Вы тут

Як развіваецца чайная індустрыя?


Сёлетні май насамрэч «чайны» месяц. Галоўныя тэматычныя інфармацыйныя нагоды, вядома ж, мелі кітайскую «прапіску». Днямі ў Ханьчжоу прайшла ІІІ Міжнародная выстаўка чайнай індустрыі. Удзел у маштабнай імпрэзе ўзялі больш чым 1,5 тысячы кітайскіх вытворцаў і 176 буйных замежных заказчыкаў з амаль трох дзясяткаў краін і рэгіёнаў свету, уключаючы Брытанію, Новую Зеландыю, Шры-Ланку, Малайзію, Індыю, Японію і Паўднёвую Карэю. Пра гэта інфармагенцтву «Сіньхуа» паведаміў кіраўнік дэпартамента рынку і інфарматызацыі пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і сельскіх спраў КНР Тан Кэ. Сярод усяго іншага ў межах выстаўкі адбыўся міжнародны саміт кітайскай чайнай індустрыі. А на наступным тыдні ў правінцыі Цзянсу, што на ўсходзе Паднябеснай, пройдзе выстаўка на тэму чаю і крыніц, паведаміла газета Chіna Daіly. Як бачым, развіццю стратэгічнай, іміджавай галіны ўдзяляецца вялікая ўвага. Чым абумоўлены «чайны эфект» у сусветным маштабе?


Узрост — 5000 гадоў

Па папулярнасці сярод напояў чай саступае першае месца толькі вадзе. Яго ўжывае 2/3 насельніцтва свету — значна часцей, чым каву. У розных кутках планеты чай заварваюць па-свойму: ад расійскага самавара — да кітайскай гайвані. Радзімай легендарнага прадукту лічаць Паднябесную, дзе пра яго даведаліся амаль 5 тысячагоддзяў назад. Менавіта з кітайскай пайшлі назвы чаю ў розных мовах свету. Першапачаткова ён ужываўся ў якасці гаючага лячэбнага адвара. Паводле легенды, кітайскі імператар Шэн Нун (2737 гадоў да н. э.) выпадкова адкрыў напой, калі лісток чайнага дрэва ўпаў у яго міску з гарачай вадой, пакуль манарх быў у садзе. Адвар яму вельмі спадабаўся. У 200 годзе да н.э. імператарам дынастыі Хань быў выдадзены ўказ, што для вызначэння чаю павінен выкарыстоўвацца спецыяльны пісьмовы знак, які адлюстроўвае драўляныя галінкі, траву і чалавека паміж імі. Гэты іерогліф стаў сімвалам раўнавагі паміж чалавекам і прыродай. Імператар дынастыі Тан (618—907 гг.) Лу Юй напісаў трактат пра чай, дзе падрабязна выклаў інфармацыю аб паходжанні, спосабах заварвання і гаючых уласцівасцях напою.

Сыравіна для вырабу — лісце чайнага куста, які вырошчваюць у масавай колькасці на спецыяльных плантацыях. Для росту гэтай расліны неабходны цёплы клімат з дастатковай колькасцю вільгаці, якая не застойваецца ў каранях. Большасць плантацый размяшчаецца на горных схілах у раёнах з трапічным або субтрапічным кліматам. У Кітаі, Індыі і Афрыцы, дзе вырабляецца найбольшая доля чаю, збор праводзіцца да чатырох раз у год. Найбольш цэняцца чаі першых двух ураджаяў. Паўночная мяжа тэрыторыі, дзе вырошчванне культуры эканамічна мэтазгодна, праходзіць прыблізна на шыраце былых паўднёвых савецкіх рэспублік (Азербайджан, Грузія, Краснадарскі край Расіі). У больш высокіх шыротах чайны куст яшчэ можа расці, але культываваць яго ў мэтах атрымання сыравіны стратна.

Падрыхтоўка чайнага ліста ўключае папярэднюю сушку (вяленне), скручванне, больш ці менш працяглае ферментатыўнае акісленне, канчатковую сушку. Іншыя аперацыі ўводзяцца ў працэс толькі для вытворчасці асобных відаў і гатункаў чаю. Сыравіну збіраюць і сартуюць уручную, для прадукцыі найбольш высокай гатункавай катэгорыі выкарыстоўваюцца пупышкі і самае маладое лісце.

Ад Бутана да Канады

Чай — тавар, які мае неверагодна высокі попыт. Па гэтай прычыне яго вытворчасць — вельмі выгаднае ўкладанне капіталу. Агульная вытворчасць і продаж чаю ацэньваюць у дзясяткі мільярдаў долараў. Кошт некаторых элітных гатункаў перавышае $1000 за 100 грамаў. 10 краін забяспечваюць больш чым 90 працэнтаў сусветнай вытворчасці чаю. Гэта Кітай, Індыя, Кенія, Шры-Ланка, Турцыя, В'етнам, Інданезія, М'янма, Аргенціна і Японія.

