Вы тут

У конкурсе «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» былі адзначаны 274 тавары


У конкурсе «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», які праводзіць Дзяржстандарт сумесна з абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарвыканкамам, былі адзначаны 274 тавары (харчовыя і прамысловыя вырабы, прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння). Сярод лаўрэатаў — 27 сталічных прадпрыемстваў. Лагатып, які сведчыць пра высокую якасць тавару, з'явіцца на ўпакоўках хлебабулачных вырабаў, напоях, марожаным, прамысловых таварах, галаграмах, касметыцы і іншых. У асобнай намінацыі разглядаліся заслугі прадпрыемстваў, якія аказваюць паслугі насельніцтву. Так, былі адзначаны турыстычнае агенцтва і «Мінскводаканал».


Акрамя таго, шэсць сталічных прадпрыемстваў атрымалі статус «Навінка года». Чатыры, якія на працягу некалькіх гадоў пацвярджаюць высокія вынікі сваёй працы, ганараваны дыпломамі «Стабільная якасць».

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Крэпак адзначыў, што сталічныя прадпрыемствы сёння могуць годна прадстаўляць Беларусь у многіх краінах свету. Тут ствараецца багата інавацыйных тавараў. Калектывы шукаюць новыя рашэнні, мадэрнізуюць ці набываюць абсталяванне, ствараюць сучасныя рэцэптуры, знаходзяць новыя тэхналогіі. І падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў нам будзе чым парадаваць і ўразіць вялікую колькасць гасцей, што прыбудуць у краіну.

У гэтым годзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў прайшла на базе фабрыкі «Камунарка», дарэчы, таксама лаўрэата дадзенага конкурсу. І як заўважылі госці, было б добрай традыцыяй кожны год падводзіць вынікі ў сценах аднаго з прадпрыемстваў горада, дзе вытворцы могуць знаёміцца з напрацоўкамі калег, абменьвацца вопытам. Так, падчас экскурсіі гасцям расказалі пра тое, як адрозніць сапраўдны шакалад (ён растае пры тэмпературы 29—31 градус), паказалі высокатэхналагічнае абсталяванне (тут ёсць лініі, на якіх магла б вырабляцца прадукцыя, аналагічная «марсам» і «снікерсам», а ў хуткім часе будзе запушчана ўнікальнае абсталяванне, якое дазволіць вырабляць салодкую прадукцыю метадам халоднай штампоўкі) і, канешне, фабрыка дзялілася сакрэтамі поспеху (мадэрнізацыя вытворчасці, увага якасці прадукцыі, натуральныя інгрэдыенты, і, вядома, вялікая работа па прасоўванні прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Шакаладныя сакрэты поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?