Вы тут

Першыя спробы транслакацыі вяртлявай чаротаўкі прынеслі добрыя вынікі


Гэта атрымалася дзякуючы праекту, які фінансуецца праграмай Еўрапейскага саюза LIFE і праектам ГЭФ/ПРААН “Ветландс”.


Мэта праекта пад рабочай назвай “Вялікае княства вяртлявай чаротаўкі” – не толькі палепшыць месцапражыванне вяртлявай чаротаўкі на тых беларускіх балотах, дзе яна ўжо жыве, але і засяліць на новыя тэрыторыі за межамі нашай краіны, дзе яна жыла раней, але была страчана.

– За апошнія 10 гадоў ЕС выдаткаваў 25 млн еўра на аднаўленне месцапражыванняў вяртлявай чаротаўкі ў Германіі, Венгрыі, Францыі, Іспаніі, але птушка там не з’яўляецца, – расказаў навуковы каардынатар праекта ПРААН-ГЭФ “Ветландс”, загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва і суправаджэння прыродаахоўных канвенцый НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Казулін. – Распрацаваны ж намі метад перасялення дае надзею на аднаўленне страчаных тэрыторый у Еўропе.

Гэты метад грунтуецца на біялагічных асаблівасцях вяртлявай чаротаўкі. Гэта птушка запамінае месца, куды яна павінна прыляцець з выраю, ва ўзросце ад 30 да 50 дзён. Таму спецыялісты адабралі на тэрыторыі заказніка “Званец” з гнёздаў 50 птушанят у шасцідзённым узросце. А калі ім споўнілася 10-15 дзён, перавезлі ў запаведнік “Жувінтас”, што ў Літве. Перад тым, як адпускаць птушак на волю, кожную кальцавалі і назвалі беларускім ці літоўскім імем.

Сёлетняй вясной арнітолагі, прычым не толькі беларускія і літоўскія, але і з іншых краін Еўропы са спадзяваннем чакалі птушак з выраю. І яны прыляцелі! На “Жувінтас” вярнуліся восем самцоў вяртлявай чаротаўкі, а значыць, і прыблізна восем самак.

– Гэта сур’ёзны поспех, улічваючы, што гібель маладых птушак (першага года жыцця) на зімоўцы складае 70%, – адзначае Аляксандр Казулін. – Спадзяюся, мы пачнем дубліраваць атрыманы вопыт і ў Германіі, пры ўмове, што ў Беларусі будзе спрыяльная сітуацыя для размнажэння чаротаўкі.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».