Вы тут

Кішачныя інфекцыі: што выклікае атручванне і як яго лячыць


Сарваная з дачнага куста і адпраўленая проста ў рот клубніца або шашлык, які мы ўзялі нямытымі рукамі, — гэта і многае іншае можа прымусіць нас літаральна праз гадзіну-другую забыць пра задавальненне летняга адпачынку і адправіцца ў ложак. Летам, калі мы робімся больш актыўнымі, узрастае і колькасць атручванняў.


Традыцыйна рост колькасці кішачных інфекцый пачынаецца з мая і заканчваецца ўвосень.

— Гэта звязана з павелічэннем актыўнасці — людзі выязджаюць на прыроду, адпачываюць на адкрытым паветры, праводзяць святочныя мерапрыемствы і выкарыстоўваюць розныя прадукты, якія могуць быць крыніцай хваробы, — кажа загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзмітрый Галоцік. — Пакуль сітуацыя з кішачнымі інфекцыямі кантралюемая і стабільная. Узровень захваральнасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года скараціўся на 21 %, а па некаторых вострых кішачных інфекцыях устаноўленай этыялогіі — на 26 %.

У нашай краіне традыцыйна лідыруюць вострыя кішачныя інфекцыі, выкліканыя вірусамі. Сёлета іх колькасць таксама знізілася, у прыватнасці па ротавірусах — на 40 %, энтэравірусах — на 50 %.

— Аднак зніжэнне захваральнасці не гарантуе, што не адбудзецца ўспышкі інфекцыі. Харчовыя атручванні нас падпільноўваюць пры любым парушэнні правілаў гігіены і бяспекі захоўвання і прыгатавання прадуктаў. Узбуджальнікі кішачных інфекцый перадаюцца праз ваду, ежу, брудныя рукі, — папярэджвае Дзмітрый Галоцік. — Летам здараюцца выпадкі так званых «вясельных інфекцый», калі гатуюцца салаты, асабліва з маянэзам, на вялікую колькасць гасцей, яны захоўваюцца некалькі гадзін, прычым побач з гарачымі плітамі, дзе гатуюцца астатнія стравы, і робяцца крыніцай успышак атручванняў.

Правілы бяспекі

Гэтыя простыя правілы варта памятаць і выконваць кожнаму.

  • Не набывайце ежу сумнеўнага паходжання — тую, што прадаецца ў неўстаноўленых месцах (каля ўваходаў у метро і прыпынкаў грамадскага транспарту), якая не мае звестак аб тэрмінах прыдатнасці і ўмовах захавання. Зараз часам «з глебы» прадаюцца нават мяса і паўфабрыкаты, якія ў цёплую пару года павінны захоўвацца ва ўмовах ахалоджання ці замарозкі.
  • Падтрымлівайце чысціню ў месцах захоўвання, гатавання і ўжывання ежы. Аддзяляйце сырыя прадукты ад прыгатаваных падчас дастаўкі, гатавання і захоўвання.
  • Прытрымлівайцеся тэхналогіі прыгатавання страў. Прадукты неабходна абавязкова прасмажваць на ўсю глыбіню, пры гэтым наразаць іх варта невялікімі кавалкамі. Стравы, якія захоўваюцца доўга, варта падаграваць, суп даводзіць да кіпення. Пры прыгатаванні мяса важна сачыць за мясным сокам — ён павінен змяніць свой колер. Памятайце, што, ужываючы мяса з крывёю, вы рызыкуеце. Есці яго можна толькі ў тых установах, дзе наладжаны пільны вытворчы кантроль. Прытрымлівайцеся тэрмінаў прыдатнасці прадуктаў: выкінуць такую ежу атрымаецца танней, чым пасля лячыць атручванне. Летам захоўвайце прадукты ў халадзільніку, лепш адразу паставіць туды і прыгатаваныя стравы. Пры хатняй тэмпературы іх рэкамендуецца захоўваць не больш за гадзіну-дзве.
  • Выконвайце правілы асабістай гігіены. Мыйце рукі перад прыняццем ежы ў любых сітуацыях: калі побач няма чыстай вады, карыстайцеся антысептыкам ці вільготнымі сурвэткамі. Пры выездзе на вадаём бярыце з сабой запас пітной вады, каб была магчымасць памыць прадукты і прытрымлівацца правілаў гігіены.

