Вы тут

Уплыў сацсетак на грамадскую думку абмяркуюць у Брэсце


23—24 мая ў Брэсце пройдзе XІV Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства дзеля будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства», які аб'яднае сёлета журналістаў і кіраўнікоў СМІ з 25 краін свету, ад Беларусі да Кітая, Італіі, Манголіі, Сербіі, ЗША. Удзел у абмеркаванні сучасных трэндаў, інфармацыйных выклікаў, тэхналогій і метадаў журналістыкі, ролі медыя ва ўмацаванні агульнагуманітарных каштоўнасцяў, наладжванні больш шчыльнага ўзаемадзеяння паміж краінамі і народамі возьмуць дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, дыпламаты, эксперты і практыкі — больш як 250 чалавек, у тым ліку каля 100 замежных гасцей.


Многія ўдзельнікі медыяфоруму прыбылі ў нашу краіну яшчэ ўчора і паспелі наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе адбыўся спецыяльны брыфінг. Але асноўнай пляцоўкай мерапрыемства стане Рынькаўская сядзіба ў вёсцы Цюхінічы, што пад Брэстам. Пасля пленарнага пасяджэння, на якім будуць агучаны асноўныя тэзісы, удзельнікі працягнуць працу па секцыях у панэльных дыскусіях «Медыяпрастора і інфармацыйная бяспека», «Уплыў сацыяльных сетак і блогасферы на фарміраванне грамадскай думкі. Пашырэнне прысутнасці ў іх дзяржаўнага кантэнту», «Сучасныя трэнды інтэрнэт-журналістыкі і яе роля  ў вырашэнні сацыяльна-палітычных праблем рэгіёнаў».

«Сёлета на форум заяўлена шмат дакладаў, звязаных з уплывам сацыяльных сетак на грамадскую думку, меркаванне спажыўцоў інфармацыі. Мы пастараліся запрасіць тых экспертаў, якія працуюць у гэтай сферы і дапамогуць сфарміраваць сапраўды актуальны парадак дня», — адзначыў міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ.

Акрамя таго, ужо традыцыйна ў другі дзень форуму пройдзе Летняя школа журналістыкі — на базе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Яе тэмай стане «Сучасная журналістыка і сацыяльныя медыя», а ў раскладзе заняткаў — шэраг майстар-класаў для маладых журналістаў. У прыватнасці, пра сучасныя тэхналогіі ў тэлевізійнай вытворчасці і ролю блогераў у прасоўванні кантэнту раскажуць прафесіяналы з Беларусі і Расіі: старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў, генеральны дырэктар радыёстанцыі «Гаворыць Масква» Уладзімір Мамантаў, вядомы рэпарцёр канала «ТБ Цэнтр», лаўрэат прэміі «ТЭФІ» Раман Бабаян і іншыя.

Таксама 24 мая адбудзецца круглы стол «Саюзная дзяржава: 20 гадоў у медыяпрасторы. Вынікі і перспектывы». А завершыць праграму мерапрыемстваў экскурсія «Ніхто не забыты, нішто не забыта», падчас якой удзельнікі і госці форуму наведаюць мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: На медыйным парадку дня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?