Вы тут

Як знайсці месца пахавання роднага чалавека?


«Добры дзень. Я, Агапава (Цеплякоўская) Ніна Астапаўна, ураджэнка с. Азарычы Гомельскай вобласці, з'яўляюся пляменніцай Праскоўі Іванаўны Цеплякоўскай, маці майго стрыечнага брата — сапёра, радавога 303-й стралковай Верхнедняпроўскай Чырвонасцяжнай дывізіі Цеплякоўскага Аляксандра Міхайлавіча, які прыняў апошні бой 5.12.1944 года каля хутара Радваніцкі Будапешцкай вобласці Венгрыі. Апошняе, што пра яго вядома, — пахаваны ў брацкай магіле там жа, каміт. Пешт—Піліс—Шолт—Кішкун, Асодская акр., хутар Радваніцкі, брацкая магіла 12138. Па іншых звестках, ён пахаваны ў с. Ненінцы. Прашу вас даць канкрэтныя звесткі мясцовых арганізацый для ўдакладнення абставін гібелі майго сваяка... Пакідаю кантактнай асобай свайго сына Сяргея».


Вось такі электронны ліст, які мы прыводзім амаль што даслоўна, атрымала рэдакцыя. Зыходзячы з атрыманай у ім інфармацыі, паспрабуем у меру сваёй кампетэнцыі даць адказ на яго. Зараз дзякуючы інтэрнэту пошукі патрэбных звестак спрасціліся і іх можна весці самастойна, чым, відаць, і зоймецца сын заяўніцы Сяргей.

Найперш трэба заняцца зборам звестак, якія зможаце знайсці, — удакладніце прозвішча, імя, імя па бацьку таго, каго будзеце шукаць (магчымыя памылкі ў напісанні), месца нараджэння, месца жыхарства да вайны, ваенкамат, якім салдат быў прызваны, адрас родных, партыйнасць (воінскае званне і апошняе месца службы вядомыя). Калі захаваліся пісьмы, з іх вы даведаецеся пра нумар палявой пошты. Род войскаў (сапёр), вайсковая частка (дывізія) ужо таксама вядомыя.

Далей пошукі можна пачаць з абагульненага банка даных «Мемарыял», базы Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (сайт obd-memorіal.ru), у якой ёсць амаль усе воінскія пахаванні байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі. Запаўняючы адпаведныя графы ў пошукавіку, дасведчаныя людзі раяць эксперыментаваць з іх напісаннем, мяняючы літары ў імені, прозвішчы, — не ўсе пісары былі вельмі адукаваныя, а архіўны дакумент мог дрэнна захавацца. На форумах даюцца парады, што, правяраючы звесткі пра чалавека, трэба адкрыць укладку «пашыраны пошук» і рабіць спробы, набіраючы толькі прозвішча, потым прозвішча і імя, затым — поўныя даныя. Таксама можна праверыць інфармацыю, задаўшы параметр прозвішча, а імя і імя па бацьку даваць толькі ініцыяламі.

Калі гэты спосаб плёну не даў, пошукі можна прадоўжыць. У лісце гаворыцца, што салдат прыняў свой апошні бой. Быў забіты ці памёр ад ран? Калі апошняе, трэба пісьмова звяртацца ў архіў ваенна-медыцынскіх дакументаў філіяла Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (191180, г. Санкт-Пецярбург, Лазараўскі завулак, д. 2). Такім чынам, магчыма, атрымаецца па пашпарце воінскага пахавання (калі яно было шпітальным) знайсці канкрэтную інфармацыю аб месцы апошняга прытулку байца.

Памятаеце, мы згадвалі пра інфармацыю аб ваенкамаце, якім прызываўся чалавек? У кожным раёне ёсць Кнігі памяці, дзе, не выключана, могуць быць звесткі пра баявы шлях і месца пахавання сваяка. Можна паспрабаваць накіраваць запыт і ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (142100, Маскоўская вобласць, г. Падольск, вуліца Кірава, д. 74). Трэба толькі памятаць, што пісьмовых адказаў давядзецца чакаць дастаткова доўга — мінімум паўгода.

Калі вярнуцца да тэмы пошукаў у інтэрнэце, дык у сеціве ёсць яшчэ іншыя рэсурсы, якія можна скарыстаць. Напрыклад, Soldat.ru — старэйшы расійскі партал па ўстанаўленні лёсаў загінулых вайскоўцаў ці тых, хто прапаў без вестак.

Яшчэ адзін варыянт — паспрабаваць звярнуцца ў консульскі аддзел пасольства краіны ў Венгрыі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.