Вы тут

Высокі стыль Аляксандра Пушкіна ў рэчышчы лялечнага тэатра


Нам гэта ўжо знаёма: быццам сярэднявечная, загадкавая, змрочная атмасфера і сюжэты, якімі яна кіруе. Уся ўвага на сцэну і яе мудрагелістыя формы: гэтым разам Аляксей Ляляўскі заснаваў свой спектакль на Пушкіне і яго «Маленькіх трагедыях». Трагедыя на фоне, трагедыя на сцэне, трагедыя ў паветры, трагедыя ў галасах і страсцях, якім паддаюцца галоўныя героі. Гэта «Скупы рыцар», «Моцарт і Сальеры», «Каменны госць» і «Баль падчас чумы», што транслююць чатыры грахі, кожны з якіх абыгрываецца ў той жа «манастырскай» атмасферы, але кожны раз па-іншаму, і завяршаецца ўсё пікавым маналогам.


На прэм'еры новай пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек — яна называецца «Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі» — побач са мной сядзела паклонніца ці то «Маленькіх трагедый», ці то Аляксандра Сяргеевіча, і амплітуда яе эмоцый стала для мяне асобным спектаклем. У першыя хвіліны яна была шчаслівая, а ў выніку, калі Ляляўскі засланіў Пушкіна, а акцёры прачыталі нешта не па тэксце, засталася бурна расчараваная. Публіка часта ўсё яшчэ аказваецца непадрыхтаваная да таго, што тэатр можа выйсці за рамкі падрадковага ўвасаблення літаратурнага твора, хаця менавіта сваімі варыяцыямі ён і цікавы, па іх сюды і варта ісці.

Таму пра пастаноўку «Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі» тым, хто не ведае Аляксея Ляляўскага і славу нашага лялечнага тэатра, трэба ў першую чаргу сказаць, што на гэтай сцэне Пушкін — вось кашчунства — другасны (а першасны Ляляўскі — галоўны рэжысёр тэатра лялек і, можна сказаць, культавы беларускі тэатральны аўтар, праца якога адзначылася таксама ў Расіі, Германіі, Польшчы, Бельгіі, Фінляндыі, Нідэрландах).

Класік і сам пазычыў сюжэты сваіх трагедый, затое як аформіў! Пастаноўка лялечнага таксама пазычае пушкінскія трагедыі, якія на сцэне ўзбагачае праз стыльныя, кантрасныя і стракатыя выяўленчыя сродкі. Гэта незвычайна, гэта не дакладная чытка тэксту, гэта не рэверанс у бок Пушкіна, гэта — сапраўдны тэатр. Прычым трагедыі ў ім сталі яшчэ больш трагічныя, прынамсі, яны займаюць больш фізічнай і сэнсавай прасторы.

Дык вось, папулярныя матывы атрымліваюць сваё афармленне, сваіх лялек і свой грэх. Скупы барон, які чахне над багаццем і пакідае сыну хадзіць быццам жабрак; Сальеры, што зайздросціць генію Моцарта і чыніць «цяжкі доўг» пазбавіць ад яго свет (напэўна, самы распаўсюджаны міф, народжаны дзякуючы Пушкіну); Дон Гуан, што кахае жонку забітага ім Камандора, і Старшыня, які падчас эпідэміі чумы страціў маці і жонку, а цяпер паддаецца распусным балям. Паўсюль страсці, смерці і трагедыі, адчуванне якіх у спектаклі сыходзіць больш не з сюжэта, а з выбудаванага мастацкага свету.

Ну, было б цяжка ўразіць атрутай, адыходам у іншае жыццё, жалем і іншым, бо ўсе апісаныя Пушкіным гісторыі гледачу вядомыя і вынікі прадказальныя. У «Вельмі маленькіх трагедыях» куды важней паддацца галасам у прыглушаным асвятленні, і драмы распаўсюдзяцца па сцэне і паўстануць у вельмі своеасаблівым рэчышчы. Паўсюль тут ёсць пэўная іронія: пушыстыя Барон і Альбер, кантрасты паміж высокім тэкстам і, напрыклад, недалікатнай эратычнай сцэнай, Старшыня ў футры і Малады чалавек у кажуху, напышлівасць і вылучанасць апошняй прамовы. Лялечны тэатр сам па сабе дае аснову для супярэчнасцяў і своеасабліва трансфармуе класічны тэкст. Гэтымі здольнасцямі распараджаюцца тут з прыемнай вольнасцю — праз лялек, пад'ёмныя механізмы і просты, у сэнсе няхітры, рэквізіт. Канешне, такая вольнасць можа збянтэжыць аматараў пушкінскага высокага стылю.

Прастора ўсё больш і больш запаўняецца: ад аскетычнага асяроддзя скупога барона і яго няшчаснага сына да пышнага балю падчас чумы. Крок за крокам на сцэне з'яўляецца ўсё больш матэрыяльных рэчаў, а месца лялек праз ляльку, невыпадкова ўжо чалавечага памеру, займаюць акцёры.

Дзіўна, але з такім як бы хаосам і несістэмнасцю ў жанру з'яўляецца больш інструментаў і механізмаў уплыву: перад гледачом не проста паўстае цёмнае і далёкае стагоддзе, тут усё становіцца яго ўвасабленнем, адпаведна і ўвасабленнем граху, назва якога выбіваецца праекцыяй, адпаведна і ўвасабленнем трагедыі. То-бок, трагедыя — гэта не смерць, не адзінкавая падзея, а літаральна ўсё: наваколле, страсці, чалавечая натура, схільнасць да граху і ланцужок падзей, што заканчваецца так ці інакш.

Таму змрочна-іранічны спектакль па Пушкіну пераасэнсоўвае саму матэрыю з'явы і прадстаўляецца ў вельмі пікантным, поўным аўтарскіх сімвалаў і вынаходак, выглядзе. Такі Пушкін нам да смаку.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Станіслава ВІДГОРЧЫКА

Загаловак у газеце: Іранічны трагізм Ляляўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.