Вы тут

Вынікі інспекцыі кальцавой пад кіраўніцтвам Прэзідэнта


Учора ў першай палове дня ўдзельнікі дарожнага руху на Мінскай кальцавой аўтадарозе маглі сустрэць незвычайны картэж на чале з вялікім турыстычным аўтобусам. Абганяючы калону, якая рухалася трохі павольней хуткасці патоку, аўтамабілісты і іх пасажыры наўрад ці маглі здагадацца, што ў аўтобусе едзе Аляксандр Лукашэнка. А трэба было толькі павярнуць галаву! Прэзідэнт асабіста інспектаваў стан МКАД і навакольную інфраструктуру. Наш карэспандэнт ехаў у адным аўтобусе з кіраўніком дзяржавы і змог убачыць усе нюансы высокай інспекцыі.


Думаю, няшмат хто можа сказаць, што за адзін раз праехаў Мінскую кальцавую аўтадарогу цалкам. Мала хто рабіў гэта з мэтай вывучэння сітуацыі на МКАД і побач з ёй. І канешне, яшчэ лепш здзейснілі гэта ў адным аўтобусе з Прэзідэнтам краіны. Больш за 56 кіламетраў шляху — а менавіта столькі складае даўжыня кальцавой — кіраўнік дзяржавы і чыноўнікі пераадолелі ў адным аўтобусе «МАЗ» разам з журналістамі.

«Напэўна, рух на МКАД спыніўся на гэты час?» — задасца пытаннем чытач. Аднак, паколькі інспекцыя праводзілася ў першай палове пятніцы, зачыняць такую важную магістраль для мінчан і гасцей сталіцы было б няправільна. Таму аўтобус з першай асобай спакойна ўключыўся ў немалы, як заўсёды, паток аўтамабіляў на кальцавой. І трэба прызнаць, што асобныя вадзіцелі фур былі крыху збянтэжаныя, калі бачылі ў акне высокага турыстычнага аўтобуса кіраўніка дзяржавы. Пра што ж казаў беларускі лідар падчас паездкі, і як прайшла інспекцыя?

Дарога — горад — краіна

...Непрыкметны з'езд з трасы М3 на ўездзе ў Бараўляны, невялікая паркоўка — менавіта тут пачалося вывучэнне Прэзідэнтам добраўпарадкавання і развіцця тэрыторый уздоўж Мінскай кальцавой аўтадарогі.

Як толькі кіраўнік дзяржавы прыбыў на месца, ён адразу пазначыў тэму сустрэчы. Беларускі лідар нагадаў, што часта крытыкуе чыноўнікаў за дарогі і парадак, а таксама за тыя кірункі дзейнасці, якія звязаны з прыродай. Паводле яго слоў, МКАД — гэта твар Мінска, а Мінск — гэта твар краіны.

«Тут госці, людзі часта ездзяць па гэтых дарогах, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І справа нават не толькі ў тым, што хутка прыедзе шмат гасцей з усяго свету на  Еўрапейскія гульні. Калісьці трэба было гэтую працу актывізаваць».

Звяртаючыся да чыноўнікаў, ён нагадаў, што не раз казаў пра тое, што хацеў бы бачыць уздоўж гэтых дарог. І які вынік? На думку Прэзідэнта, пакуль праца ідзе так сабе. Пры гэтым ён прызнаў, што можа нешта не бачыць, бо нельга пабываць усюды.

«І сёння я хацеў бы проста вам усім пазначыць канкрэтна, якой павінна быць дарога і прыдарожныя ўчасткі», — патлумачыў сутнасць сваёй інспекцыі беларускі лідар.

Трэба разумець, што праца па добраўпарадкаванні не скончыцца пасля буйнога спартыўнага першынства, яна павінна працягвацца. На гэта кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу: «Напэўна, пачнём з асноўных дарог і пойдзем да межаў нашай краіны. Трэба добраўпарадкоўваць Беларусь, нельга спыняцца. Гэта наша «фішка». Хто б сюды ні прыязджаў, усе ахкаюць, як добра, прырода добрая. Але прыродзе трэба не толькі радавацца, не толькі жыць з ёй у міры і згодзе — прыроду трэба і ўпрыгожваць, удасканальваць».

