Вы тут

Сакрэты працы маладога педагога


Наталія Семянюк — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Пазалетась, пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, яе размеркавалі ў Раваніцкую сярэднюю школу, што на Чэрвеньшчыне. За час працы дзяўчына асвоілася ў калектыве і абрала ўласны стыль навучання.


— Калі ехала сюды, асабліва нічога не чакала. Думала, будзе што будзе. Але не расчаравалася! Калегі заўсёды дапамагаюць, дзеляцца досведам. А мае вучні — здольныя і таленавітыя.

— Чым захапіла прафесія настаўніка?

— Мне заўсёды падабаліся беларуская мова і гісторыя. Не разумела, чаму людзі саромеюцца размаўляць на роднай мове. Гэта ж тое, што адрознівае нас як нацыю ад іншых! Таму яшчэ ў школе вырашыла, што буду настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Вялікі дзякуй бацькам, якія дапамагалі мне ў гэтым... Цяпер выкладаю ў 6, 8, 9, 10 і 11 класах і маю класнае кіраўніцтва.

— Які падыход да дзяцей вы абралі?

— Спачатку вырашыла быць строгай. Але доўга так не змагла і стала сама сабой. Безумоўна, на мяне паўплывалі мае школьныя настаўнікі і ўніверсітэцкія выкладчыкі. Ці хацела б я быць падобнай на іх? Не ведаю. Усе мы, педагогі, думаем па-рознаму. І ва ўсіх свой, адмысловы падыход да вучняў.

— Першы працоўны дзень запомніўся?

— Так. Я тады вельмі хвалявалася: як успрымуць мяне старэйшыя калегі, клас, у якім далі кіраўніцтва? Да першага ўрока ў пятым класе рыхтавалася некалькі дзён, шукала цікавую інфармацыю. Хацела, каб у вучняў пасля яго засталіся толькі станоўчыя эмоцыі. І здаецца, гэта атрымалася.

— Падрыхтоўка да ўрока — сур'ёзны працэс...

— Безумоўна. У першы год яна займала ў мяне вельмі шмат часу. Цяпер жа, калі набыла пэўны вопыт, рыхтуюся ад 45 хвілін да паўтары гадзіны. Стараюся расказваць вучням штосьці новае і незвычайнае, каб зацікавіць іх. Хочацца, каб іх мысленне выходзіла за межы школьнай праграмы, каб яны былі развітыя ўсебакова, маглі разважаць самастойна і не баяліся выказваць уласнае меркаванне. Напрыклад, аналізуючы прачытаныя творы, вучні могуць паставіць сябе на месца герояў і падумаць, што б яны рабілі ў той ці іншай сітуацыі.

— Ці ёсць у школьнай праграме пісьменнікі і творы, якія вам асабліва цікавыя?

— Найбольш захапляюся Уладзімірам Караткевічам. Вельмі падабаецца яго «Дзікае паляванне караля Стаха». У школе гэтая аповесць не вельмі зачапіла. Але з узростам прыйшло пераасэнсаванне прачытанага: твор прываблівае яркім і незвычайным сюжэтам, вытанчаным апісаннем характараў герояў. Таму раю вучням перачытаць яго праз некалькі гадоў... Таксама не можа пакінуць абыякавым творчасць Васіля Быкава. Лёс яго герояў — жыццёвы і кранальны, а вайна ў творах — не прыхарошаная.

— У педагогаў не так шмат вольнага часу, нават дома. Як яго бавіце?

— Стараюся пабыць з блізкімі людзьмі. Займаюся самаадукацыяй. Вельмі люблю бег на доўгія дыстанцыі. Захапляюся ім са школы, але, на жаль, пакуль яшчэ ні разу не ўдзельнічала ў спаборніцтвах. Саромеюся...

— Аб чым марыце як настаўніца?

— Што пакаленне, якое я вучу роднай мове, будзе карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці. І, калі мне выпала магчымасць зараз звярнуцца да вялікай аўдыторыі, скажу: не саромейцеся нашай мовы, любіце яе, падтрымлівайце. Няхай яна гучыць як мага часцей!

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.