Вы тут

Выстаўка Эмі Уайнхаус прыедзе ў Мінск


Экспазіцыю Аmу Wіnеhоusе — А Fаmіlу Роrtrаіt сусветна вядомай спявачкі з беларускімі каранямі прывязуць у нашу сталіцу. У апошнія дні красавіка на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulеj.bу стартавала кампанія па зборы сродкаў на арганізацыю гэтай выстаўкі. Грошы сабралі, таму выстаўка прыедзе ў нашу краіну ўжо ў чэрвені.


Экспазіцыя, прысвечаная паходжанню і жыццю шасціразовай уладальніцы «Грэмі» і адной з самых яркіх артыстак пачатку ХХІ стагоддзя Эмі Уайнхаус, упершыню была прадстаўлена шырокай публіцы Яўрэйскім музеем Лондана ў 2013 годзе. У той год якраз гэта выстаўка, уявіце толькі, павялічыла наведвальнасць музея на 300 працэнтаў! Пазней яна была паказана ў Сан-Францыска, Вене, Тэль-Авіве, Амстэрдаме, Мельбурне і іншых культурных цэнтрах свету, і паўсюдна мела поспех.

...Сама спявачка памерла ў 2011-м ва ўзросце 27 гадоў, а яе музыка працягвае знаходзіць водгук у сэрцах мільёнаў слухачоў па ўсім свеце. Аднак многія прыхільнікі нават не падазраюць, што іх кумір вядзе свой радавод з Беларусі, адкуль сям'я пераехала ў Лондан тры пакаленні таму. Прапрадзед Эмі эміграваў разам з роднымі ў канцы ХІХ стагоддзя і больш ніколі не вяртаўся на радзіму, але перадаў сваёй унучцы Сінціі любоў да музыкі, а тая, у сваю чаргу, шчодра падзялілася талентам ужо са сваёй унучкай Эмі, таму многія фотаздымкі на сямейнай выстаўцы распавядаюць менавіта пра іх стасункі.

Складальнікі экспазіцыі падрабязна даследавалі паходжанне Эмі, каб паказаць важнасць сямейных стасункаў, пераемнасці культурнай спадчыны праз пакаленні і памяці пра свае карані. Вялікую дапамогу ў гэтым аказаў брат спявачкі Алекс, які хацеў расказаць пра Уайнхаус — не толькі музычную зорку і бунтарку, а горача любімую сястру. Так, сям'я з падачы Алекса перадала ў музей асабістыя рэчы спявачкі, якія адлюстроўваюць гісторыю яе дзяцінства і юнацтва, любові да музыкі, моды і роднага горада: гэта ўнікальныя сямейныя здымкі, гітары, пласцінкі, статуэткі «Грэмі» і калекцыя адзення, а таксама вялікае генеалагічнае дрэва.

У Мінску правядзенне выстаўкі ініцыюе Гётэ-інстытут сумесна з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і пасольствам Вялікабрытаніі ў Беларусі, пры падтрымцы пасольства Ізраіля ў нашай краіне. 

«Для нас вельмі важна, што менавіта Мінск можа стаць наступным горадам, які прыме праект, — адзначае заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны Мая Кацнельсон. — Гэта вельмі шчырая сямейная гісторыя, якая раскрывае вядомую асобу з зусім нечаканага боку. І вельмі каштоўна тое, што дзякуючы праекту сям'я Эмі зможа ўпершыню прыехаць на сваю гістарычную радзіму. Для Беларусі ж гэта выдатная магчымасць умацаваць свой імідж як удзельніка сусветнага культурнага працэсу».

Як плануецца, Мінск стане апошнім горадам свету, дзе будзе паказана экспазіцыя Аmу Wіnеhоusе — А Fаmіlу Роrtrаіt. Пасля заканчэння выстаўкі яе расфарміруюць і вернуць экспанаты сям'і спявачкі і іншым уладальнікам.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота перададзена сям'ёй Уайнхаус і Яўрэйскім музеем Лондана

Загаловак у газеце: Па той бок славы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.