Сённяшняе першынства Кітая стала вынікам уражлівага сярэднегадавога росту ў 6,5 працэнта ў параўнанні з вытворчасцю 79 тысяч тон у 1961-м. Паднябесная вырабляе, п'е, экспартуе. У агляднай будучыні лідарства наўрад ці падвергнецца сумневу. Вытворчасць чаю ў параўнанні з 2007 годам вырасла больш чым удвая і дасягнула астранамічных 2,6 мільёна тон — каля
45 працэнтаў ад сусветнага паказчыка. З не меншай інтэнсіўнасцю павялічваліся плошчы чайных плантацый. Сёння гэта больш чым тры мільёны гектараў — 60 працэнтаў сусветнага паказчыка.

Індыя цяпер з'яўляецца другім па велічыні вытворцам чаю ў свеце. Гадавы аб'ём вырабу перавышае
1,3 мільёна тон. На чале вытворчасці чаю — штаты Асам, Заходняя Бенгалія, Тамілнад і Керала. Чайная прамысловасць — другі па велічыні працадаўца ў Індыі: 3,5 млн работнікаў, у асноўным жанчыны.

Кенія — з нядаўняга часу трэці па велічыні вытворца чаю ў свеце, кантынентальны лідар і адзіная афрыканская краіна ў топ-10 вядучых сусветных гульцоў. У адрозненне ад Індыі і Шры-Ланкі, дзе вялікая частка прадукцыі вырошчваецца на вялікіх плантацыях, 90 працэнтаў чаю ў Кеніі вырабляецца на плантацыях плошчай каля аднаго гектара, што стварае пэўную напружанасць у гэтай галіне. Чай займае цэнтральнае месца ў эканоміцы Кеніі, яго экспарт складае 26 працэнтаў ад агульнай экспартнай выручкі і каля чатырох працэнтаў ВУП. Замест узбуйнення вытворчасці ў Кеніі вырашылі інвеставаць грошы ў даследаванні і распрацоўку новых гатункаў чаю, якія могуць мець больш высокі ўраджай і вялікую ўстойлівасць да зменлівых кліматычных умоў. Раёны вырошчвання чаю знаходзяцца ў высакагорнай мясцовасці на захадзе краіны, дзе кліматычныя ўмовы спрыяльныя для вытворчасці. Большая частка прадуцыі — чорны чай, які выкарыстоўваецца ў купажах. Гэтая афрыканская краіна — найбуйнейшы пастаўшчык гэтай прадукцыі на сусветны рынак. Тым не менш у апошнія гады ў Кеніі назіраецца асаблівая цікавасць да вытворчасці новых відаў — зялёных і белых. Гэтая краіна таксама з'яўляецца месцам распрацоўкі новых гатункаў чайнай расліны, у тым ліку пурпурнага чаю.

Чацвёрты лідар — Шры-Ланка, якая летась адзначыла 150-годдзе сваёй чайнай індустрыі. Цэйлонскі чай — сусветны брэнд, але адзначалі юбілей не сказаць каб з вялікім аптымізмам. Зараз пастаўкі чаю Шры-Ланкай на сусветны рынак не паспяваюць за ростам попыту, сваё звыклае 3-е месца яна саступіла Кеніі. Апошнія 50 гадоў аб'ёмы вытворчасці тут павялічваліся, але нізкімі тэмпамі, а доля ў сусветным экспарце скарацілася з 21 да 6 працэнтаў.
У параўнанні з іншымі лідарамі краіна абмежаваная ў людскіх і зямельных рэсурсах.

Чай насамрэч «крочыць па планеце». Ёсць звесткі аб вытворчасці на востраве Сан-Мігель (Партугалія) і на Сейшэльскіх астравах. У Новай Зеландыі займаюцца вырошчваннем арганічнага чаю. У Бутане вядомы вытворца Samcholіng Tea Estate.
У Канадзе чай вырошчваюць на ціхаакіянскім узбярэжжы. У Чылі плантацыі Salus вырабляюць у невялікіх колькасцях да 200 гатункаў.
У Германіі ёсць некалькі эксперыментальных праектаў па вырошчванні чаю. Вядомым вытворцам з'яўляецца Tschanara, якая размешчана за 30 кіламетраў ад Кёльна. У Нігерыі ёсць некалькі спецыялізаваных фірмаў, у тым ліку плантацыя, якая належыць Lіpton. У ЗША шмат невялікіх чайных фермаў, з найбольшай канцэнтрацыяй на Гаваях. У Вялікабрытаніі адпаведную прадукцыю вырошчвае батанічны сад Tregothnan Tea Estate. Невялікія фермы пачалі з'яўляцца па ўсёй Шатландыі. Першай была Wee Tea Plantatіon.
У 2016 годзе створана «Асацыяцыя шатландскіх вытворцаў чаю».

Фактары росту

Паводле апошніх прагнозаў, сусветнае спажыванне і вытворчасць чаю будуць расці на працягу наступнага дзесяцігоддзя, што абумоўлена ўстойлівым попытам у краінах, якія развіваюцца, і краінах з пераходнай эканомікай. Гэта створыць новыя магчымасці для атрымання даходаў у сельскіх раёнах і палепшыць харчовую бяспеку ў краінах — вытворцах чаю, перакананы эксперты міжурадавай групы Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (Food and Agrіculture Organіzatіon, FAO). Грунтоўны даклад міжурадавай групы быў складзены паводле звестак, атрыманых ад краін — членаў FAO, і дапоўнены інфармацыяй FAOSTAT, Міжнароднага камітэта па чаю і іншых крыніц.

