Вы тут

Нарачанскі край. Размова са старшынёй раённага савета дэпутатаў


Мядзельскі раён — гэта сапраўдная жамчужына Беларусі, можна сказаць, райскі куточак для адпачынку. Менавіта тут знаходзіцца самае вялікае возера нашай краіны — Нарач. А ўсяго іх налічваецца 51. Непадалёку ад райцэнтра каля вёскі Нікольцы паміж азёрамі Нарач і Мястра на 16 гектарах раскінуўся ўнікальны дэндралагічны сад, дзе расце 400 відаў дрэў і кустоў, характэрных для розных кліматычных зон. Тут можна наведаць і адзіны ў краіне музей лесу. Надзвычай цікавы аб'ект — Аптэкарскі сад, дзе вырошчваюць лекавыя расліны. А ствараўся ён на прыкладзе манастырскіх садоў Сярэднявечча. У фітагасцёўні варта пакаштаваць чайныя кампазіцыі на травах. Ёсць тут і хацінка бабулі-траўніцы, якая прадказвае будучыню.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад медыцынскага да рэлігійнага турызму

— У нас шмат унікальных прыродных комплексаў, не кранутых чалавекам: лясы, балоты, якія ўяўляюць вялікую цікавасць для эколагаў. І сама прырода Нарачанскага краю натхняе чалавека на актыўны паўнавартасны адпачынак, — лічыць старшыня Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. — Раён склаўся як курортны пачынаючы з 1960-х гадоў. У нас дзейнічаюць адзінаццаць санаторна-курортных устаноў. Летась у здраўніцах адпачылі і паправілі здароўе 78 тысяч чалавек. Сорак працэнтаў ад гэтай колькасці — іншаземцы: расіяне, літоўцы, латышы, эстонцы, украінцы. У 2018 годзе здраўніцы, аграсядзібы, гасцініцы экспартавалі паслуг на 15,1 мільёна долараў — 120 % ад узроўню 2017-га. Так што турызм пачаў развівацца і даваць аддачу.

— Алег Алегавіч, наколькі ведаю, раней адпачывальнікі скардзіліся на нездавальняючую інфраструктуру, маўляў, недастаткова пунктаў грамадскага харчавання, не найлепшыя ўмовы пражывання. Як вырашаецца гэтая праблема?

— Што датычыцца інфраструктуры і патрабаванняў турыстаў, то на мясцовым узроўні пра іх ведалі. Апошнія гады мы былі ў фокусе пастаяннай увагі абласных улад у працэсе падрыхтоўкі да абласнога свята-фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі», якое адбылося летась. Напярэдадні свята ў Мядзеле адкрыўся гасцінічны комплекс. Гэта, лічу, значны крок да вырашэння праблем, на якія наракалі турысты. Акрамя таго, па праграме развіцця Нарачанскай зоны на 2011—2015 гады ў курортным пасёлку Нарач пабудавалі гасцініцу, кожная здраўніца адкрыла па пяць гасцявых домікаў. Для санаторыяў набылі сучаснае медыцынскае абсталяванне, перш за ўсё дыягнастычнае. Так што ў раёне працуюць над паляпшэннем якасці паслуг. А да заўваг турыстаў мы прыслухоўваемся, яны падштурхоўваюць да прыняцця неабходных рашэнняў і да пазітыўных зрухаў.

Сапраўды, з кожным годам на Мядзельшчыне, адзначаюць турысты, адбываюцца перамены да лепшага, а здраўніцы аказваюць усё больш якасныя паслугі. Гэта ўплывае на прыток медыцынскіх турыстаў.

— У раёне ёсць усе падставы і для наладжвання рэлігійнага турызму, паколькі працуюць восем каталіцкіх і дзевяць праваслаўных храмаў, — адзначае Алег Бароўка. — А Будслаўскі фэст унесены ЮНЕСКА ў спіс каштоўнасцяў нематэрыяльнай спадчыны. Штогод фестываль збірае каля 30 тысяч паломнікаў.

Арганічнае земляробства ў стадыі станаўлення

— Алег Алегавіч, у раёне робяцца захады, каб наладзіць арганічнае земляробства. На мой погляд, гэта таксама можа прыцягнуць турыстаў.

— Гэтая справа пакуль у стадыі станаўлення. У вёсцы Камарова мы стварылі на базе вучылішча пляцоўку па арганічным земляробстве. Але, на жаль, навучальная ўстанова закрылася. Разам з тым работа працягваецца, перш за ўсё ў плане вызначэння стандартаў арганічнага земляробства і тэхналогій. Мы разумеем, што перад сельскай гаспадаркай раёна гэтая задача паўстане. Таму цяпер распрацоўкі ідуць на тэарэтычным узроўні. Хаця ўжо вызначаны дзве сельгасарганізацыі, якія ў перспектыве змаглі б заняцца арганічным земляробствам, пачынаючы з вырошчвання прадукцыі раслінаводства і паступова пераходзячы да вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Гэтае пытанне знаходзіцца пад кантролем Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчавання Мінаблвыканкама. Сялянская гаспадарка «Антэй-Сад» у Мядзельскім раёне ва ўрочышчы Вытраскі ўжо два гады займаецца вырошчваннем жыта і алейнай рэдзькі па тэхналогіі арганічнага земляробства. Гэтая прадукцыя можа быць запатрабаваная на рынках краін Еўрасаюза. У 2020 годзе плануецца атрымаць адпаведны сертыфікат.

— Як вы думаеце, фермеры, прыватныя прадпрыемствы будуць далучацца да ініцыятывы арганічнага земляробства больш актыўна?

— Мяркую, яны далучацца ў тым выпадку, калі мы дакладна вызначым розніцу ў цане і тое, наколькі гэта выгадна. Ужо цяпер зразумела, што кошт арганічных прадуктаў будзе вышэй, чым звычайных. Трэба разумець таксама, што арганічнае земляробства патрабуе пэўных намаганняў, затрат. І на першапачатковым этапе не заўсёды акупляецца. У раёне ўжо ёсць кампанія «Каля трох азёр», якая вырошчвае экалагічна чыстыя лекавыя расліны з далейшай перапрацоўкай на чай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.