Вы тут

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы


Смілавіцкі сельсавет не толькі самы буйны ў Чэрвеньскім раёне, але і адзін з найбуйнейшых у Мінскай вобласці. Толькі ў гарадскім пасёлку Смілавічы пражывае 7,5 тысячы чалавек. І з кожным годам колькасць насельніцтва павялічваецца. Дэмаграфічнай сітуацыі спрыяе зручнае геаграфічнае становішча, блізкасць да Мінска. А яшчэ населены пункт параўноўваюць са спальным раёнам. Каля 50—60 працэнтаў грамадзян працуе ў Мінску, а вечарам вяртаецца дадому. Шмат жыхароў Смілавіч занятыя і ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Хто хоча працаваць, той не шукае прычыну

— Калісьці на гарбарным заводзе, які быў горадаўтваральным для пасёлка, налічвалася 500 рабочых месцаў, затым іх колькасць знізілася да 300, і прадпрыемства закрылі. У выніку людзі страцілі работу. Хтосьці ўладкаваўся на аналагічную вытворчасць у Гатава. Добра, што завод дастаўляе людзей на работу і назад сваім транспартам, — расказвае старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Уладзімір Кулагін. — Цяпер у пасёлку няма буйных прадпрыемстваў. Засталася толькі валюшна-лямцавая фабрыка. Раней тут штат дасягаў 150 чалавек, выпускалася каля 200 тысяч пар валёнак, а таксама — якасныя, з натуральнай воўны коўдры, падушкі. Калі я працаваў на фабрыцы, то і тады кваліфікаваныя спецыялісты і рабочыя сыходзілі з-за невялікіх заробкаў. Цяпер тут становішча, скажам так, цяжкае, колькасць работнікаў скарацілася больш як напалову.

Але, па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, сітуацыя выпраўляецца. У Смілавічы прыходзіць прыватны бізнес. Напрыклад, на базе гарбарнага завода пасля рэканструкцыі кампанія СП ТАА «Рэб-Фарма» адкрыла вытворчасць медыцынскіх прэпаратаў. Гэта сумесны турэцка-беларускі бізнес. Цяпер прадпрыемства ў стадыі станаўлення і колькасць рабочых месцаў невялікая. Але ўладальнікі абяцаюць у перспектыве стварыць іх да 300. Для Смілавіч гэта важкая падтрымка.

На тэрыторыі сельсавета наладжана таксама вытворчасць вокнаў, у вёсцы Кулікі ТАА «Легір» выпускае бытоўкі для паўночных раёнаў Расіі. Гэтыя цёплыя дыхтоўныя збудаванні прызначаны для пражывання тых, хто працуе вахтавым метадам. Яшчэ адно прадпрыемства, ТАА «Англійскі газон», вырошчвае газонную траву і рулонамі пастаўляе прадукцыю па ўсёй Беларусі. Акрамя таго, на прадпрыемстве СП ТАА «Стартфрукт» запускаецца цэх па вытворчасці сухафруктаў і перапрацоўцы ягад і пладоў на джэм і павідла, які прапаноўвае 20 новых рабочых месцаў. У вёсцы Заполле, дзе пражывае больш за 1,5 тысячы чалавек, прадпрымальнік вырабляе сучасную секцыйную сетку для агароджы, вароты. Некалькі прадпрыемстваў займаюцца дрэваапрацоўкай.

Цікавасць дзелавых людзей да Смілавіцкага сельсавета мой суразмоўнік звязвае з тым, што да сталіцы — рукой падаць: аўтобусам, маршруткай — 20—30 хвілін. Акрамя таго, у сельскай мясцовасці і малых населеных пунктах пры адкрыцці вытворчых магутнасцяў прадугледжаны шэраг ільгот з боку дзяржавы: падатковыя, мытныя, спрашчэнне адміністрацыйных працэдур. Усё гэта ў сукупнасці ўплывае на скарачэнне выдаткаў, сабекошт прадукцыі, разнявольвае ініцыятыву.

Разам з тым на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца самадастатковы буйны сельскагаспадарчы кааператыў «Запольскае», дзе таксама патрэбны рабочыя рукі. Таму ў кожнага чалавека ёсць магчымасць рэалізаваць сябе ў любой галіне: у сельскай гаспадарцы, прамысловасці. Няхай зарплата ў Смілавічах ніжэй, чым у сталіцы, але ж для паездкі туды і назад кожны дзень неабходныя грошы на аплату дарогі, харчавання. Тое на тое і выходзіць.

— А ці шмат людзей звяртаецца па пытаннях працаўладкавання? — пацікавілася ў старшыні сельвыканкама.

— У раёне працуе камісія па садзейнічанні працоўнай занятасці. Тым, хто хоча працаваць, заўсёды знаходзім месца. Напрыклад, многіх працаўладкавалі ў «Запольскае», і кіраўніцтва імі задаволенае. Тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, выклікаем на сходы, праводзім прафілактычныя гутаркі. Гэта прыносіць эфект, але не такі, як хацелася б. Разам з тым 10—15 працэнтаў бяруцца за розум і становяцца на шлях выпраўлення...

Дагнаць і перагнаць Чэрвень

Нашу размову штохвілінна перапыняюць званкі на рабочы, мабільны тэлефоны. Уладзімір Кулагін дае падначаленым дакладныя распараджэнні: куды паслаць машыну, ссыпаць пясок, скінуць будаўнічыя матэрыялы. Яго клопаты зразумелыя: у цэнтры Смілавіч ідзе маштабнае добраўпарадкаванне.

— Праз гадоў 5—6 спадзяёмся па колькасці насельніцтва абагнаць Чэрвень. Паступова наводзім парадак у пасёлку: людзі павінны жыць у камфорце і ўтульнасці, — лічыць Уладзімір Уладзіміравіч. — Нам шмат дапамагае старшыня райвыканкама Віталь Мікалаевіч Казлоў. З раённага бюджэту выдзелена каля 200 тысяч рублёў на ўладкаванне тратуарных дарожак і каля 300 тысяч рублёў на рэканструкцыю былога кінатэатра «Мара». Цяпер тут будзе Цэнтр культуры і адпачынку. На вуліцы Рэвалюцыйнай зробім тратуары. На вуліцы Максіма Горкага ўладкуем прыгожыя бардзюры, зялёныя зоны. Для добраўпарадкавання выкарыстоўваем таксама сродкі ад продажу зямельных участкаў. Дарэчы, мы жывём на свае грошы.

Актыўна ў гарадскім пасёлку вядзецца жыллёвае будаўніцтва. Сёлета закладваюцца тры шматкватэрныя дамы, налета — шэсць. Усяго ж у перспектыве плануецца пабудаваць 8—10 дамоў. У сувязі з чым чакаецца, што колькасць насельніцтва прыбавіцца недзе на дзве тысячы чалавек. Цяпер у чарзе на атрыманне зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва стаіць больш за 500 грамадзян.

— Участкі прадаём з аўкцыёнаў. Мы павінны зарабляць грошы на развіццё населенага пункта, — сказаў напрыканцы Уладзімір Кулагін.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.