Вы тут

Якія пытанні задавалі выбаршчыкі Наталлі Якубіцкай?


Звароты самай рознай тэматыкі ад жыхароў цэнтральнага рэгіёна паступаюць на прамую тэлефонную лінію, што праводзіць старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. «МС» пацікавілася, якія пытанні пераважалі на нядаўняй сувязі.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА мае ілюстрацыйны характар.

Небяспечныя і неўладкаваныя дарогі

Кацярына Сергіевіч паскардзілася, што праз вёску Казыры Лагойскага раёна ходзяць машыны вялікай грузападымальнасці, якія возяць пясок з кар'ера на асфальтабетонны завод. Мнагатонны транспарт разбівае дарогу, стварае небяспеку для людзей. Пры гэтым кіроўцы ігнаруюць аб'язны шлях, спецыяльна для іх пабудаваны.

Наталля Якубіцкая пагадзілася, што пытанне вельмі патрабуе неадкладнага вырашэння, таму патэлефанавала старшыні Лагойскага райвыканкама і старшыні раённага Савета дэпутатаў і папрасіла пракантраляваць, каб на ўездзе паставілі забараняльны для праезду грузавога транспарту знак.

Яшчэ адзін аналагічны званок паступіў з Лагойскага раёна ад Алены Музычэнка. Жанчына паскардзілася, што праз вёску Пархава снуюць машыны, гружаныя пяском. У выніку пастаяннай вібрацыі па сценах яе дома пайшлі трэшчыны. А аб'язной дарогі няма. Наталля Якубіцкая абяцала разабрацца ў сітуацыі.

Аляксандр Шушкевіч з Чэрвеньскага раёна прасіў пахадайнічаць перад адпаведнымі службамі, каб замянілі разбіты асфальт на асобных участках дарогі ад Старога Прудка да Раваніч.

— І колькі гэта будзе ў кіламетрах? — пацікавілася Наталля Якубіцкая.

— Недзе каля пяці, — быў адказ.

— Абнадзейваць я вас не магу. Усё залежыць ад таго, ці вызначана фінансаванне, ці закладзена неабходная сума ў бюджэце непасрэдна на рамонт менавіта гэтай дарогі. Высветлю ў раённага кіраўніцтва.

Шлях да памяці

— У 1990 гады старшыня мясцовага калгаса выдаткаваў грошы на пракладку дарогі ў вёсцы Траскаўшчына Мінскага раёна, якая вядзе да воінскага пахавання. Кожны год на Дзень Перамогі, Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут збіраліся людзі, ветэраны, каб аддаць даніну памяці загінуўшым. Летась кацельная пачала вазіць па гэтай дарозе дровы, і яна прыйшла ў непрыдатнасць, — расказаў Аляксандр Ключнік.

Мужчына неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва раёна, каб адрамантавалі дарогу, апошні раз — у красавіку. Яму паабяцалі, што выканаюць просьбу. Але воз і сёння там.

Наталля Якубіцкая падзякавала Аляксандру Кузьмічу за неабыякавасць і даручыла старшыні Мінскага раённага Савета дэпутатаў Юліі Бялянкінай разабрацца ў сітуацыі. Акрамя таго, паабяцала, што выедзе на месца сама.

Не дазваніцца

У вёсцы Лукашы Гаранскага сельсавета нельга дазваніцца па мабільніку — сотавая сувязь не бярэ. Дрэнна працуе яна і ў вёсцы Падневічы Валожынскага раёна. Людзі не могуць выклікаць нават хуткую дапамогу. У аграгарадку Наваполле пасля прафілактычных работ на рэтранслятары ў Калодзішчах пачаліся праблемы з каналамі тэлебачання — слабы сігнал. У вёсцы Раз'езд Фалічы Старадарожскага раёна, дзе ў асноўным жывуць дачнікі, з перабоямі працуе інтэрнэт. Жыхары сцвярджаюць, што для яго работы неабходна ўстанавіць узмацняльнікі, якія яны згодныя купіць за ўласны кошт. Наталля Якубіцкая паабяцала адрасаваць усе гэтыя пытанні кіраўніцтву Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам».

Нічыйны дом і абыякавы гаспадар

Надзвычай актуальнае пытанне ўзняў жыхар вуліцы Партызанскай з Барысава Ігар Уладзіміравіч. Ён пражывае ў прыватным сектары. Па адзін бок ад яго дома знаходзіцца ўчастак, які зарастае пустазеллем, — гаспадар за ім не даглядае, не абкошвае. А па другі бок — наогул ніхто не жыве, гаспадарчыя пабудовы прыходзяць у заняпад, разбураецца дах. Мужчына ўжо некалькі гадоў звяртаецца да мясцовых уладаў з просьбай аддаць пустуючы ўчастак дбайным людзям, а на другім прымусіць уладальніка навесці парадак.

Наталля Якубіцкая даручыла старшыні Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пятру Навіцкаму высветліць, каму належаць участкі, і разабрацца з гэтым пытаннем.

— А я, у сваю чаргу, вазьму сітуацыю пад асабісты кантроль, — запэўніла яна заяўніка.

Адхіліўся ад праекта

Віктар Саланевіч з вёскі Чэчына Дзяржынскага раёна на сваім зямельным участку пабудаваў летнюю кухню, але не можа ўвесці яе ў эксплуатацыю. Старшыня мясцовага сельвыканкама не падпісвае адпаведны акт. Хаця, як сцвярджае заяўнік, на будаўніцтва памяшкання ён браў дазвол, ёсць зацверджаны праект.

— Магчыма, вы адхіліліся ад праекта? — выказала меркаванне Наталля Віктараўна. — Вышыня, шырыня вытрымана?

— Там, дзе быў ухіл каля метра, я зрабіў падвал, — прызнаўся заяўнік.

Разам з тым Наталля Якубіцкая паабяцала, што накіруе зварот старшыням Дзяржынскага райсавета і Фаніпальскага сельсавета, якія разам з кампетэнтнымі службамі выедуць на месца, каб разабрацца ў сітуацыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Чым зможам — дапаможам

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Летась Падатковы кодэкс Беларусі зазнаў істотныя змяненні.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.