Вы тут

28 краін свету былі прадстаўлены на Гомельскім эканамічным форуме


28 краін свету былі прадстаўлены на Гомельскім эканамічным форуме, які сабраў паўтысячы гасцей. Прадстаўнікі ўлад, дыпмісій і бізнес-колаў у горадзе над Сожам ацэньвалі эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял вобласці. Сярод пастаянных партнёраў — Расійская Федэрацыя, Украіна, Казахстан, Кітай, Італія. Сёлета ўдзел у форуме ўзялі яшчэ і дэлегацыі Узбекістана, Румыніі, Бельгіі, Катара, Пакістана, Індыі.


Агульная вага партфеля кантрактаў складзе каля 130 мільёнаў долараў. Практычна ўсе дамовы — у сферы рэальнага сектара эканомікі. Інвестыцыі чэшскай кампаніі, напрыклад, будуць накіраваны на «Гомельбудматэрыялы». Там запланаваны праект рэканструкцыі цэха цеплаізаляцыйных матэрыялаў на 30 мільёнаў еўра са стварэннем 70 рабочых месцаў. Для замежнага інвестара гэта другі праект у Беларусі: адзін ужо рэалізуецца ў Віцебскай вобласці.

На тэрыторыі СЭЗ «Гомель-Ратон» эстонская кампанія Kааmоs Grоuр мае намер пабудаваць дрэваапрацоўчы завод праектнай магутнасцю больш за 160 тысяч кубаметраў піламатэрыялаў штогод. Тут будзе створана 100 працоўных месцаў.

У Гомелі плануюць пабудаваць сэрвісны цэнтр па рамонце грузавых аўтамабіляў «Вольва» і паўпрычэпаў «Шмітц». Аб'ём капітальных укладанняў складзе 1,5 мільёна долараў. Работу атрымаюць 50 чалавек.

Таксама ў планах арганізацыя трыкатажных палотнаў на фабрыцы «Белфа» ў Жлобіне, гідраапаратуры — на СЭЗ «Гомель-Ратон», другаснай перапрацоўкі палімерных матэрыялаў у Буда-Кашалёўскім раёне і перапрацоўкі адходаў металургіі ў Жлобінскім. А яшчэ — будаўніцтва камбіната па здабычы каалінавай гліны на Жыткаўшчыне. Пратакол аб намерах падпісалі Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат і ТАА «Юніком». Расійская кампанія мае намер прасоўваць і рэалізоўваць рагачоўскую малочку ў Расіі на суму каля 35 мільёнаў долараў штогод.

— За шаснаццаць гадоў Гомельскі эканамічны форум вырас да маштабнага міжнароднага мерапрыемства, якое штогод збірае сотні прадстаўнікоў дзелавых колаў і афіцыйных асоб з розных дзяржаў, — адзначыў выконваючы абавязкі старшыні, першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Сёння форум па праве носіць статус галоўнага дзелавога сходу вобласці, у актыве якога 97 падпісаных дакументаў на суму амаль два з паловай мільярды долараў. Больш за 50 % з іх ужо выкананы ці знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Інвестыцыйная прывабнасць краіны — гэта больш, чым спрыяльныя падатковыя і гандлёвыя рэжымы. Гэта таксама ўзаемны давер органаў улады і бізнесу, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, палітычная стабільнасць, сумленныя правілы гульні. Падобныя форумы — не толькі платформа для ўмацавання існуючых міжрэгіянальных сувязяў, але і магчымасць усталявання новых дзелавых і сяброўскіх кантактаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Эканоміка ўмацоўваецца кантрактамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».