Пры выездзе за мяжу

Медыкі папярэджваюць, што з тымі хваробамі, якіх у нас няма, можна сустрэцца за мяжой — у краінах Азіі, Турцыі, Егіпце і нават Еўропе. Гепатыт А, брушны тыф, халера могуць быць шырока распаўсюджаны ў тым рэгіёне, куды вы накіроўваецеся.

Таму асабліва важна не ўжываць сырыя прадукты, у прыватнасці мяса, не піць ваду з невядомых крыніц, не купацца ў неўстаноўленых месцах, не ўжываць морапрадукты, прыгатаваныя ў сумнеўных умовах. Апошнія, дарэчы, могуць здабывацца ў прыбярэжнай зоне, куды скідваюцца сцёкі, і назапашваць шкодныя рэчывы.

Безупыннае расстройства

Калі ж шкодны мікраарганізм усё ж трапіў да вас, як правіла, праз 6—12 гадзін ён нагадае пра сябе. Але пры некаторых інфекцыях, у прыватнасці гепатыце А, інкубацыйны перыяд можа дасягаць 35 сутак.

— Інкубацыйны перыяд складае ад паўгадзіны да трох сутак. Чым ён карацейшы, тым большую дозу інфекцыі вы атрымалі і тым больш патагенныя мікраарганізмы, — кажа намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска Святаслаў Вельгін.

Кішачныя інфекцыі небяспечныя найперш стратай вадкасці і электралітаў, якія арганізм губляе падчас дыярэі і рвоты. Разам з тым ён губляе запасы натрыю і хлору. А гэта, у сваю чаргу, вядзе да аслаблення арганізма, зніжэння артэрыяльнага ціску, страты прытомнасці.

— Таму пры кішачных інфекцыях важна захоўваць пітны рэжым. Прычым піць не проста ваду — ёсць сродкі для аральнай дэгідратацыі. Гэта сумесі пад рознымі гандлёвымі назвамі, якія ўтрымліваюць неабходныя для арганізма соль, цукар. Іх разводзяць у кіпячонай вадзе і ўжываюць да 1,5 літра ў суткі. Калі стан не дазваляе піць, трэба звяртацца да ўрача, які прызначыць увядзенне солевых раствораў парэнтэральна. Асабліва небяспечна абязводжванне ў дзяцей, таму іх, як правіла, шпіталізуюць, — папярэджвае Святаслаў Вельгін.

Яшчэ адна праблема пры кішачных інфекцыях — інтаксікацыя. Мікраарганізмы выдзяляюць таксіны, якія вядуць да павышэння тэмпературы цела, галаўнога болю і іншых непрыемных сімптомаў. Змагацца з гэтым можна энтэрасарбентамі, самы просты з якіх — усім вядомы актываваны вугаль. Яны ліквідуюць прадукты жыццядзейнасці шкодных мікробаў і аблягчаюць стан.

Антыбіётыкі пачакаюць

Антыбіётыкі медыкі не раяць прымаць пры кішачных інфекцыях, акрамя тых выпадкаў, калі вы знаходзіцеся за мяжой і медыцынская дапамога недаступная.

— Рэцэптурны антыбіётык — цыклафлаксацын можа прымяняцца, калі на адпачынку здарылася дыярэя. Больш даступны і бяспечны прэпарат — ніфураксазід. Гэта кішачны антысептык, які дазваляе кантраляваць інфекцыю на ўзроўні кішэчніка, — тлумачыць Святаслаў Вельгін.

Вельмі важна падчас кішачнай інфекцыі прытрымлівацца дыеты. Ёсць шэраг прадуктаў, якія арганізму цяжка ператравіць, калі парушана стрававальная функцыя. Гэта малако, свежыя гародніна і фрукты, вострая і смажаная ежа. Мяса пажадана ўжываць у гэты час у выглядзе паравых катлет.

Страваванню можна дапамагчы ферментамі, гэта паскорыць выздараўленне. Яшчэ адзін кірунак лячэння — нармалізацыя мікрафлоры страўнікава-кішачнага тракту. Для яе аднаўлення таксама існуе шэраг прэпаратаў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Летняя нечаканасць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».