Вы тут

Салаўіная песня


З тым старшынёй раённага Савета дэпутатаў мы ехалі ў аддалены сельсавет. За акном машыны былі яшчэ крыху шэрыя красавіцкія пейзажы, прырода не зусім абудзілася, але ўжо дыхалася чаканнем вясны. Аляксандр Фёдаравіч заўважыў, што найлепшай магчымасцю стасункаў з прыродай усё жыццё лічыў рыбалку. І, як кожны рыбак, можа згадаць процьму цікавых выпадкаў.


Але трыумфам свайго рыбацкага шчасця лічыць не здаравеннага ліня альбо дзесяцікілаграмовага шчупака, якіх удалося вылавіць у розных рэках і азёрах, а... салаўіную песню. Не зусім звычайную. Вось яго аповед у крыху скарочаным выглядзе:

— Таму ўжо мінула не менш за пятнаццаць гадоў. Неяк вясной паехалі мы са сваяком, які мой даўні таварыш па рыбалцы, на канал. Усе мясцовыя рыбакі знаюць тое месца, там надзвычай добра ловяцца карасі. Можа, тады і дзень выдаўся такі, што сышліся многія прыродныя фактары, але рыба бралася як ніколі. Мы прыехалі рана, сталі аднымі з першых рыбакоў, і за гадзіну-другую ў маім вядры набралася кілаграмаў да чатырох добрых карасікаў. Варта было толькі чапляць прынаду на кручок і выцягваць новую рыбіну... Але раптам заспяваў салавей. Можа, нават не адзін, а два-тры адразу. Потым дабавіліся яшчэ птушкі і яшчэ, за імі — іншыя.

Не раз успамінаў даўні выпадак і разважаў, як можа быць, што некалькі дзясяткаў салаўёў «загаварылі» ў адным месцы. Можа, яны нейкім чынам прачнуліся пасля стомы ад доўгага пералёту. Ніколі ні да гэтага, ні пасля не давялося чуць ад дваццаці да трыццаці салаўёў адначасова. Гэта было нешта неверагоднае, нібы ты трапіў у рай. Альбо быццам нехта знарок з дапамогай камп'ютарных тэхналогій склаў спевы многіх птушак і зманціраваў кампазіцыю. Але ўсё было ўжывую і наяве. Тады толькі ўвайшлі ва ўжытак простыя кнопачныя тэлефоны, нават запісаць не было чым гэткі цуд.

Я кінуў вуду, што называецца, рот разявіў, слухаючы такую раскошу. Потым узяў сваю плашч-палатку, выйшаў на бераг канала, лёг, заплюшчыў вочы і пачаў слухаць. Мой сваяк падышоў і стаў ушчуваць: «Ты што, здурнеў, самы клёў, а ты валяешся?!» Я не палічыў патрэбным спрачацца, нават каб не адцягваць уласную ўвагу. Але праз паўгадзіны, можа і менш, ён прыйшоў і лёг побач. Так мы ляжалі і слухалі тыя незвычайныя спевы гадзіны дзве, а то і болей.

Цікава, што назаўтра мяне выклікаў да сябе мой начальнік і спытаў: «Учора лавіў рыбу на такім канале?» Адказваю, што лавіў. «А салаўя слухаў?» — «Слухаў, — кажу, — і не салаўя, а салаўёў». — «Ну я так і падумаў, што ты. А то сёння рабочыя прыйшлі на змену і дзеляцца ўражаннямі выхаднога дня. Гавораць, што на канале карасі браліся, як ужо не было даўно. А нейкія два дурні з райцэнтра замест таго, каб рыбу цягаць, разлягліся і салаўёў слухалі».

Той аповед Аляксандра Фёдаравіча згадала во цяпер, калі ўпершыню за гэтую вясну пачула салаўя, ужо ў сярэдзіне мая. Можа, ён не спяваў у нас, бо не было дажджу? У нашай мясцовасці, каля горада Высокае Камянецкага раёна, дзе знаходзіцца мая дача, за ўвесь красавік, аж да 12 мая, не выпала, лічы, ні кроплі. З цікавасцю чытала, як у Гомелі, у Магілёве залівала, як праходзіў дожджык у Мінску, нават у Брэсце ён сякі-такі прайшоў. А на маім вясковым падворку трава высахла і счарнела ад засухі. Сапраўдны дождж пайшоў толькі 15-га. І ў мінулыя выхадныя, нібы прамачыўшы горла, заспяваў салоўка. А можа, і праўда, яму не хапала вадзіцы? Вераб'і, напрыклад, не чакалі міласці ад прыроды: варта было наліць у начоўкі ці вялікія каструлі ваду для паліву, яны наляталі чарадой, станавіліся ў рад і наталялі смагу. Праўда, пры гэтым пакідалі ў пасудзінах прадукты сваёй вераб'інай жыццядзейнасці, за што я вечна на іх бурчэла: далёка вам, маўляў, у рэчку за трыста метраў злятаць. Хаця мой сын лічыць, што вераб'і не рызыкуюць піць з ракі, бо баяцца ўтапіцца. Затое людзей яны зусім не баяцца.

Ну а салавей жа не прыляціць на падворак. Ён асцярожны і баязлівы, як і належыць сапраўднаму таленту. Потым пачытала пра гэту птушку ў інтэрнэце, яна сапраўды вучонымі-арнітолагамі вызначаецца як вільгацелюбівая. Не будзе спяваць салоўка, пакуль не нап'ецца. А яшчэ цікава, што, як аказалася, ноччу ён спявае для самкі, каб яе прывабіць, а днём для сваіх таварышаў, каб указаць, што тэрыторыя занятая. Самачка ж, перш чым вызначыцца з месцам для пражывання і вывядзення нашчадкаў, наведвае некалькіх салаўёў: чыя песня спадабаецца больш, з тым і застаецца на ўсё лета. Вось чаму ва ўсіх творах мастацтва згадваюць салаўя, а ўсе закаханыя, лічыцца, павінны яго слухаць. Вясна, шаноўнае спадарства! Слухайце салаўя, каб не спазніцца на цэлы год, як той паравозік з Рамашкава. Бо, калі ў салаўя паявяцца птушаняты, яму стане не да песень.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?