Вы тут

Вестачкі ад “Ластаўкі”


Эстонская суполка ў Беларусі запрашае ўсіх на канцэрты аматарскіх фальклорных калектываў з Эстоніі


Олівер Манглус з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгай Антоненкай. Фота kultuuriseltsid.ee

Беларус у Эстоніі — не дзіва: каля 27 тысяч нашых супляменнікаў жывуць у прыбалтыйскай краіне, у некалькі разоў меншай за нашу. Іх можна сустрэць найперш у гарадах: Кохтла-Ярве, што славіцца радовішчамі гаручых сланцаў, Нарве (трэці па колькасці жыхароў у Эстоніі), Таліне — буйным пасажырскім і грузавым марскім порце. А эстонцаў у Беларусі значна менш: каля 250 чалавек. Беларусы дзякуючы СМІ добра ведаюць з іх найперш Олівера Манглуса, кіраўніка эстонскай суполкі “Ластаўка” ў Беларусі. У Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур яго цэняць за тое, што ён запрашае да нас у госці шмат гуртоў з Эстоніі, ладзіць канцэрты з удзелам эстонскіх аматарскіх калектываў.

Пры сустрэчы з Оліверам высветліла: ён імкнецца, каб прыязджалі выступаць да нас у першую чаргу “звычайныя эстонцы”. Гэта, на яго думку, тыя, хто ўдзень працуе на заводзе, у полі, у школе, інстытуце альбо іншай установе, а вечарам бярэ ў рукі музінструменты, спявае ў хоры, танцуе. “Многія з іх памятаюць сацыялістычнае мінулае, таму ім вельмі цікавая наша краіна, дзе таксама не забываюцца пра тыя часы”, — дзеліцца ён меркаваннямі. Апошнія сем гадоў выступленні такіх артыстаў у розных гарадах Беларусі праходзяць амаль штомесяц: з сакавіка да позняй восені. Олівер гаворыць, што цяпер ён і яго памагатыя з Эстоніі нават і не шукаюць “гастралёраў” спецыяльна — яны самі звяртаюцца да іх з просьбай арганізаваць паездкі ў Мінск. Відаць, добрая пагалоска пайшла.

Адзін з такіх канцэртаў прайшоў сёлета 26 красавіка у Доме культуры трактарнага завода ў Мінску пад назвай “Эстонія запрашае”. А нядаўна ў сталіцы гасцявалі 18 эстонскіх ветэранаў настольнага тэнісу.

90‑гадовая спявачка з выспы Кіхну і песні ад Георга Отса

Цёплыя стасункі між эстонцамі й беларусамі склаліся яшчэ ў савецкія часы, развіваюцца й сёння. Летась, напрыклад, упершыню ладзіліся Дні эстонскай культуры ў Мінску. Яны праходзілі ў Верхнім горадзе, запомніліся дружалюбнай атмасферай і асаблівым нацыянальным каларытам. На свята да Олівера Манглуса з Эстоніі прыехала больш 200 гасцей, і ўсё — этнічныя эстонцы. Былі калектывы Rahvuskultuurіselts Kіrmas, Tantsuaansambel Lee, сольныя выканаўцы Келлі Уустані і Пеетэр Калюумяе. Для беларусаў спяваў мужчынскі хор M. Ludіgі nіm. Meeskoorі, іграў самабытны духавы аркестр Saxson з курортнага горада Пярну. Вялікім сюрпрызам для мінчукоў было пабачыць і пачуць вядомую ў многіх краінах 90‑гадовую эстонку Вірве Кёстэр, заснавальніцу сямейнага ансамбля Pereansambel Kіhnu Vіrve. Многіх зацікавіла і сама выспа Кіхну, адкуль прыехала спявачка. Звычаі тае выспы мясцовыя жыхары захоўваюць і перадаюць ад старэйшых малодшым. Паміж сабой размаўляюць на дыялекце, які крыху адрозны ад эстонскай мовы. Жанчыны там і цяпер носяць нацыянальныя ваўняныя паласатыя спадніцы й ткуць для сябе тканіны, шыюць з іх адзенне. Там ёсць і музей, дзе сабрана калекцыя тых спадніц з самымі рознымі варыяцыямі палосак. 7 лістапада 2003 года ЮНЭСКА ўключыла культурны асяродак і традыцыі выспы Кіхну ў спіс шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.

