Вы тут

Ратаўнікі дэманструюць майстэрства прамысловага альпінізму


Найлепшыя ратавальнікі з усёй краіны паказваюць сваё майстэрства прамысловага альпінізму, уменне ратаваць людзей на вышыні і неверагодную здольнасць менш як за чатыры хвіліны ўзбегчы на 32 паверх. Спаборніцтвы праходзяць 22 і 23 мая у два этапы. Сёння ратавальнікі адольвалі дыстанцыю, на якой арганізатары сабралі для іх бадай што ўсе магчымыя перашкоды, з якімі пажарныя сутыкаюцца на службе. Скокі праз агароджу, бег у альпінісцкай абвязцы з дадатковымі 10-15 кілаграмамі амуніцыі за плячыма, пад’ём і спуск па сценах 4- і 7-павярховікаў… Пад канец дыстанцыі некаторыя проста падалі, бо акрамя правільнай і бяспечнай тэхнікі ратавання, трэба было паказаць яшчэ і хуткасць.


Паліспаст, цірольскія поручні і выратаванне на вышыні

У кожнай з каманд па шэсць удзельнікаў. Спаборнічаюць не толькі ратавальнікі, якія ўжо служаць у аварыйна-ратавальных часцях, але і курсанты, і нават выкладчыкі. На дыстанцыю, якая прадстаўляе сабой комплекс разнастайных элементаў і практыкаванняў, што падзяляюцца па розных кірунках, спартсмены стартуюць па двое.

— Спаборніцтвы этапу сёняшняга дня — “Прамысловага альпінізму” — мы прывезлі ў 2005-м з Польшчы. Там гэты накірунак вельмі моцна развіты. Асноўная задача яго — псіхалагічна і практычна прывучыць нашых ратавальнікаў працаваць на вышыні. Усе моманты працы з альпінісцкай амуніцыяй рэгламентаваны і выконваюцца ў прынцыпе аданатыпна, — кажа Сяргей ВЕЧАР, намеснік начальніка Цэнтральнага падраздзялення па надзвычайных сітуацыях Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.

Сяргей ВЕЧАР, ратаўнік Мінскага гарадскога падраздзялення МНС

Агняборцы правяраюць сваю фізічную падрыхтоўку праз бег і пераадоленне вертыкальнай сцяны-перашкоды. Адпрацоўваюцца таксама элементы доступу да месца правядзення работ, бо перш чым пачаць аказваць дапамогу, трэба дабрацца да пацярпелага.

На дыстанцыі прысутнічаюць і непасрэдна выратавальныя работы — са сцяны на ўзроўні другога паверха трэба транспарціраваць уніз два манекены, якія граюць ролю пацярпелых.

Трываласць хлопцаў правяраюць праз элемент паліспаст — пад’ём грузу ад 50 да 70 кілаграмаў з дапамогай моцы чалавека. А падчас пад’ёму па цірольскіх поручнях у акно другога паверха па нацягнутай з зямлі вяроўцы, якую ў Польшчы празвалі “кілер”, выпрабоўваецца характар ратавальніка.

У сярэднім увесь этап хлопцы адольваюць за 17 хвілін. Пры гэтым выкарыстоўваецца прафесійнае абсталяванне, якое прымяняецца ў выратавальных аперацыях.

Лёха, цярпі!

Падчас праходжання дыстанцыі ўдзельнікі ратуюць двух манекенаў са сцяны чатырохпавярховіка і некалькі “людзей” з-пад купала будынка вышынёй у сем паверхаў. Перад гэтым яны пераскокваюць праз невялікую сцяну-перашкоду і ўздымаюцца па фасаду быдынкаў. Усе ўмовы надзвычайнай сітуацыі тут набліжаны да рэальных.

— Звычайна ратавальнікі спускаюць чалавека ўздоўж сцяны, калі іншага спосабу транспарціроўка не застаецца, — каментуе Марыя КЛЯЗОВІЧ, афіцыйны прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра ўпраўлення і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Рэспублікі Беларусь. — Летась у Гомельскай вобласці жанчыну, напрыклад, спускалі з другога паверху, бо праз вузкія лесвічныя пралёты насілкі нельга было вынесці інакш. А другім разам дапамагалі кранаўшчыку, якому стала дрэнна ў кабіне. Яго трэба было даставіць уніз у правільнай паставе.

Перад выхадам на дыстанцыю хлопцы размінаюцца. Робяць практыкаванні на расцяжку, адціскваюцца, падцягваюцца, распрацоўваюць ступні.