Дарэчы, пакуль чакалі прыезд Прэзідэнта, перад тым як адправіцца на інспекцыю, на некалькі пытанняў пагадзіўся адказаць мэр Мінска Анатоль СІВАК — і ён таксама казаў пра тое, што праца па азеляненні і рамонце дарог з'яўляецца планавай. Ён таксама паведаміў, што ў сталіцы сёлета плануецца высадзіць 8-9 мільёнаў кветак, хоць годам раней высадзілі ўсяго два мільёны. Статыстыка змянілася ў лепшы бок і па дарогах — паклалі больш асфальту, у многіх месцах памянялі тратуарную плітку... Пры гэтым мэр заўважыў, што падчас будаўніцтва новага нельга забываць пра падтрыманне парадку ў старым.

Папярэджанне для нядобрасумленных інвестараў

Безумоўна, Прэзідэнту далажылі аб сітуацыі: пра тое, як выконваюцца яго даручэнні па падтрыманні МКАД і развязак у добрым стане, а таксама аб добраўпарадкаванні тэрыторый каля кальцавой.

Закранулі няпростую тэму недабудаваных будынкаў. Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі тут жорсткая: калі з інвестарам дамовіліся, ён павінен выконваць свае абавязацельствы. Калі ж ён не выконвае, то трэба выкарыстоўваць жорсткія санкцыі. Не зрабіў — нясі адказнасць.

Што датычыцца тэрмінаў будаўніцтва і вонкавага добраўпарадкавання аб'ектаў, то тут ёсць велічыня, на якую варта арыентавацца. На думку беларускага лідара, тры гады — гэта максімальны тэрмін для такой дзейнасці. Бо ў нас як бывае: будоўля доўжыцца і пяць, і сем гадоў, вакол бруд, людзям непрыемна. Так што інвестар павінен памятаць пра насельніцтва, зрабіць нармальна вонкава і добраўпарадкаваць зямлю. Усё астатняе — на яго сумленні.

Даручэнне кіраўніка дзяржавы: навесці тут парадак, паглядзець гэтае пытанне, у некаторых варта нават забраць участкі (на якіх цяпер стаяць даўгабуды), каб іншым непанадна было.

У адказ старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка распавёў, што такі падыход ужо дае вынік: як толькі пачалі адабранне ўчасткаў з даўгабудамі, інвестары паскорылі ўзвядзенне запланаваных аб'ектаў.

Будучыня = электрычнасць

Яшчэ на невялікай паркоўцы акуратна размясціўся транспарт, які будзе актыўна выкарыстоўвацца падчас Еўрапейскіх гульняў. Пяць машын з сімволікай першынства — два аўтобусы МАЗ, «Нёман», а таксама два Geely Atlas белага і чорнага колераў. Такі аўтапарк (вядома, у большай колькасці) здольны вырашыць транспартнае пытанне падчас чэмпіянату. Дарэчы, 320 беларускіх красовераў будуць эксплуатавацца ў якасці таксі для прадстаўнічых гасцей.

Звярнуў увагу на транспарт і Аляксандр Лукашэнка. Размаўляючы з кіроўцамі, кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму падабаецца мадэль Atlas. Вердыкт Прэзідэнта — «прыстойная машына». І ў чарговы раз ён закрануў тэму электрамабіляў — такую вытворчасць развіваць неабходна.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі рушылі ў бок кальцавой.

Дрэвам — так, плоту — не

Як толькі аўтобус крануўся, Прэзідэнт заклікаў рухацца павольней, каб старанна разгледзець усё вакол. Кіраўнік дзяржавы адразу папярэдзіў: схілы ўздоўж дарогі павінны быць засаджаны дрэвамі (хоць бы елкамі, хвоямі), каб не касіць, бо гэта немалыя затраты.

«Уздоўж дарог павінны быць зялёныя насаджэнні», — падкрэсліў ён і дадаў, што абавязкова асабіста праедзецца і паглядзіць на стан пасаджаных дрэў і хмызнякоў, бо сэнсу ў загінулым насаджэнні няма ніякага. Калі нешта загінула — трэба прыбіраць і засаджваць нанова, а потым даглядаць.

