Вы тут

«Трэба змалку прывучаць дзяцей да працы... А іначай — толку не будзе»


Газету «Звязда» чытаю з тых часоў, калі стала студэнткай філфака БДУ. Падпіску праводзілі ў складчыну, па чатыры-пяць чалавек на адзін асобнік, чыталі студэнты дзвюх груп. Сярод іх — Яўген Лецка, Сцяпан Лаўшук, Яраслаў Клімуць, якія потым сталі выдатнымі вучонымі-літаратуразнаўцамі. Але ж зараз пра іншае.


«Звязда», якой не здраджваю да сёння, шмат піша пра тое, як працуе цяперашні настаўнік, якія мае правы і абавязкі... Ну сапраўды, ён павінен не толькі годна выкладаць свой прадмет, але і займацца выхаваннем, разам з дзецьмі наведваць розныя мерапрыемствы, запісваць, чым вучань будзе займацца, дзе праводзіць канікулы. Цяпер, калі школьнікам дазволены бясплатны праезд у грамадскім транспарце, класны кіраўнік каля кожнага прозвішча абавязкова павінен пазначыць, колькі разоў на тыдзень вучань ездзіць на розныя секцыі, факультатывы, да бабулі і г. д. І не дай бог нешта ўпусціць, не выканаць!

Гэта — пра настаўнікаў. Зараз — пра вучняў. Калі добра ўдумацца, то іх, як і студэнтаў, можна падзяліць на тры катэгорыі: у першай — тыя, хто хоча і можа вучыцца, у другой — хто можа, але не мае такога жадання, у трэцяй — тыя, што хочуць, але не могуць, бо ім гэта не дадзена.

Першыя, дасць бог, праб'юцца, другім — усё да лямпачкі («не паступлю на бюджэт — бацькі «правучаць» за плату»), трэцім — хочацца дапамагчы.

А наогул дзецям ці не ўсё цяпер даецца лёгка: хатняе заданне, сачыненне ці пераказ, рашэнне задачы можна знайсці ў інтэрнэце. Нашто галаву ламаць і пра нешта думаць?.. Вучні, такое ўражанне, хутка развучацца чытаць, не будуць ведаць табліцы множання, алфавіта... І гэта страшна! А яшчэ страшней, што яны не прывучаны да працы: бацькі аберагаюць, кажуць, што яшчэ напрацуюцца... Але ж ці так гэта?

Мая малая радзіма — Стаўбцоўшчына. Сям'я жыла на хутары за чатыры кіламетры ад Савонскай пачатковай школы. У 1950 годзе ў першы клас там было запісана ўсяго два вучні, таму нашых бацькоў папрасілі далучыць да іх блізнят — мяне і брата. У няпоўныя шэсць гадоў.

Дабірацца ў школу нам было вельмі цяжка. Падвозіць не было на чым, бо каня, калёсы, сані, іншае гаспадарчае начынне, а таксама гумно, якое перабудавалі ў канюшню, забралі ў калгас. Адзіная палёгка, што бацька, бывала, ідучы на працу, пратоптваў нам сцежкі-дарожкі, а так крочылі самі.

У пачатковай школе нас навучылі не толькі чытаць, пісаць ды лічыць. Першая настаўніца выдавала нам кніжкі, якія трэба было прачытаць і пераказаць потым змест. Гэта таксама была наша праца...

З пятага па сёмы клас мы вучыліся ўжо ў сямігодцы, да якой ад хутара было шэсць кіламетраў. Зноў няблізкая дарога... Але мы яе праходзілі — нават зімой, у гумовых ботах, бо абуць у валёнкі чацвярых дзяцей, працуючы ў калгасе, дзе за працадні амаль нічога не плацілі, бацькі не маглі. Мы разумелі гэта і стараліся ва ўсім дапамагаць...

Потым лёс закінуў мяне вучыцца ў Мір, дзе жыла маміна сястра. Вось там школа — дзесяцігодка, беларускамоўная — была ўжо блізка, у ёй — добрыя настаўнікі, цераз рэчку — Мірскі замак, які нават запушчаны вабіў сваёю веліччу. Шчаслівыя гады!

А калі ўвогуле, ва ўсіх гэтых школах вучняў прывучалі да працы: мы збіралі ў садзе яблыкі, рассцілалі на лузе льнотрасту, убіралі капусту, капалі бульбу, напярэдадні выпускных экзаменаў два дні, помню, уручную садзілі кукурузу. І хоць дзесяцігодку я закончыла з сярэбраным медалём, але студэнткай БДУ стала толькі праз два гады — у той час для паступлення (і медалістам таксама), апроч ведаў, патрэбен быў стаж: два гады я працавала ў калгасе памочнікам брыгадзіра...

Пасля заканчэння БДУ была аспірантура, абарона дысертацыі, 44 гады стажу. А працы — дык усё жыццё.

Для чаго пра гэта пішу?

На мой погляд, першаасновай выхавання павінна быць сям'я, а затым ужо школа, працоўны калектыў. Змалку дзяцей трэба прывучаць да працы, ашчадных адносін да кавалка хлеба, адзення, абутку... Яны павінны ведаць, адкуль што бярэцца, як набываецца, а інакш — толку не будзе. Ад лёгкага жыцця дзеці будуць цягнуцца да розных «прыгод».

І яшчэ: абавязковым складнікам у выхаванні з'яўляецца асяроддзе, стасункі з іншымі людзьмі, пошук добрых сяброў, бо дрэнныя (як спяваецца ў песні) знойдуцца самі.

Зінаіда Пятроўна Данільчык, г. Гродна.