Спявачка Вірве нарадзілася ў 1928 годзе ў Пярну, а цяпер жыве на выспе Кіхну, таму й сцэнічны псеўданім у яе: Вірве Кіхну. Не маючы музычнай адукацыі, напісала больш чым 400 песень. І сама спявае іх у складзе сямейнага ансамбля. Група гастралявала ў 10 краінах. Сама ж Вірве ў 80 гадоў не пабаялася ўпершыню скокнуць з парашутам. Так што яе жыццёвай энергіі можна толькі пазайздросціць.

Эстонцы на фестывалі ў Мінску ў Верхнім горадзе. minsknews.by

І сёлета суполка “Ластаўка” плануе правесці Дні эстонскай культуры ў Верхнім горадзе Мінска. Зноў запрашаюць каля 250 гасцей з Эстоніі. Яны, як і раней, будуць спяваць, танцаваць, капціць рыбу. Зноў будзе граць аркестр Saxson з Пярну пад кіраўніцтвам Тэнела Вілланда і Кайда Ківі. Асаблівасцю ж праграмы стане выкананне артыстамі песень выбітнага эстонскага савецкага опернага й эстраднага спевака (лірычны барытон) Георга Карлавіча Отса (эст. Georg Ots, 1920–1975). Нам ён вядомы па песнях “Хотят ли русские войны”, “Я люблю тебя, жизнь”, “Подмосковные вечера”, “Одинокая гармонь”…

Олівер Манглус расказаў, што артысты з Эстоніі ў часе гастроляў па Беларусі часта знаёмяцца з падобнымі беларускімі творчымі гуртамі. А новыя сябры дапамагаюць гасцям далучацца да культурных традыцый беларусаў. Скажам, плённым для іх аказалася знаёмства з ансамблем беларускай песні “Церніца”, які займаецца аднаўленнем нацыянальных традыцый. Эстонцаў уразілі прыгожыя строі салістаў, інструменты, пад акампанемент якіх яны выступаюць. Даведаліся госці, што ў Магілёўскай вобласці ёсць сямейны ансамбль “Ваакс” (Арэхаўская дзіцячая школа мастацтваў, Клічаўскі раён), які спявае этнічныя эстонскія песні. Летась ён стаў пераможцам у намінацыі “Інструментальны жанр” на конкурсе “Зоркі фестывалю”, які прайшоў напрыканцы XІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Олівер Манглус добра ведае калектыў, спрыяў яго паездкам з канцэртамі ў Эстонію.

Пасля спеваў і танцаў — прамысловы турызм

У Беларусі эстонец Олівер Манглус жыве ўжо 20 гадоў. Жанаты з беларускаю, мае дачку. Яму вельмі падабаецца наша краіна, яе прырода й жыхары. А тое, што кіраўнік суполкі эстонцаў пачаў шмат займацца й культурнай дзейнасцю, — гэта хутчэй жаданне яго сэрца, чым абавязак. Запрашаючы ў Беларусь творчыя гурты з Эстоніі, ён імкнецца паказаць суайчыннікам, як добра жывецца яму ды іншым на Беларусі. І Олівер гатовы займацца тым, пакуль хопіць сілаў і ахвоты.

Культурныя стасункі беларусаў і эстонцаў, на думку Олівера, павінны паспрыяць узаемаадносінам на глебе бізнесу. Сам ён, калі прыехаў у Беларусь у 1997‑м, спрабаваў займацца розным. Цікавіўся лесам, ільном, вырабам драўляных домікаў. Па яго словах, эстонцам цікавы прамысловы турызм. У Беларусі ж папулярныя індывідуальныя й карпаратыўныя экскурсіі на розныя прадпрыемствы. Эстонцы апошнім часам змаглі пазнаёміцца са шкляной вытворчасцю завода “Нёман”: гэта Бярозаўка на Гродзеншчыне. Патрапілі на экскурсію і ў Жодзіна, дзе ўбачылі, як нараджаюцца гіганты БЕЛАЗы. Наведалі прадпрыемства жаночай бялізны “Mіlavіtsa”, кандытарскую фабрыку “Камунарка” ў Мінску, пабывалі ў магазіне “Лянок”, на малочных камбінатах, у калгасах і саўгасах. Вельмі цікавай для эстонцаў застаецца беларуская сталіца, дзе працуе шмат прамысловых прадпрыемстваў.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».