Вы тут

Арганізатары Еўрапейскіх гульняў падзяліліся сакрэтамі цырымоніі адкрыцця


Хэдлайнерам цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску 21 чэрвеня стане зорка сусветнага ўзроўню, расказаў журналістам начальнік упраўлення па цырымоніях і культурнай праграме фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Сяргей Хоміч. Імёны хэдлайнераў традыцыйна трымаюцца ў сакрэце, але «гэта адназначна вядомая асоба, у якой ёсць вялікія дасягненні ў свеце шоу-бізнесу», — адзначыў ён.


Шоу будзе маштабным, з яркімі пастаноўкамі, маляўнічымі касцюмамі і дэкарацыямі. Па словах прадстаўніка Дырэкцыі гульняў, на цырымоніі выступіць таксама шмат вядомых беларускіх артыстаў, у тым ліку маладых. «Можна быць упэўненым, што людзі, якія прыйдуць на цырымоніі адкрыцця і закрыцця, трапяць на ўнікальную падзею, якая ў бліжэйшыя гады не паўторыцца. Быць гледачом на гэтым мерапрыемстве — рэдкая магчымасць, сюды варта прыйсці», — сказаў Сяргей Хоміч.

Арганізатары адзначаюць, што шоу цырымоніі адкрыцця будзе ўтрымліваць эфекты дапоўненай рэальнасці, а тэхналогія дапоўненай рэальнасці — адна з самых перспектыўных, дзякуючы ёй віртуальныя аб'екты становяцца часткай рэальнай навакольнай карціны. Гасцей зачаруюць прыгажосцю беларускай флоры і фаўны, яны ўбачаць побач з сабой выдатных жывёл і птушак. Але каб убачыць гэтыя элементы шоу, гледачам неабходна ўстанавіць на свае смартфоны або планшэты бясплатную мабільную праграму, якая хутка будзе даступна для запампоўкі ў Арр Stоrе і Gооglе Рlау. Праграма «прывязваецца» да пэўнага глядацкага месца на стадыёне і дазваляе ўбачыць элементы дапоўненай рэальнасці проста на экране.

Гасцей цырымоніі чакае не толькі яркае шоу, але і магчымасць прыняць у ім непасрэдны ўдзел дзякуючы адмысловаму глядацкаму рэквізіту, які застанецца ў якасці прыемнага сувеніра на памяць аб Еўрапейскіх гульнях. Кожны госць знойдзе на сваім месцы набор падарункаў, у тым ліку заплечнік і бранзалет.

Традыцыйна цырымонію адкрыцця глядзяць больш людзей, чым спартыўныя спаборніцтвы, таму арганізатары шоу заўсёды імкнуцца максімальна выгадна прадставіць краіну. Беларусь прадэманструе багатае гістарычнае мінулае, культуру, дасягненні і тое, на што робіць стаўку ў будучыні.

Адзначым, што каб даставіць на стадыён абсталяванне для цырымоніі адкрыцця (а гэта некалькі сотняў тон), спатрэбіцца каля 70 фур. Цяпер спецыялісты занятыя на адным з найбольш важных і складаных этапаў мантажу — падвесе тросавай разводкі, — канструкцыі, якая дазваляе артыстам і аб'ектам лётаць. Па перыметры стадыёна будзе вісець больш за 1 тыс. светлавых галоў. Плануецца ўсталяваць каля 3 тыс. кв. м экранаў, паваротныя сцэны, пад'ёмныя механізмы.

Тэхнічныя прагоны арганізатары пачнуць 15 чэрвеня, генеральны прагон з гледачамі адбудзецца 19-га. Дэмантаж абсталявання цырымоніі адкрыцця плануецца пачаць адразу пасля таго, як апошні глядач пакіне стадыён.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Дапоўненая рэальнасць, сусветная зорка і 70 фур

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.