Вы тут

Будслаў. Чым жыве гэты аграгарадок на Мядзельшчыне?


Штогод на пачатку ліпеня ў аграгарадку Будслаў, што на Мядзельшчыне, збіраюцца на фэст паломнікі, каб пакланіцца іконе Божай маці, якая знаходзіцца ў адным са старэйшых касцёлаў Беларусі. Будслаўскі фестываль — візітная картка Мінскай вобласці, свой адлік ён вядзе з XVІІ стагоддзя. Летась ЮНЕСКА ўнесла яго ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.


Фота Андрэя Сазонава

— Вёску Палессе называюць варотамі да святыні, менавіта праз яе пралягае шлях паломнікаў, — расказвае старшыня Будслаўскага сельскага Савета дэпутатаў Георгій Шчаўлік. — Сёлета пра свой удзел ва ўрачыстасцях заявілі больш за трыццаць тысяч чалавек. Таму да прыёму гасцей рыхтуемся загадзя. У прыватнасці, у Палессі мяняем агароджу за кошт бюджэту. Спадзяёмся, што на дапамогу прыйдуць уласнікі домаўладанняў: з імі правялі неабходную работу. Шмат увагі аддаём навядзенню парадку, азеляненню як аграгарадка Будслаў, так і населеных пунктаў сельсавета.

Гэтай вясной у Будславе з'явіўся вішнёвы і чарэшневы сад, дзе высаджана чатырыста саджанцаў. На кожным з іх — імянная таблічка з прозвішчам таго, хто пасадзіў дрэўца.

— У пасадцы сада ўдзельнічалі жыхары аграгарадка, настаўнікі, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў, — кажа Георгій Уладзіміравіч. — Пладовыя дрэўцы Будславу падарыў ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, які стараецца ў нас бываць як мага часцей. Наогул мы працуем у цесным звязе з мясцовым духавенствам, настаяцелем касцёла айцом Дзмітрыем. Напрыклад, з яго ініцыятывы на беразе ракі Сэрвеч расчысцілі звалку. Добрых слоў заслугоўваюць і нашы дэпутаты.

Георгій Уладзіміравіч запрашае нас на бераг рэчкі, дзе з самага ранку шчыруе дэпутат сельскага Савета Іван Пятроўскі.

— У гэтым урочышчы мы працавалі талакой тры дні запар, — канстатуе Іван Пятроўскі. — Расчысцілі тэрыторыю ад смецця, пабаранавалі, сабралі камяні. З іх выклалі кола, такі наш будслаўскі стоўнхэндж, у сярэдзіне пасадзім дуб. Месца засеем травой. А ў перспектыве паступова будзем працягваць уладкоўваць зону адпачынку, паставім лаўкі, малыя архітэктурныя формы, альтанкі.

Яшчэ нядаўна ў гэтым урочышчы насупраць касцёла стаяў дом. З цягам часу будынак прыйшоў у нягоднасць, і яго знеслі. А вось прыгожыя туі не спілавалі. Як сапраўдныя гаспадары, што клапоцяцца пра сваю малую радзіму, перасадзілі. І яны радуюць вяскоўцаў і гасцей.

— Нашы жыхары вельмі палюбілі святы вёскі, просяць, каб праводзілі іх кожны год, карпатліва рыхтуюцца, сумесна наводзяць парадак, — расказвае Іван Пятроўскі. — Праводзім яго звычайна ў Дзень чыгуначніка на чыгуначнай станцыі Будслаў. Яна ўмоўна дзеліцца на дзве часткі: непасрэдна сама станцыя і Разарвар. Чаму назва такая дзіўная? Ды таму, што тут раней было бензасховішча — паліва захоўвалася ў рэзервуарах. Летась свята арганізоўвалі разарварцы, сёлета гасцей будуць прымаць станцыённыя. І варта сказаць, што кожны год тут нешта змяняецца да лепшага. Напрыклад, паставілі памятныя крыж, знак у гонар былой пачатковай школы, якая дала пуцёўку ў жыццё многім жыхарам.

— У вёсцы Палессе калісьці была сядзіба памешчыка Аскеркі. Там захаваўся прыгожы парк са старым кедрам. Адзін корпус сядзібы прыведзены ў парадак. Цяпер у ім месціцца амбулаторыя. А вось рэшткі тэрасы, якая злучалася з будынкам, плануем рэстаўраваць. Ды гэта справа аддаленай перспектывы, бо на аднаўленне патрэбны вялікія грошы. Шукаем іх, пралічваем розныя варыянты, — дадае Георгій Шчаўлік.

Непадалёку ад памесця знаходзіцца былы аэрадром — цяпер тут вялікі пустыр, які добраўпарадкавалі. Падчас фэсту на ім выстаўляюцца палаткі, вялікая сцэна. У асноўным тут спыняюцца на начлег людзі маладзейшага ўзросту — пяюць песні, танцуюць, смажаць шашлыкі.

Заўважу, што Будслаў — вельмі дружны аграгарадок. Усё тут робіцца вялікай талакой: жыхары, дэпутаты, святары, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый, настаўнікі, школьнікі. Асаблівая ўвага аддаецца цэнтру горада, дзе раскінуўся прыгожы парк. Побач знаходзіцца і касцёл. Ксёндз Дзмітрый падчас службы заўсёды заклікае прыхаджан прыняць удзел у суботніках, добраўпарадкаванні. І людзі ахвотна адклікаюцца.

— У нас шмат планаў, каб зрабіць пасёлак яшчэ больш утульным і камфортным для жыцця. Хочацца, напрыклад, уладкаваць дзіцячую пляцоўку з атракцыёнамі. Вядома, для таго каб ажыццявіць усе задумы, патрэбны немалыя фінансы. Мы не спадзяёмся толькі на бюджэт. Думаем, як прыцягнуць сродкі з розных крыніц. Хочам паўдзельнічаць у праграме ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Бясспрэчна, для гэтага трэба распрацаваць цікавыя ініцыятывы, прапановы, абгрунтаваць іх і абараніць. Пры сельскім Савеце створана ініцыятыўная група, куды ўваходзяць дэпутаты, старасты, прадпрымальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, актыўныя грамадзяне. Першыя крокі зроблены, будзем працягваць работу ў гэтым кірунку.

Спадзяюцца тут таксама зарабіць грошы на добраўпарадкаванне і ад продажу зямельных участкаў. У стадыі распрацоўкі ўжо тры ўчасткі. На вуліцы Паштовай стаіць стары дом. Як кажуць мясцовыя старажылы, гэта помнік яўрэйскага дойлідства. Яго выкупіў чалавек, хацеў рэстаўраваць, але нешта пайшло не так, і будынак хутка разбураецца — валяцца цэгла, дах.

— Прасцей яго знесці і пабудаваць тут новы. Ёсць ахвотныя на набыццё ўчастка. Таму мы падаём дакументы ў суд на знос гэтага будынка, — сказаў напрыканцы старшыня сельвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Сад з імяннымі таблічкамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».