Вы тут

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію


Здараецца, што ў пагоні за прыгожай фігурай некаторыя дзяўчаты зусім перастаюць есці. А гэта прыводзіць да сур'ёзных праблем. Анарэксія — хвароба, звязаная з расстройствам харчовых паводзін: праяўляецца, калі чалавек імкнецца схуднець, баіцца патаўсцець, абмяжоўвае сябе ў ежы, мае скажонае ўяўленне аб уласным целе, з-за чаго хутка губляе вагу.

Анарэксія часцей сустракаецца ў падлеткаў. Узровень смяротнасці сярод хворых на яе і булімію (калі чалавек мэтанакіравана выклікае ў сябе ваніты пасля кожнага прыёму ежы. — Аўт.) высокі: расстройствы знаходзяцца на першым месцы па гэтым паказчыку сярод усіх псіхічных захворванняў. Чым раней чалавек звяртаецца па дапамогу, тым больш у яго шанцаў на выздараўленне. Бо многім цяжка не толькі пачаць лячэнне, але і выявіць прыкметы гэтай самай хваробы. Асабісты вопыт — тое, што можа паўплываць на нас, дапамагчы пазбегнуць памылак. Наша гераіня Вікторыя Прыгодская гатовая ім падзяліцца.


Та­кой Вік­то­рыя бы­ла пад­час хва­ро­бы...

Дзяўчыне 21 год. Заканчвае факультэт журналістыкі БДУ, стажыруецца на радыё, тэлебачанні, захапляецца кітайскай мовай. Думкі аб пахудзенні больш не трывожаць яе, як у падлеткавым узросце. Тады, у 15 гадоў, у Вікі з'явілася вялікае жаданне змяніць сваё цела, што прывяло да сур'ёзнага захворвання. Усяго за паўгода яна схуднела на 35 кілаграмаў.

— Я з дзяцінства была поўненькая. Як гэта часта бывае ў школе, дзеці дражнілі з-за лішняй вагі. Гэта чапляла, але не раніла. А ў дзявятым класе з'явілася моцнае жаданне падабацца сабе, адчуваць упэўненасць у целе. Хацелася быць найлепшай ва ўсім, у знешнасці ў тым ліку. Спрабавала розныя дыеты: пітную, яблычную, шакаладную. Часу страціла шмат, але выніку не было. Да таго ж мая мама — шэф-повар, таму дома заўсёды была смачная сытная ежа.

З цягам часу думкі аб пахудзенні станавіліся дакучлівымі. Віка памятае, як ішла па вуліцы, спынілася і сказала сабе: «Хачу быць самай прыгожай на выпускным балі. Трэба худнець». Гэта быў пераломны момант.

— У кожнай дзяўчыны ёсць пэўныя праблемныя зоны. У мяне гэта жывот, бакі і рукі. Вырашыла неадкладна заняцца імі. Я перфекцыяністка з вялікай сілай волі, таму адмовіцца ад мучнога, тлустага, салёнага было няцяжка. Складана толькі ў першы месяц: глядзела, як мама гатавала, але нічога не каштавала. Я папярэдзіла яе аб тым, што буду худнець, але яна не ўспрыняла гэта сур'ёзна. Мама была не супраць, бо не ведала, да чаго гэта прывядзе. Я і сама не ведала. Гэта як кнопка, якую рэзка ўключыла, а выключыць ужо не змагла.

Вікторыя дзеліцца, што першы час усю інфармацыю аб пахудзенні знаходзіла ў інтэрнэце. Яе рацыён складаўся з яблыкаў, грэйпфрутаў, салодкіх глазіраваных шматкоў і вады.

— Рыбу і мяса я амаль што не ўжывала, думала, ад гэтага магу набраць вагу. Абмежавала і час прыёму ежы: пасля 18 — ні кроку на кухню. Лічыла ў галаве калорыі, магла без табліцы сказаць харчовую каштоўнасць любога прадукту. Каб пахуданне праходзіла ў паскораным тэмпе, шмат займалася спортам: скакала на скакалцы, круціла хула-хуп, качала прэс, бегала вакол дома (жыву ў прыватным, таму месца шмат). Гэта захапляла: уваходзіш у пэўную сістэму — і атрымліваеш асалоду ад вынікаў, — прыгадвае суразмоўніца. — Мне падабалася, як я выглядаю, не разумела, што магу напалохаць кагосьці сваім выглядам. Сінякі ад трэніровак здаваліся нормай. Былі моманты, калі мама забараняла мне займацца спортам, таму што не разумела, навошта гэта худой дзяўчынцы. Але я чакала, пакуль яна засне, уставала і практыкавалася некалькі гадзін, каб адпрацаваць упушчанае. Або ў перапынку паміж школай і танцамі бегала па стадыёне, колькі магла.

Фізічнай слабасці Віка падчас хваробы не адчувала. Затое дзяўчына бачыла захопленыя погляды ад іншых людзей, што падымала самаацэнку:

— Я «на выдатна» вучылася ў школе, хадзіла на танцы, у музычную школу. Здавалася, што з кожным днём сіл для гэтага станавілася ўсё больш. Што такое анарэксія, я ведала, але не думала пра яе сур'ёзна. Проста хацела купляць тое адзенне, якое мне падабалася. Мама перажывала, праводзіла выхаваўчыя размовы, але я пераконвала, што яна перабольшвае. Каб мама супакоілася, пры ёй я трошкі ела. Але часцей за ўсё перакладала лыжкай ежу ў талерцы з аднаго боку на другі, аддавала катлеты кату або сабаку.

