Вы тут

Каб Мінск стаў зручным для ўсіх


У Мінску цяпер пражывае амаль 125 тысяч асоб з інваліднасцю (або 6,3 % ад агульнага ліку мінчан). Гэта людзі, якія адчуваюць цяжкасці пры самастойным перамяшчэнні, атрыманні паслуг, інфармацыі, пры арыентаванні ў прасторы. Наколькі наша сталіца камфортная для іх, ці створаны ў горадзе ўмовы для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі весці паўнавартаснае жыццё?


Яшчэ нейкіх шэсць-сем гадоў таму людзі з абмежаванымі магчымасцямі без старонняй дапамогі не маглі выйсці на вуліцу са сваёй кватэры ў шматпавярхоўцы, ім складана было трапіць у краму ці ў дзяржустанову. А спусціцца ў метрапалітэн і зусім было нерэальна: не было ні пандусаў, ні пад'ёмнікаў.

Цяпер 57,3 % аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры Мінска забяспечаны элементамі безбар'ернага асяроддзя, — кажа старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч, удакладніўшы, што пад элементамі безбар'ернага асяроддзя цяпер разумеецца комплексны падыход — пачынаючы ад паркоўкі і заканчваючы асяроддзем унутры будынка. На гэты год запланавана стварыць безбар'ернае асяроддзе яшчэ на 150 аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры і па месцы жыхарства людзей з інваліднасцю.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

 

Аб безбар'ерным асяроддзі ў паліклініках і бальніцах

На сёння ў сталіцы вядзецца праектаванне і будаўніцтва пяці новых паліклінік. На ўсіх новых аб'ектах стварэнне безбар'ернага асяроддзя прадугледжана праектамі. Што датычыцца пабудаваных раней, то абсталяванне элементамі безбар'ернага асяроддзя адбываецца пры капітальным рамонце, асобныя элементы могуць быць укаранёныя і падчас бягучага ўтрымання аб'ектаў. У 2018 годзе такія работы выкананы ў дзевяці сталічных установах аховы здароўя.

Прычым безбар'ернае асяроддзе — гэта не толькі пандусы і нізкія бардзюры, адзначыла Жанна Рамановіч. Гэта паняцце значна шырэйшае і датычыцца не толькі інвалідаў-калясачнікаў, але і людзей са слабым зрокам і слыхам, людзей з часовай непрацаздольнасцю, цяжарных жанчын, мам з каляскамі, падлеткаў з роварамі, пажылых людзей. Таму ў паліклініках ствараюцца інфармацыйныя даведнікі, дубляваныя шрыфтам Брайля. Ліфты некаторых устаноў аснашчаюцца гукавым апавяшчэннем. На сайтах паліклінік створаны версіі для пацыентаў са слабым зрокам, для тых, хто слаба чуе, выкарыстоўваецца смс-абвестка.

Наколькі даступныя сталічныя гасцініцы і транспарт?

Усе гасцініцы Мінска, па словах старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, абсталяваныя пандусамі і поручнямі, ва ўсіх маюцца паркоўкі для аўтамабіляў інвалідаў-калясачнікаў, прычым месцы на іх размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад увахода ў гатэль. У 26 гасцініцах з 51-й абсталяваны 53 нумары для інвалідаў-калясачнікаў. Каэфіцыент іх выкарыстання склаў 0,74 %.

80 % наземнага гарадскога транспарту Мінска з'яўляецца нізкапольным, г. зн. прыстасаваным для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Найбольш непрыстасаванымі аказаліся трамваі: толькі 5 (ці 3,6 %) са 137 аснашчаны апарэлямі (апарэль — пакатая пляцоўка або платформа для пад'ёму і спуску інвалідных калясак. — Аўт.).

Самым прасунутым з'яўляецца сталічны метрапалітэн. На ўсіх станцыях нанесеныя лініі бяспекі для слабавідушчых, або так званыя шуц-лініі, маюцца перагаворныя прылады сувязі, выкананы работы па падаўжэнні поручняў (да нарматыўнай даўжыні) на лесвічных сходах дзевяці станцый. Ліфтамі і пад'ёмнымі платформамі абсталяваны 14 станцый метрапалітэна з 29. Эксплуатуецца 24 ліфты і столькі ж пад'ёмных платформ. Акрамя таго, пасажыры з абмежаванымі магчымасцямі могуць скарыстацца 15 гусенічнымі лесвічнымі пад'ёмнікамі.

Работа па адаптацыі гарадскога транспарту для фізічна аслабленых людзей працягваецца. У 2019 годзе плануецца набыць яшчэ 158 нізкападлогавых аўтобусаў і 43 электробусы.

Як прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю шматкватэрныя дамы?

З 2011 года са сродкаў мясцовага бюджэту выдзяляецца мэтавае фінансаванне на стварэнне безбар'ернага асяроддзя па месцы жыхарства інвалідаў. За гэты час устаноўлены 453 пандусы і 289 пад'ёмных прылад па месцы жыхарства інвалідаў-калясачнікаў. Перш за ўсё там, дзе жывуць актыўныя і працаздольныя людзі з інваліднасцю, і тыя, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў.