«І трэба спытаць тых, хто іх высаджваў, таму што гэта галавацяпства. Калі б гэта адно дрэва з 10—15 прапала, гэта яшчэ дапушчальна, але калі праз адно загінулі дрэвы, гэта ненармальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён звярнуў увагу на недапушчальнасць залішняга выразання і выпілоўвання.

На думку беларускага лідара, калі ў населеным пункце жылыя дамы прымыкаюць да дарогі, то яе трэба больш засадзіць, аднак усё гэта не павінна зарастаць. Вядома, і фасады дамоў павінны быць у годным стане. І, дарэчы, займацца гэтым маглі б самі жыхары. Таксама Аляксандр Лукашэнка заклікаў рэстараны, запраўкі, крамы і іншыя ўстановы ўздоўж дарогі самастойна займацца сваёй тэрыторыяй. «Гэта іх зона адказнасці», — рэзюмаваў ён.

Згадаў беларускі лідар і транспартныя развязкі — яны не павінны быць пусткамі. «Калі яны пустуюць — гэта ні да чаго», — сказаў ён.

Яшчэ Прэзідэнт закрануў тэму ландшафтнага дызайну ўздоўж дарог. На яго думку, адпаведныя спецыялісты павінны распрацаваць планы. Проста наторкаць дрэвы — гэта дрэнны падыход. Такім чынам, ён прапанаваў сфарміраваць групы з трох чалавек — вопытных дызайнераў, якія распрацуюць планы добраўпарадкавання для канкрэтных тэрыторый. Прэзідэнту спадабалася тэрыторыя каля Парку высокіх тэхналогій — аднак можна зрабіць яшчэ лепш.

Таксама беларускі лідар заклікаў прыбраць усе лішнія платы ўздоўж МКАД. Ад пылу і шуму лепш адгароджваць свае дамы дрэвамі, упэўнены ён. Безумоўна, дзесьці платы неабходныя, у тым ліку ў якасці шумазасцярогі, прызнаў Аляксандр Лукашэнка, але і іх трэба прывесці ў парадак.

Пра Курапаты, дарогі і вынікі

Адным з прыпынкаў на шляху стала ўрочышча Курапаты, дзе нядаўна былі праведзены работы па добраўпарадкаванні. «Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэў. І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па перыметры туі можна, — адзначыў беларускі лідар. — Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім. Але недапушчальна, каб хтосьці тут нешта рабіў без дазволу. Гэта ж палітычная дэманстрацыя. Гэта камусьці трэба. Можаш прыйсці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і сыходзь, не перашкаджай гэтым людзям».

Безумоўна, у ходзе паездкі беларускі лідар закрануў тэму дарожнага пакрыцця МКАД. На яго думку, маставыя пераходы, шляхаправоды засталіся дзе-нідзе неасфальтаваныя — так, дзесьці іх залаталі, але ў асобных месцах проста кінулі. «Трэба гэта дарабіць. І трэба рабіць назаўсёды», — сказаў ён.

«Павінен сказаць, што за суткі вы больш зрабілі, чым за год. Гэта сведчыць пра тое, што трэба прыязджаць і глядзець, і не толькі мне. За суткі і абкасілі, і выраўнялі, і палілі. Так і трэба працаваць. І давайце прыводзіць у парадак», — рэзюмаваў беларускі лідар вынікі сваёй інспекцыі. Назваў і тэрмін — прыкладна за год, каб падрыхтаваць пасадачны матэрыял, канчаткова вызначыцца з будаўніцтвам тых ці іншых аб'ектаў.

Безумоўна, з гэтай задачай кіраўнік дзяржавы і чыноўнікі дакладна не справяцца самастойна. А вось калі кожны жыхар будзе ставіцца да свайго кавалачка беларускай зямлі па-гаспадарску, то наша прыгожая краіна стане яшчэ прыгажэйшай.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Па сталічнай «арбіце»

Выбар рэдакцыі

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны

Радок на яго помніку спыняе і змушае задумацца.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.

Грамадства

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

 Псіхолаг Раман Кручкоў упэўнены, што на самай справе агрэсія ўласціва ўсім людзям.  

Грамадства

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны музей «Бярэсце» і навакольная тэрыторыя перажываюць вялікае абнаўленне.