Вы тут

«Слаўнае сяло Азярычына: Свет нашых продкаў». Раім пачытаць


Пухавіцкаму краю пашчасціла на вёсказнаўчыя выданні. Ёсць асобныя кнігі пра паселішчы Шацк, Талька, Зацітава Слабада. Ёсць нават кніга на ідыш пра Дукору, якая, праўда, выйшла ў ЗША. Аўтар — ураджэнец старажытнай вёскі. І вось мінскае выдавецтва «Тэхналогія» выпусціла зусім унікальнае па аб'ёме, калі гаварыць пра кнігі, прысвечаныя асобным населеным пунктам, выданне — «Слаўнае сяло Азярычына: Свет нашых продкаў» Зміцера Санько і Юрася Санько.


Зміцера Санько добра ведаюць у беларускім асветніцтве і кнігавыданні. У свой час менавіта дзякуючы яму развівалася, пашыралася серыя «Нашы славутыя землякі» ў выдавецтве «Навука і тэхніка». Падзеяй у беларускім мовазнаўстве стаў яго руска-беларускі слоўнік фразеалагізмаў. Дарэчы, варта было б перавыдаць гэтую і сёння патрэбную працу.

Каб пераканаць чытача, што кнігу пра вёску Азярычына можна параўноўваць з энцыклапедычнымі выданнямі, прывяду хоць бы назвы раздзелаў: «Дагістарычны час»; «Старонкі гісторыі сялібы»; «Азярыкі ў рэвізскіх казках»; «Азярыцкая гаворка»; «Музычная культура»; «Прыгаршчы асабістых успамінаў»; «Мікратапанімія вёскі і наваколля»; «Азярыцкі іменнік», «Азярыцкі мартыралог». У сапраўды энцыклапедычнага характару кнізе «Слаўнае сяло Азярычына: Свет нашых продкаў» аўтары сабралі самыя разнастайныя сведчанні пра роднае паселішча — археалагічныя звесткі, этнаграфічныя, фальклорныя запісы, тапанімічныя, мікратапанімічныя памяткі вёскі і яе ваколіц, дакументальныя звесткі пра тых, хто загінуў у Вялікую Айчынную вайну, патрапіў у жорны сталінскага ГУЛАГа. Аўтары звяртаюцца і да крыніцазнаўства па азярычынскай тэме. Найперш — да спадчыны легендарнага краязнаўчага пісьменніка, гісторыка Аляксандра Карлавіча Ельскага, які нарадзіўся непадалёку ад Азярычына.

Сваёй унікальнай працай Зміцер Санько і Юрась Санько засведчылі сваю прысутнасць у кагорце пухавіцкіх краязнаўцаў. А кагорта гэтая, пачынаючы з Аляксандра Ельскага, зусім немалая. Наталля Вайцяховіч, Наталля Ільініч, Аляксандр Прановіч, Анатоль Ярохін, Браніслаў Зубкоўскі, Браніслаў Яблонскі, Наталля Пархомчык, Іван Чуйкоў, Віктар Арлоў, Барыс Муха, Аляксандр Пікулік... Кніга пра Азярычына — сапраўдны ўклад землякоў, людзей, якія памятаюць свае вясковыя карані, у Год малой радзімы. Упэўнены, што такое выданне будзе запатрабаванае не толькі ў самім Азярычыне, не толькі ў Пухавіцкім краі, але і па ўсёй нашай краіне. Найперш — як выдатны ўзор радзімазнаўчай, краязнаўчай літаратуры.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Загаловак у газеце: Энцыклапедыя пра адну вёску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.