Ка­лі ўсё прай­шло, свет зноў за­іг­раў фар­ба­мі жыц­ця для дзяў­чы­ны.

Дарэчы, маму да захворвання анарэксіяй я ніколі не падманвала. Спачатку гэта і не трэба было: з раніцы да ночы яна на працы. Падтрымліваў малодшы брат — заўсёды прыкрываў, хоць цяпер разумею, што гэта няправільна. Знаёмыя, сябры казалі, каб я спынілася. Але я была перакананая, што ўсё кантралюю. Прыходзячы дадому, раздзявалася і глядзела на сябе ў велізарнае люстэрка. Бачыла свае «хібы» і працягвала галадаць. З-за недахопу ўнутранай энергіі вельмі моцна мёрзла тады, калі ўсім было цёпла. Бліжэй да лета магла хадзіць ледзьве не ў валёнках, аб'ёмных світарах. Мама тым часам паказвала розныя тэлепраграмы пра анарэксічак са словамі: «Глядзі, ты такая ж, як яны». А я адказвала: «Ты сур'ёзна? Яны худыя, я — не».

Хвароба Вікі не суправаджалася буліміяй, але была іншая праблема.

— Крытычныя дні зніклі, калі важыла 54 кілаграмы пры росце 176 сантыметраў. Тады я не звяртала на гэта ўвагі. «Ну сышлі і сышлі, вернуцца», — думала я. Цяпер разумею, што гэта быў дрэнны знак. Падчас хваробы ў мяне пачалі рэзка выпадаць валасы, пазногці таксама мелі не найлепшы выгляд. Я разумела, што хачу стаць здаровай, але ў галаве сядзела думка: «Няўжо ўсе мае старанні былі дарэмныя?» Было шкада і маральна складана.

У рэшце рэшт я пагадзілася пайсці да ўрача. У паліклініцы мне сказалі, што, калі ў найбліжэйшы час не адновіцца менструальны цыкл, дзяцей у мяне не будзе ніколі. Я спалохалася. Прызначылі гарманальныя таблеткі, і за наступны год я паправілася на 12 кілаграмаў. Не з-за павышанага апетыту, а з-за кантролю з боку мамы. Яна сядзела перада мной і заўсёды чакала, калі я даем. Крыўда на яе заставалася доўгі час, пакуль я не зразумела: мама дзейнічала як магла. Магчыма, без такіх радыкальных метадаў не было б выніку.

Віка канчаткова справілася з хваробай у 18 гадоў. Дзякуючы гэтаму вопыту яна пасталела, зразумела, што ў жыцці насамрэч мае каштоўнасць. Хоць не адмаўляе, што сочыць за харчаваннем дагэтуль:

— Мая фігура не ідэальная, я прыводжу яе ў форму і зараз, але без шкоды для здароўя. Пасля анарэксіі да мяне ў сацыяльныя сеткі пачало прыходзіць шмат паведамленняў з пытаннямі аб пахудзенні ад дзяўчат-падлеткаў. Адказ заўсёды адзін: правільнае харчаванне і заняткі спортам. Да такіх рэкамендацый дадаю: калі не мець правільнага падыходу, можна страціць здароўе. Думаю, кожны павінен ведаць аб магчымых наступствах.


Таццяна Валовіч, урач-псіхолаг:

— Паводле ацэнак экспертаў, ад 60 да 70 тысяч беларусаў маюць адхіленні ў харчовых паводзінах. Жанчыны пакутуюць на нервовую анарэксію часцей, чым мужчыны, у суадносінах дзесяць чалавек да аднаго. Кожны год фіксуецца тысяча новых выпадкаў у прадстаўніц прыгожага полу ва ўзросце ад 13 да 23 гадоў.

У тры разы часцей хварэюць на булімію, чым на анарэксію. Расстройствы могуць быць выкліканы выхаваннем, звычкамі, асабістым густам, традыцыямі ў сям'і.

Да нядаўняга часу лічылася, што ў аснове анарэксіі ляжыць выключна псіхапаталогія. Але сучасныя даследаванні сведчаць, што гэта цэлы комплекс фактараў, уключаючы генетычную схільнасць. Даследчыкі і псіхолагі актыўна абмяркоўваюць ролю траўміруючых падзей ва ўзнікненні парушэнняў харчовых паводзін. Нервовая анарэксія можа праявіцца адзін раз за жыццё ці стаць хранічным захворваннем. Пацвярджэнне таму — нядаўняе адкрыццё Сінціі Б'юлік (ЗША), вядучага сусветнага спецыяліста па анарэксіі. Каманда навукоўцаў пад яе кіраўніцтвам выявіла ў 12-й храмасоме ўчастак, які адказвае за развіццё гэтай хваробы.

Асобы з парушэннямі харчовых паводзін характарызуюцца перфекцыянізмам, адчуваннем немагчымасці кантраляваць сваё жыццё, павышанай ранімасцю, адзінотай, нізкай самаацэнкай, цяжкасцямі ў распазнанні сігналаў цела. Да таго ж гэта медыцынскі дыягназ, таму зварот да спецыялістаў (псіхатэрапеўта, псіхіятра, псіхолага) лічу абавязковым.

Дар'я Шлапакова, студэнтка IV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.