У жылых дамах, дзе ў вестыбюльна-ўваходнай групе ёсць перапад вышынь і маецца тэхнічная магчымасць, устанаўліваюцца стацыянарныя пад'ёмныя платформы. У пад'ездах, дзе няма тэхнічных умоў для ўстаноўкі пандуса ці пад'ёмніка, ёсць іншыя варыянты: пакупка тэлескапічнага пандуса (які разгортваецца па лесвіцы) з прыцягненнем матэрыяльнай дапамогі са сродкаў ФСАН, паслугі мабільнага травалатара (транспартна-пад'ёмнага сродку, што працуе па прынцыпе эскалатара) з выездам на адрас пражывання (маецца пакуль толькі ў Маскоўскім раёне Мінска).

І самы крайні і няпросты варыянт — гэта абмен жылля. У спісе тых, хто мае патрэбу ў такім абмене па Мінску, цяпер 13 чалавек. Інвалідам І або ІІ групы, якія маюць патрэбу ў сацыяльным жыллі, горад можа прапанаваць кватэру ў спецыяльным доме для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў па праспекце Ракасоўскага, 50. У гэтым жылым комплексе абсталявана цалкам даступнае асяроддзе для інвалідаў-калясачнікаў.

Мінск мае патрэбу ў сурдаперакладчыках

Сёння ў горадзе працуюць 10 сурдаперакладчыкаў — па аднаму ў раённых ТЦСАН і адзін спецыяліст — у цэнтры прыёму-перадачы паведамленняў у экстранныя службы ад людзей з парушэннямі слыху. Дарэчы, паслугі дадзенага цэнтра аказаліся вельмі запатрабаваныя. У мінулым годзе ён аказаў дапамогу 1327 мінчанам. І каля 250 чалавек скарысталіся суправаджэннем сурдаперакладчыка ў рамках паслугі, якую аказваюць у ТЦСАН.

А вось ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі сурдаперакладчыкаў не хапае. Больш за тое, у сталіцы ёсць шэраг прадпрыемстваў, дзе працуюць людзі з парушэннямі слыху. Там задзейнічаны спецыялісты сурдаперакладу. Але шмат хто з іх хутка выйдзе на пенсію, і грамадскія аб'яднанні людзей са слабым слыхам турбуюцца з гэтай прычыны. Таму ў сталіцы плануюць пачаць навучанне спецыялістаў сурдаперакладу на базе вышэйшай адукацыі, па паскоранай праграме. Групы ў 20—30 чалавек, на думку спецыялістаў, для Мінска будзе дастаткова.


Мінбудархітэктуры — аб патрабаваннях да арганізацыі безбар'ернага асяроддзя

У Беларусі зацверджана Канцэпцыя ўніверсальнага дызайну ў галіне стварэння безбар'ернага асяроддзя і ўдасканалены нормы тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. У 2018 годзе ўведзены ў дзеянне тэхнічны кодэкс існуючай практыкі «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб. Будаўнічыя нормы праектавання».

Гэты дакумент устанаўлівае абавязковыя патрабаванні пры праектаванні новых будынкаў, а таксама пры рамонце і рэканструкцыі жылых і грамадскіх будынкаў і будынкаў вытворчых прадпрыемстваў, каб фізічна аслабленыя асобы (у тым ліку з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, сляпыя і тыя, хто слаба бачаць, глухія і людзі са слабым слыхам) мелі магчымасць самастойнага перамяшчэння.

Таксама ў мінулым годзе былі ўведзены кодэксы, якія прадугледжваюць стварэнне элементаў безбар'ернага асяроддзя. Так, пры праектаванні павінна забяспечвацца такая шырыня ўваходнага праёму, каб людзі на крэслах-калясках маглі яго пераадолець. Абавязкова павінны быць пандусы, пад'ёмныя платформы: і на ўваходзе, і далей, каб трапіць на першы паверх. На ўваходзе ў будынак не павінна быць турнікетаў, брамак, дзвярных палотнаў з двухбаковымі завесамі і іншых механічных прылад. Дзверы павінны адчыняцца лёгка, па магчымасці, у грамадскіх будынках лепш устанаўліваць дзверы з аўтаматычным адчыненнем. Уваход павінен быць прыкметны. Для гэтага павінна быць забяспечана сігнальная інфармацыя: кантрасная афарбоўка, візуальныя і тактыльныя паказальнікі, паказальнікі з выкарыстаннем шрыфта Брайля ды інш.

У абсталяваных ліфтамі жылых дамах пры неабходнасці лесвіцы, якая вядзе на ганак, павінна быць прадугледжана пад'ёмная платформа з вертыкальным перамяшчэннем.

Пры перападзе вышынь не больш за 0,6 м замест пад'ёмнай платформы дапускаецца прылада пандуса.

Разам з тым, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Вольгі Верам, Мінбудархітэктуры цяпер разглядае пытанне ўнясення змяненняў у нарматыўныя патрабаванні для прылады пандуса без прылады лесвіцы, каб забяспечваць доступ у будынкі ўсіх катэгорый грамадзян.

Святлана Бусько

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.