Вы тут

Вялікдзень у вялікай сям’і


Народныя беларускія традыцыі святкавання Вялікадня зберагаюцца ў Цюмені — дзякуючы Марыі Піскун ды яе шматлікім родзічам і сябрам.


Марыя Піскун (злева) і Клаўдзія Зуева на Велікодным свяце

Марыя Піскун — з ліку людзей, што маюць павышанае пачуццё адказнасці не толькі за сябе й сваю сям’ю. Такія дбаюць, як кажуць, і за ўвесь народ, імкнуцца зберагчы, прымножыць яго традыцыі. Як бы тое пафасна ні гучала, але ж якраз на такіх энтузіястах, пагадзіцеся, і трымаецца ўвесь беларускі рух у замежжы. Мы ж, беларусы ў Цюмені, маем шчасце бачыць, як шмат сіл аддае на карысць пашырэння беларускай культуры ў рэгіёне старшыня Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства «Аўтаномія Беларусь»” Марыя Піскун, а таксама ўся яе вялікая сям’я. Менавіта дзякуючы гэтым таленавітым супляменнікам у сяле Пляханаве, што ў прадмесці Цюмені, штогод з 2012 года ладзяцца-святкуюцца многія традыцыйныя беларускія народныя святы. Гэта і Гуканне Вясны, і Вялікдзень, улетку — таямнічае Купалле, увосень — заможны Багач… Ужо далёка за межамі вобласці добра вядомы іх сямейны ансамбль “Спадчына”. Да таго ж добразычлівыя стасункі ў сям’і, заснаваныя на ўзаемнай любові, дапамозе адзін другому, для многіх — добры прыклад: ну можна ж і так, з песнямі ды ў супольнай стваральнай працы ісці па жыцці.

Сёлета ў Пляханаве шумна, весела адзначалі першыя вясновыя святы ў народным календары: спачатку Масленіцу-прадвесніцу, потым — Гуканне Вясны, Вялікдзень. Хоць і дажджыла, і халаднавата было ў праваслаўны дзень Уваскрасення Хрыстова, ды вялікая душэўная радасць хіба ж не зрушыць усе перашкоды! Да таго ж, я потым даведалася, усе пад кіраўніцтвам спадарыні Марыі дружна рыхтаваліся, каб парадаваць вяскоўцаў Вялікаднем. Яйкі фарбавалі ўсю ноч — шэсць дзясяткаў, калі не больш. (Наўздагон дасланаму тэксту наша ўдумлівая аўтарка ўдакладніла ў хуткім часе: “Яек Піскуны нафарбавалі не шэсць дзясяткаў, а ШЭСЦЬ ЛАТКОЎ: гэта 18 дзясяткаў!!! Што ж, мы фіксуем гэта як своеасаблівы Велікодны рэкорд фарбаванак ад беларускай суполкі ў замежжы. Калі ў наступным годзе ў каго будзе больш — пішыце. — Рэд.) Закупілі таксама падарункі — як прызы дзецям ды актыўным удзельнікам свята. Яшчэ — кулічоў напяклі, сцэнар самі склалі-выпісалі, гульні прыдумалі, ды гісторыю свята для пераказу падрыхтавалі. Бо, як вядома, народныя традыцыі святкавання Вялікадня ў розных мясцовасцях Беларусі мелі свае адметнасці, а за савецкім атэістычным часам паступова губляліся.

Завіталі на Велікоднае свята ў Пляханаўку й госці з Цюмені: артысты беларускага народнага ансамбля “Лянок” на чале з мастацкай кіраўніцай Клаўдзіяй Зуевай, начальніца аддзела беларускай культуры Дома нацыянальных культур “Строитель” Юлія Чарапанава, кіраўнік рэгіянальнай беларускай грамадскай арганізацыі Сяргей Стацкевіч. Праграма ж Велікодная ўсіх радавала й грэла. Таксама й чай гарачы падавалі, карагоды ўсе разам вадзілі, яйкі-фарбаванкі качалі, песні спявалі. Прыйшоўся пры тым вельмі дарэчы гармонік Аляксандра Вахнічава, які ў музычным суправаджэнні спеваў — вялікі майстар.