...Добрую думку і паўтарыць не грэх. Такім чынам, самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе падпісчыкі: разумныя, працавітыя, шчырыя, гумарныя... А ўжо талентаў у іх — дык бачана-нябачана.

Ну вось, напрыклад, спадар Мірановіч: ён і кіроўца, якіх пашукаць (50 гадоў працоўнага стажу!), і пчаляр, і садавод-агароднік-траўнік, і сталяр, і цясляр, і майстар па рамонце рознай тэхнікі... Выйграў электрадрыль у звяздоўскай латарэі, у рукі яго ўзяў і тут жа, у момант, выдаў, што ў гэтай прыладзе добра і што — не вельмі. «А зрэшты, — сказаў, — даронаму каню ў зубы не глядзяць. У гаспадарцы ўсё спатрэбіцца».

Трэба разумець, яна, гэта гаспадарка, у чалавека моцная. І прыгожая сям'я: жонка, дзве дачушкі, унукі, з юбілеем нават праўнук ужо віншаваў!..

Летась, пад восень, Міхаіл Іванавіч адсвяткаваў свае семдзесят! І тут вось што цікава: ледзь не ўвесь гэты час ён пражыў са «Звяздой». Ва ўсякім разе, некалі, паступаючы ў першы клас, менавіта ў гэтай газеце ён без запіначкі чытаў загалоўкі. «Мог бы міністрам стаць, калі б не машыны», — казала пра яго маці.

Сын — не стаў.

Спыталі: ці шкадуе?

Сказаў, што не — ніколькі! І каб далі шанц зноўку пачаць, яшчэ раз выбраў бы тую ж прафесію, тую ж вёску Мышкавічы Кіраўскага раёна (у горадзе ён таксама пажыў), тых жа спадарожнікаў жыцця. І сярод іх — ну вядома ж — родную мову і, можна сказаць, сваю родную газету.

Фота Яўгена Пясецкага


«Пад кулямі хадзіла, а параненай ні разу не была»

Антаніна з баявымі сяброўкамі

У нашым школьным музеі гэты экспанат нічым такім не вылучаецца: кавалачак цэглы — гладка-глянцавы, як паліраваны. Яго з разбуранага Сталінграда прывезла — светлай памяці! — Антаніна Аляксееўна Лучонак.

У маленстве ды маладосці яна, як іншыя, марыла аб шчаслівым жыцці, збіралася вучыцца на акушэрку. Гэтага хацеў яе бацька. Ён такім чынам спадзяваўся «адлучыць» сваю дачку ад будзёншчыны, ад цяжкай вясковай працы, якой самому хапіла напоўніцу: рана аўдавеўшы, Аляксей Данілавіч адзін гадаваў чацвярых дзяцей (Тося была старэйшай), будаваў для сям'і новую хату. Па тых часах — гэта бясспрэчна — ён быў багатым: меў зямлю, каня, кароў, авечак... За што і паплаціўся: забралі яго, а ўслед — зруб хаты, будматэрыялы, прадукты...

З турмы Аляксей Данілавіч так і не выйшаў. «Быў несправядліва асуджаны», — прызналі ў 50-х, але дзецям ад гэтага хіба лягчэй?!

Тым не менш — вучобу Антаніна не кінула: атрымала адукацыю, уладкавалася на працу ў Мінск, у дзіцячую бальніцу. Эканоміла, каб нешта купіць, каб неяк абжыцца, але...

Грымнула вайна: першыя баі, страты, адступленне. Раненых — шмат... Акружэнне...

Выходзіла з яго цераз балота і не адна. Ноччу ішлі, а ўдзень хаваліся... Праз два тыдні неяк выйшлі да сваіх, дзе атрымалі які-ніякі прытулак.

Далей быў Харкаў, сапёрны батальён, а калі яго разбілі — палявы шпіталь у Сталінградзе, і ўсю вайну — патокі раненых, бясконцыя перавязкі і кроў. Часам, як расказвала Антаніна Аляксееўна, ёй самой хацелася, каб злёгку параніла, каб хоць трохі адпачыць... Але ж потым (адкуль і сілы браліся?) ішла пад бамбёжкі, ратавала іншых.

Найгорш, як згадвала, было пад Сталінградам: там першы раз у жыцці яна ўбачыла волжскую ваду, чырвоную ад чалавечай крыві... А ўжо разбураны горад... Цэгла там проста плавілася, ператваралася ў бясформенныя кавалкі: экспанат у школьным музеі — якраз адтуль...

Аднак — дзіва дзіўнае — вось гэту дзяўчыну Бог шкадаваў. Яна, як расказвала, вады баялася, плаваць не ўмела — цераз рэкі пераплаўлялася, пад агнём і кулямі хадзіла, — а параненай ні разу не была!

Той самы кавалачак цэглы.

Яе, старшыну медыцынскай службы, ваенныя шляхі прывялі ў Берлін: там сустрэла Перамогу, там на будынку рэйхстага адшукала месца, каб напісаць сваё кароткае дзявочае прозвішча — Шут.

У ліпені 1945-га яна вярнулася дамоў, пайшла працаваць у мясцовую бальніцу, выйшла замуж, нарадзіла трох сыноў, даглядала мужа-інваліда. Пазней — не магла нарадавацца ўнучцы.

...Гляджу на фотаздымак гэтай прыгожай жанчыны і думаю: колькі сілы аказалася ў ёй, слабай на першы погляд, колькі мужнасці. Сведчаннем таму ордэн Айчыннай вайны, медалі «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда», «За перамогу над Германіяй»...

У тым, што яна адбылася, вялікая заслуга і нашых землякоў.

Валерый Захараў, намеснік дырэктара Хутарскай СШ, Чэрвеньскі раён.

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.