Вы тут

Лукашэнка: Адносіны Беларусі і Казахстана заўсёды будуць добрымі


Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. Месцам правядзення сустрэчы стала рэзідэнцыя «Акорда», перадае БЕЛТА.


«Што датычыцца нашых адносін, яны заўсёды будуць добрымі, заўсёды будуць цёплымі, і я ніколькі не сумняваюся, што мы зможам і дабавіць у нашых адносінах», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна прымаў пасла Казахстана ў Беларусі і прама яму сказаў аб канкрэтных сур’ёзных напрамках, па якіх бакі могуць рушыць наперад у развіцці супрацоўніцтва.

Тавараабарот Беларусі і Казахстана ў мінулым годзе дасягнуў амаль $900 млн і павялічыўся на 30 працэнтаў да ўзроўню 2017 года. Пры гэтым беларускі экспарт перасягнуў $783 млн. У першым квартале 2019 года аб’ёмы ўзаемнага гандлю ўпалі прыкладна на 10 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га. Тавараабарот склаў $171,5 млн. Сальда для Беларусі склалася дадатнае ў памеры $121,7 млн.

У Казахстан пастаўляюцца малако і малочныя прадукты, трактары і седлавыя цягачы, мэбля, грузавыя аўтамабілі, лякарствы, замарожаная ялавічына, цукар, мясныя прадукты. Беларусь імпарту нафтапрадукты, каменны вугаль, рэйкі, пракат з нелегіраванай сталі, нафтавыя газы, насенне лёну, баваўнянае валакно, цыбулю, часнок.

Аб’ём гандлю паслугамі ў 2018 годзе склаўся ў памеры больш за $153 млн, экспарт — $99 млн, імпарт — $54,2 млн.

У 2018 годзе аб’ём казахстанскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі перасягнуў $18,8 млн (рост у 4,8 раза), з іх прамыя інвестыцыі — $18,3 млн. 

  • Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 кампаній, створаных з прыцягненнем беларускага капіталу, а таксама больш за 70 суб’ектаў дылерскай сеткі. Функцыянуюць восем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання (ААТ «БелАЗ», ААТ «МТЗ», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «МАЗ», ААТ «УКГ «Бабруйскаграмаш» і іншыя). У Казахстане працуюць 256 арганізацый з беларускім удзелам, у Беларусі дзейнічае 45 прадпрыемстваў з казахстанскім капіталам.

Асноватворным дакументам практычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца дарожная карта развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Казахстана на 2019-2020 гады.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Касым-Жамарту Такаеву за сустрэчу ў гэты няпросты час з улікам прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Казахстане. «Казахстанцы — гэта ўжо нават не тыя людзі, што былі ў сярэдзіне 1990-х, якіх я вельмі добра памятаю. Мы ўсе тады вельмі хварэлі на нейкія ідэі, часам недарэчныя і непатрэбныя. Сёння нашы народы паглядзелі ўжо вакол сябе, пасталелі — зразумелі, дзе наш гонар, слава і поспех», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Мне здаецца, што хоць і цяжкая гэта прэзідэнцкая кампанія, вы правільнае прынялі рашэнне, што пайшлі на выбары. Вы правільна растлумачылі, што павінна быць вызначанасць у людзей, павінна быць легітымнасць прэзідэнта. Я абсалютна падтрымліваю тое, што адбываецца ў Казахстане. Я разумею свайго сябра Нурсултана Абішавіча, які вельмі перажывае на Казахстан. Ён разам з вамі працаваў, шмат мне пра вас расказваў, калі я яму задаў пытанне пры сустрэчы. Вы вельмі шмат зрабілі, удвух і вашы калегі, для таго, каб Казахстан адбыўся такім, якім мы яго сёння бачым», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Касым-Жамарту Такаеву поспехаў. «Казахстанцы вельмі разумныя людзі. Яны ўжо ва ўсім разабраліся», — сказаў ён.

