Вы тут

«Дэпутат павінен успрымаць праблемы выбаршчыкаў як свае асабістыя»


Які гаспадар не любіць праводзіць вольны час на прысядзібным участку? Высаджваць кветкі, дэкаратыўныя кусты, даглядаць іх — гэтыя клопаты прыносяць задавальненне, зарад станоўчых эмоцый. З іншага боку, гэта — найлепшы адпачынак. Сапраўды, прыемна, калі на падворку, каля дома шмат зеляніны, утульнасць, чысціня. Дбайныя людзі робяць Мінскую вобласць больш прыгожай, непаўторнай, камфортнай для пражывання. Плённа папрацавалі жыхары цэнтральнага рэгіёна разам з дэпутатамі, мясцовымі саветамі падчас месячніка навядзення парадку на зямлі.


— Ці не так, Наталля Віктараўна?

— Разам з дэпутацкім корпусам 28-га склікання ў цэнтр сваёй работы мы ставім добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі. Гэтага патрабуюць даручэнні кіраўніка дзяржавы, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыні Мінаблвыканкама. Канешне, мы і самі добра разумеем, што для нас гэтыя пытанні з'яўляюцца прыярытэтнымі.

У красавіку на Міншчыне прайшоў месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Можна сказаць, што ні адзін населены пункт не застаўся без нашай увагі. Работу мы пабудавалі такім чынам, каб у ёй былі задзейнічаны дэпутаты сумесна з нашымі грамадзянамі. Бо, як вядома, паважаныя выбаршчыкі — першыя нашы памочнікі. Для нас было вельмі важна прыцягнуць іх да навядзення парадку. І яны адгукнуліся на заклік. Не памылюся, калі скажу, што ўсе гаспадары неабыякавыя да прыгажосці, кожнаму з іх прыемна, калі на тэрыторыі яго домаўладання ўсё добра. Мы прасілі жыхароў цэнтральнага рэгіёна перш за ўсё звярнуць увагу на стан агароджаў, платоў вакол сваіх дамоў. Многія пачулі нас, выйшлі, паправілі іх. Тыя, што на балансе сельсаветаў, мы зноў жа ўладкоўвалі, фарбавалі, выраўноўвалі сумесна з насельніцтвам.

У полі нашага зроку і парадак на грамадзянскіх могілках. Гэты кірунак працы, лічу, вельмі важны для ўсіх нас, гэта даніна памяці нашым блізкім, родным, сваякам. Гэта месцы, да якіх ніхто не можа застацца абыякавым. Добраўпарадкоўваць могілкі дапамагалі старасты вёсак — вялікі ім дзякуй. Грамадзян, якія прыходзілі прыбіраць пахаванні сваіх блізкіх, мы прасілі навесці парадак па перыметры, за тэрыторыяй могілак. І людзі пачулі нашу просьбу і пасадзейнічалі. Вялікую ўвагу аддаём мы стану помнікаў, брацкіх магіл, мемарыялаў, воінскіх пахаванняў. Тыя трагічныя падзеі мы не маем права забываць: неабходна помніць і ўшаноўваць памяць людзей, якія аддалі жыццё за нашу будучыню, і захаваць гэтую памяць для нашчадкаў.

Акрамя таго, шмат зроблена па навядзенні парадку абапал аўтадарог у ходзе падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскіх гульняў, па азеляненні гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Я папрасіла старшынь сельсаветаў вызначыць у кожным населеным пункце знакавыя месцы, дзе людзі маглі б адпачыць. Такія месцы павінны быць зялёнымі, прыгожымі, з малымі архітэктурнымі формамі. Будынкі сельсаветаў — гэта таксама наш твар. І мы звяртаем увагу на іх стан, шукаем крыніцы фінансавання, для таго каб прывесці іх у належны выгляд.

— А як справы са зносам і выкарыстаннем старога і пустуючага жылля?

— Гэтая работа праводзіцца ў межах Указа Прэзідэнта № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». Такога ў вобласці дастаткова шмат, і яго колькасць павялічваецца. Мы правялі інвентарызацыю гэтых дамоў, вызначылі іх колькасць. Цяпер фарміруем рэестр, для таго каб у далейшым звяртацца з іскавымі заявамі ў суд, і па яго рашэнні мы зможам накіроўваць бюджэтныя сродкі на знос або прадаваць з аўкцыёну тыя дамы, якія будуць карыстацца попытам. Такім чынам мы будзем прыцягваць у сельскагаспадарчы абарот нерухомасць і зямельныя ўчасткі.

— На працягу мінулага года для дэпутатаў сур'ёзным экзаменам стала выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Сёлета работа ў межах гэтага дакумента працягваецца?

— Летась у кожным раёне вобласці і горадзе Жодзіна былі створаны камісіі, прычым у самым шырокім складзе. Усяго іх 23. Людзі звярталіся сюды не толькі па заяўленым прынцыпе. Мы і самі іх запрашалі, прапаноўвалі работу. Мы не ставілі мэты выкрыць, абвінаваціць чалавека ў тым, што ён не працуе. Для камісій было прынцыпова важна працаўладкаваць яго. Мы папярэджвалі працаздольных не занятых у эканоміцы грамадзян, што з 1 студзеня яны будуць аплачваць сабекошт паслуг гарачага водазабеспячэння ў памеры 100 %.

Дадам, што заяўнікі звярталіся таксама і па кансультацыю па самых розных пытаннях. І яны атрымалі адказы, змаглі вырашыць шырокі спектр пытанняў, паколькі ў камісіях працавалі розныя спецыялісты. Каля 10 тысяч грамадзян камісіі змаглі ўладкаваць на працу, каля 11 тысячам аказалі кансультацыйную дапамогу.

Камісіі працягваюць работу і ў 2019 годзе. Сюды можна прыйсці і папрасіць разгледзець пытанне аб працаўладкаванні. І тут абавязкова дапамогуць усім ахвотным.

— Наталля Віктараўна, як кажуць, генерала робіць світа. Інакш без аднадумцаў цяжка дабіцца станоўчага. Вы задаволены сваёй камандай?

— Я характарызую каманду дэпутатаў як працаздольную, ініцыятыўную, мэтанакіраваную. Думаю, мы многае зможам зрабіць з цяперашнім дэпутацкім корпусам. Дзякуй усім за работу, спагаду да праблем людзей і неабыякавасць. Ну а кіраўніцтву вобласці — словы ўдзячнасці за падтрымку, разуменне, за сумесную справу.

— Якія рысы, на вашу думку, павінен мець народны выбраннік перш за ўсё?

— У першую чаргу ён павінен умець выслухаць людзей і ўспрыняць праблему свайго выбаршчыка як асабістую. Менавіта для гэтага грамадзяне даверылі нам такія пачэсныя пасады. І мы павінны апраўдаць іх давер, быць адкрытымі, адчуваць любую сітуацыю. Дэпутатаў сельвыканкамаў нацэльваю на тое, каб яны вызначылі пласт праблем, якія паўтараюцца, каб у далейшым выключаць іх, шукаць фінансаванне, закладваць выдаткі на іх вырашэнне ў бюджэты і тым самым выпраўляць сітуацыю. Асабіста мне падабаецца працаваць з людзьмі, не толькі выслухоўваць нейкія праблемы, але і вырашаць іх. Мяне радуе, калі ўсё складваецца і я бачу ўсмешкі жыхароў Міншчыны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.