Тэхніка пад’ёма па сцяне ў кожнага свая. Адзін хутка перабірае рукамі і нагамі па чарзе, другі падымаецца нейкімі скачкамі, трэці — натуральна як павук паўзе па сцяне.

— Задача спартсменаў на спаборніцтвах, як і пры баявым выяздзе, захаваць сваё жыццё і здароўе і паказаць хуткасць выканання, бо ў нашай працы кожная секунда дарагая, ад якой можа залежаць чалавечае жыццё, — заўважае Марыя Клязовіч.

Хлопцы вельмі стараюцца, і гэта бачна па іх сканцэнтраваным выглядзе і рухам. Сябры па камандзе дружна падтрымліваюць.

“Больш вагой уласнай даві, а не рукамі”, раяць аднаму з удзельнікаў, які намагаецца падняць дзве гіры ў 50 кілаграмаў на вышыню другога паверха.

“Лёха, цярпі! Паўзі!”, - наказваюць ратавальніку, які ўздымаецца па цірольскіх пярылах.

“Засталося ўжо крыху, ты зможаш”, падбадзёрвае ратавальніка, які ўжо на фінішнай прамой дыстанцыі, калега, які бяжыць побач з ім для падтрымкі.

Узровень, магчымасці і жаданні…

Уражанні ад спаборніцваў яркія. Усе ўдзельнікі накіраваны на перамогу і адзначаюць, што траса штогод удасканальваецца, а колькасць удзельнікаў павялічваецца.

— Летась я толькі этап “высоткі” выконваў (бег на верхні паверх будынка ў поўнай амуніцыі – рэд.), бо я ў гэтым мацнейшы, а сёлета ўсе члены каманды праходзяць усе этапы, — дзеліцца Станіслаў СІЛІВОНЧЫК, начальнік караула пажарна-аварыйнай ратавальнай часці № 4 Гомельскага абласнога падраздзялення МНС. — І ўзровень рабят вельмі падрос, бачна, што паляпшаюць уласныя вынікі мінулых гадоў, тыя, хто ўдзельнічае не ўпершыню. Гады два-тры таму мінчане былі па-за канкурэнцыяй. Мы прааналізавалі, чаго нам не хапае, пачалі больш сур’ёзна рыхтавацца. Прыязджалі, каб пазаймацца ў бегу на 32 пверх, бо ў нас ў Гомелі вышай за 20 паверхаў будынку няма. Цяпер мы ўжо шчыльна наблізіліся да мінскага аддзялення па ўзроўню падрыхтоўкі.

Станіслаў СІЛІВОНЧЫК, ратаўнік Гомельскага гарадскога падраздзялення МНС

Ёсць тут і ўдзельнікі, якія штогод займаюць прызавыя месцы ў асабістым першынстве. Адзін з такіх старажылаў конкурса, які за пяць гадоў тройчы станавіўся найлепшым ратавальнікам-высотнікам службы МНС, а таксама займаў другое і трэцяе месцы, зазначыў Віталь ФЯДЗЬКОВІЧ, выкладчык кафедры пажарнай аварыйна-ратавальнай падрыхтоўкі універсітэта грамадскай абароны МНС.

Віталь ФЯДЗЬКОВІЧ, выкладчык кафедры пажарнай аварыйна-ратавальнай падрыхтоўкі універсітэта грамадзянскай абароны МНС

— На дыстанцыі дадаюцца зусім нязначныя элементы, бо ўдасканальваецца абсталяванне, а так яна амаль не мяняецца, — кажа ён. — Ад сваіх студэнтаў мы патрабуем каласальную фізічную падрыхтоўку і жорсткае саблюдзенне ўмоў бяспекі на вышыні.

Адразу пасля замінкі — гэта калі спартсмен прабягаецца пасля дыстанцыі, каб падрыхтаваць мышцы да спаборніцтваў другога дня, пытаемся пра настрой і эмоцыі Андрэя БУЛЬКО, начальніка караула пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №3 г.Брэста:

— Удзельнічаем ўжо чацвёрты год, так што вопыт ёсць. Хацелася б вырвацца ў лідары, але трэба глядзець на іншых удзельнікаў, параўноўваць. Прайсці дыстанцыю сёння нішто не перашкаджала, акрамя ўласных магчымасцяў. Так што як выступілі, залежыць толькі ад нас саміх.

 

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.