Мікалай Піскун — наш чалавек у Цюмені

Як удаецца гэтым шчырым людзям ладзіць такія прыгожыя святы? “Мы заўсёды імкнемся ўсё рабіць ад душы, — прызнаецца мне Марыя Іосіфаўна, — Вы ж ведаеце: большасць беларусаў — гэта простыя, добрыя, неганарлівыя людзі. Да таго ж і не скупыя: гатовыя дзяліцца з тымі, хто да нас з дабром і душой, усім, што самі маем. Мяркую, гэта па-хрысціянску. І ў тым ёсць вялікая народная мудрасць. Бо, як у нас кажуць, як ты да людзей, так і яны да цябе. І заўсёды ж лепш аддаваць, чым прасіць! А можна ж, калі ты не надта багаты, падзяліццца з іншымі сваёй радасцю, падарыць людзям, з якімі жывеш побач, некалькі прыемных імгненняў. Мы ў Пляханаўцы дзелімся любоўю і дабрынёй, паказваем лепшы бок беларусаў. І людзі нам за такую ўвагу да іх удзячныя. А гэта для нас — найвышэйшая ўзнагарода”.

Дождж са снегам у Сібіры — а беларусы клічуць усіх радавацца, бо Хрыстос Уваскрос! Выйшлі самі ды іншых паклікалі на пляцоўку вёскі. Дзеці ў гульні ўключыліся, заадно даведаліся шмат пра гісторыю свята, яго даўнія традыцыі. Людзі адчулі: разам, калі кожны дапамагае іншаму несці яго ношку, лягчэй на жыццёвай дарозе. А з такіх народных святаў і ўтвараецца, мацнее паступова супольны дух вуліцы, вёскі, сяла. Так спрадвеку было на Беларусі. Такі досвед жыцця — дружнай грамадою — прыўносяць беларусы Піскуны з Бабруйшчыны й туды, дзе цяпер жывуць: у сібірскае паселішча. “Калі не мы, то хто ж?” — нібы падводзіць вынік развагам Марыя Піскун. І ў тым яна мае рацыю. А да таго, пабываўшы ў іх вялікім утульным доме, адбудаваным на чале з гаспадаром Мікалаем Аркадзевічам Піскуном, хочацца прыплюсаваць і гасціннасць гаспадароў. Было там шчодрае застолле, была нязмушаная гутарка пра галоўнае ды вечныя каштоўнасці, быў і вялікі клопат адзін пра аднаго — ва ўсіх святочна-гаспадарчых справах. Варта яшчэ дадаць: у гэтым доме заўсёды гучыць дзіцячы смех! Бо ў сям’і старэйшай дачкі Надзеі ўжо не трое — пяцёра дзяцей. Двух брацікаў там узялі пад сваю апеку. Мы іх бачылі: цікавыя хлапчукі!

Вялікі дзякуй вам за ўменне прыўносіць жывую радасць у будні, за ўменне ствараць сапраўднае свята, паважаныя супляменнікі з Пляханаўкі! Нам усім — гонар бываць у вас у гасцях!

Людміла Бакланава, г. Цюмень.

Ад рэдакцыі. У першапачатковым варыянце тэкста было напісана, што малодшая дачка Піскуноў Вера з мужам чакаюць папаўнення. Калі артыкул рыхтаваўся да друку, ад аўтара прыйшло ў рэдакцыю важнае ўдакладненне: Вера нарадзіла хлопчыка! Так што на адзін галасок і ў дружнай сям’і Піскуноў, і, спадзяемся, у гурце “Спадчына” стала больш. Віншуем усіх з папаўненнем, асабліва — бабулю Марыю і дзядулю Мікалая.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».