 

Спажыванне асабліва імкліва расце ў Кітаі, Індыі і іншых краінах з пераходнай эканомікай, што тлумачыцца як ростам даходаў насельніцтва, так і дыверсіфікацыяй прадукцыі, уключаючы выхад на такія спецыялізаваныя сегменты, як травяныя і фруктовыя чаі або араматызаваныя гатункі для гурманаў. Паводле прагнозаў экспертаў FAO, сусветная вытворчасць чорнага чаю будзе расці ў сярэднім на
2,2 працэнта ў год і дасягне 4,4 мільёна тон у 2027-м, што галоўным чынам адлюстроўвае павелічэнне вытворчасці ў Кітаі, Кеніі і Шры-Ланцы. Пры гэтым Паднябесная дасягне ўзроўню вытворчасці Кеніі — найбуйнейшага экспарцёра чорнага чаю ў свеце. Чакаецца, што глабальная вытворчасць зялёнага чаю будзе расці яшчэ больш хуткімі тэмпамі: яе гадавы рост складзе 7,5 працэнта і аб'ём вытворчасці дасягне 3,6 мільёна тон да 2027-га, галоўным чынам за кошт Кітая, дзе адпаведны сегмент вытворчасці па прагнозах падвоіцца — з 1,5 мільёна тон у 2015—2017 гадах да 3,3 мільёна тон у 2027-м.

Даклад міжурадавай групы FAO таксама папярэджвае аб тым, што вытворчасць чаю вельмі адчувальная да кліматычных зменаў. Гэтую культуру можна вырошчваць толькі ў пэўных аграэкалагічных умовах і, такім чынам, у вельмі абмежаванай колькасці краін, многія з якіх у значнай ступені схільныя да капрызаў надвор'я. Змяненне тэмпературы і колькасці ападкаў, якое прыводзіць да вялікай колькасці паводак і засух, ужо аказвае ўплыў на ўраджайнасць, якасць і кошт чайнай прадукцыі, прыводзіць да зніжэння даходаў. Чакаецца, што гэтыя кліматычныя змены будуць толькі пагаршацца ў далейшым, патрабуючы неадкладных мер па адаптацыі да гэтага.

Модны прадукт

Глабальны попыт на чай таксама выйграе ад прыцягнення новай кліентуры. Маладыя гарадскія жыхары ў буйных краінах-вытворцах, такіх як Кітай і Індыя, сталі самым хуткарослым сегментам. Яны гатовыя не толькі выкладваць немалыя грошы за спецыялізаваныя гатункі чаю, але і імкнуцца даведацца больш аб напоі, яго якасці, паходжанні. Маладыя людзі з вышэйшага і сярэдняга класа пастаянна знаходзяцца ў пошуку «модных» прадуктаў, якія будуць упісаны ў іх стыль жыцця, які цяпер уключае спажыванне найвышэйшых гатункаў чаю ў вытанчанай атмасферы эксклюзіўных рэстаранаў, гатэляў і кафэ.

У той час як сусветнае спажыванне чаю павялічвалася на працягу апошняга дзесяцігоддзя, краіны Старога Свету, якія традыцыйна імпартуюць гэтую прадукцыю, назіралі зніжэнне ўзроўню спажывання. Эксперты ўпэўнены, што еўрапейскі чайны рынак у значнай ступені насычаны. Спажыванне на душу насельніцтва планамерна зніжалася на працягу больш чым дзесяці гадоў, сутыкаючыся з канкурэнцыяй з боку іншых відаў напояў, у прыватнасці бутыляванай вады. На працягу наступнага дзесяцігоддзя чакаецца, што ў заходніх краінах будзе назірацца тэндэнцыя да яшчэ большага зніжэння тэмпаў росту спажывання. У Вялікабрытаніі, напрыклад, спажыванне, паводле прагнозаў, скароціцца, паколькі чорны чай змагаецца за цікавасць спажыўца ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі з боку іншых відаў напояў, у прыватнасці кавы.

У дакладзе сцвярджаецца, што гэтую тэндэнцыю на традыцыйных еўрапейскіх рынках можна спыніць праз дыверсіфікацыю прадукцыі і яе выхад на іншыя сегменты, такія як арганічны чай, а таксама шляхам павышэння дасведчанасці аб карысці для здароўя і самаадчування чалавека, у прыватнасці аб супрацьзапаленчых і антыаксідантных якасцях напою, а таксама аб яго ўласцівасцях, якія стымулююць пахудзенне. Карысць для здароўя разглядаецца ў якасці ключавога фактару росту попыту на напой у будучыні. Тут ёсць свае прыклады: цяпер экалагічна чысты чай набывае ўсё большую папулярнасць у Злучаных Штатах, не ў апошнюю чаргу за кошт імкнення ўсё большай колькасці людзей весці здаровы лад жыцця.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Ад самавара да гайвані

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.