Вы тут

Сёння стартуе ХІV Беларускі міжнародны медыяфорум


Сёння стартуе ХІV Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства». Учора замежныя госці форуму наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас экскурсіі яны пазнаёміліся з экспазіцыямі і калекцыямі музея, згадалі імёны герояў, больш даведаліся пра трагедыі, якія адбываліся на нашай зямлі.


— Мы ведаем, што самы спусташальны ўдар атрымала ў першую чаргу беларуская зямля. За гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ страціў каля трох мільёнаў жыхароў — амаль трэць насельніцтва краіны. Гэта вялікае гора. Гляджу рарытэты гэтага новага музея, мадэрнізаванага па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, і адчуваю боль тых людзей, — дзяліўся ўражаннямі падчас экскурсіі карэспандэнт Азербайджанскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Азертадж» Азіз Мамедаў. — У нас агульная гісторыя, мы абавязаны разам расказваць пра мужнасць савецкага народа. Загінулі мільёны людзей! Кожны народ нёс страты. Азербайджан накіраваў на вайну каля 700 тысяч сваіх сыноў, палова з якіх не вярнулася. Я даведаўся, што кожны год сюды прыносяць да 700—800 рарытэтаў, а гэта азначае, што людзі разумеюць — памяць пра вайну неабходна перадаваць маладому пакаленню, каб пазбегнуць паўтарэння такіх падзей. Гэта трагедыя павінна застацца ў ХХ стагоддзі, не перайсці ў ХХІ.

— Сёння ва ўсіх краінах вядзецца маштабная падрыхтоўка да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі. Дзякуючы знаёмству з музеем мы ўбачылі, якая цяжкая была вайна і як увесь савецкі народ змагаўся супраць захопнікаў. Да абароны Беларусі прычыніліся і нашы землякі. І мы ўдзячны беларускаму народу, які захоўвае памяць пра гэта — у Мінску стаіць помнік Герою Савецкага Саюза Джумашу Асаналіеву, што загінуў падчас вызвалення Беларусі, — заўважыў Абдыкадыр Султанбаеў, старшыня Саюза журналістаў Кыргызскай рэспублікі.

Госці падзяліліся сваімі меркаваннямі, як сёння трэба працаваць з ваеннай тэматыкай. Так, венгерскі журналіст Габар Шцір, які піша артыкулы для штотыднёвікаў «Венгерскі голас», «Дэмакрата» і для партала «Плошча Масквы», заўважыў, што самае галоўнае пра вайну людзі ўжо ведаюць, сведкі ўсё, што маглі, расказалі, надыходзіць час гісторыкаў, калі на аснове інфармацыі многае можна рэканструяваць. Важна толькі не скажаць звесткі, захаваць аб'ектыўныя падыходы да тэмы, не палітызаваць, бо сёння некаторыя заходнія сродкі масавай інфармацыі робяць памылкі, змяншаюць ролю і гераізм савецкага народа, і, на жаль, часта гэта адбываецца з прычыны таго, што адносіны паміж Расіяй і Захадам сталі больш «халоднымі». Таксама Габар падзяліўся тым, якія б тэмы хацеў пабачыць абмеркаванымі на медыяфоруме. Так, ён жадае даведацца, як калегі глядзяць на будучыню друкаваных СМІ, як можна мадэрнізаваць прафесію. Ён упэўнены, што новыя тэхналогіі, тыя ж «разумныя тэлефоны», не паўплываюць на сутнасць журналістыкі. СМІ будуць запатрабаваныя, роля журналістаў застанецца ранейшай — збіраць і фільтраваць звесткі, бо, з аднаго боку, інфармацыі пра тое, што адбываецца ў свеце, становіцца ўсё больш, а з іншага — складваецца ўражанне, што чалавек ведае не так шмат, таму што часу для адбору фактаў не хапае.

Таццяна Кузняцова, дэкан факультэта журналістыкі Нацыянальнага ўніверсітэта «Адэская юрыдычная акадэмія», заўважыла, што сёння робяцца вядомымі новыя старонкі гісторыі, якія трэба вывучаць. «Вайна — рана, якая баліць усім, хто меў да яе дачыненне. Але мы бачым, як мяняецца ход гісторыі і як па-рознаму інфармацыя інтэрпрэтуецца. Я лічу, што нельга спекуляваць гэтай тэмай, правакаваць людзей на канфлікты, трэба навучыцца ўспрымаць рэальнасць і новыя факты правільна». Яна заўважыла, што адна з важных тэм, якая будзе абмяркоўвацца на медыяфоруме, — праблема адрознення фэйкавых навін. Змагацца з ёй, на яе думку, можна двума шляхамі — па-першае, павышаць медыяпісьменнасць, вучыць людзей думаць, аналізаваць і самастойна вырашаць, дзе сапраўдныя навіны, а дзе фэйк, а, па-другое, СМІ павінны адпавядаць стандартам журналістыкі, ствараць якасную інфармацыю і працаваць на імідж і давер чытачоў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».