляху пры Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая была створана ў Мінску. З гонарам магу сказаць, што ад Рэспублікі Беларусь падпісаў пагадненне аб стварэнні гэтай групы. Інтарэс да яе вялікі, яна ўжо аб'ядноўвае 27 краін. Такім чынам мы стараемся ўдзельнічаць у праектах, якія ініцыяваў Кітай, каб быць не толькі ў іх рэчышчы, але і наперадзе.

Я быў удзельнікам абмеркавання ініцыятывы «Пояс і шлях» у Акадэміі грамадскіх навук КНР — гэта адзін з распрацоўшчыкаў ідэі. Дык вось, яе аўтары сцвярджаюць, што не ўсе правільна ініцыятыву разумеюць. Чамусьці чакаюць, што Кітай будзе раздаваць кожнай краіне ўздоўж Шаўковага шляху грошы, і выстраіліся па іх у чаргу. Насамрэч Кітай чакае, калі яму ў адказ прапануюць праекты ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У Акадэміі грамадскіх навук нам паведамілі, што ўзнікла патрэба распрацоўкі сумеснага дакумента — стратэгіі пабудовы «Пояса і шляху», каб было агульнае разуменне гэтай ініцыятывы. Нам, як адным з самых актыўных удзельнікаў яе рэалізацыі, Кітай прапаноўвае падумаць разам над стварэннем такога дакумента. І на маю думку, для Групы падтрымкі Шаўковага шляху пры ПА АБСЕ такая работа была б лагічнай.

Калі казаць пра паскарэнне ўзаемадзеяння з Кітаем, то трэба разумець і тое, што наша насельніцтва ўважліва сочыць за ўсім новым, за тым, якія гэта новае нясе перавагі і якую рызыку. Людзям трэба расказваць пра дапамогу, якую нам аказвае КНР: пабудову дамоў, стадыёна і басейна... Усё гэта дэманструе добрыя адносіны да нас.

Я шмат меў зносін з Кітаем і падчас сваёй работы на «Беларуськаліі» (гэта наш асноўны пакупнік калійных угнаенняў), і зараз як член парламенцкай рабочай групы па ўзаемадзеянні з КНР. Мы падобныя з Кітаем у пабудове сацыяльнай эканомікі, у тым, што чалавек і ў нас, і ў іх стаіць у аснове ўнутранай палітыкі.

Дырэктыва № 5 прапісвае стварэнне сістэмы рэгулярнага абмену вопытам, і тут мы значна прасунуліся наперад. Ёсць і інвестыцыйныя праекты. Той жа Парк «Вялікі камень» — яго аналагі ёсць далёка не ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Увогуле, беларуска-кітайскае партнёрства ўнікальнае. У КНР шмат праектаў у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, але там размова пра пакупку радовішча, здабыванне рэсурсаў. Мы выбудоўваем менавіта праекты доўгатэрміновага і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва. Імкнёмся прывезці сюды тэхналогіі, прадаваць свае прадукты там, дапаўняць адно аднаго. У гэтым наша асаблівасць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Дружба, раўнапраўе, узаемная выгада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?