У сваю чаргу Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў шчырую павагу, з якой у яго краіне ставяцца да кіраўніка беларускай дзяржавы. «Гэта шчырая павага да чалавека, які доўгія гады працуе на пасадзе Прэзідэнта Беларусі і робіць усё магчымае для ўмацавання аўтарытэту і патэнцыялу роднай дзяржавы. Адзначаем вашы поспехі, радуемся ім», — сказаў Касым-Жамарт Такаеў.

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці ў адрас беларускага лідара за цёплую сустрэчу ў Мінску восенню мінулага года, калі ён наведваў Беларусь на чале парламенцкай дэлегацыі.


Лукашэнка і Назарбаеў пацвердзілі дружалюбны характар беларуска-казахстанскіх адносін

У сталіцы Казахстана сёння адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева.

«Дзякуй за найвялікшую павагу да беларускага народа. Гэта не толькі мая заслуга, гэта вашы любоў і адносіны да майго народа. Я ведаю, як вы ставіцеся да беларусаў. Больш за 20 гадоў я ад вас гэта заўсёды чуў. Вельмі рады, што вам падабаецца Беларусь. Мы таксама да вашых паслуг — у любы час прыязджайце, я буду вас чакаць», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Што б ні здарылася, на якіх пасадах ні працавалі б, нас звязвае большае — дружба. Вы правільна сказалі: у самы цяжкі час па самых сур’ёзных пытаннях як бы мы ні спрачаліся, мы заўсёды аказваліся па адзін бок барыкад. Заўсёды абаранялі нашы інтарэсы, а ў Казахстана і Беларусі ніколі нават палярных пунктаў гледжання не было на тыя ці іншыя праблемы. Таму наша дружба будзе развівацца», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што цяперашні Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў — вельмі дастойны чалавек.

«Рашэнне ваша мудрае. Няхай не ўсе адразу гэта зразумелі, але потым яны ацанілі гэтыя дзеянні. Спакойна, ціха, так, як і павінна быць. Буры нам не патрэбны. Нам іх падкінуць звонку, калі патрэбна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што цяпер ужо, у тым ліку ў Казахстане, у адрозненне ад 90-х гадоў усе зразумелі, дзе сябры, дзе ворагі і якім шляхам ісці. «Казахстанцы цэняць стабільнасць і спакой так, як і іншыя народы. Трэба выбіраць спакой. А ўсё астатняе ад працы — будзеш працаваць, будзе вынік», — упэўнены беларускі лідар.

У час сустрэчы Нурсултан Назарбаеў уручыў Аляксандру Лукашэнку ордэн «Першы Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан — Лідар Нацыі Нурсултан Назарбаеў», які з’яўляецца дзяржаўнай узнагародай Казахстана і заснаваны ў маі 2001 года. Ордэн кіраўніку беларускай дзяржавы ўручаны ў азнаменаванне 25-годдзя ідэі аб еўразійскай інтэграцыі і 5-годдзя падпісання Дагавора аб ЕАЭС, а таксама за асаблівы ўклад у паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва з Казахстанам. Аляксандр Лукашэнка стаў першым кіраўніком дзяржавы, каму ўручана такая ўзнагарода.

Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што без падтрымкі Прэзідэнта Беларусі не было б і самога саюза. Ён таксама адзначыў, што ўпершыню сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам ужо не ў якасці дзеючага кіраўніка дзяржавы, а ў статусе першага Прэзідэнта, лідара нацыі, валодаючы іншымі паўнамоцтвамі. «Усе гэтыя гады мы былі ініцыятарамі ўсіх інтэграцыйных працэсаў. І мы за гэта ваявалі ўдваіх заўсёды. Розныя былі моманты ў гэтым жыцці. Але я ўсё жыццё буду помніць нашы адносіны. І цяпер, калі я больш свабодны, хачу вам сказаць: тут Назарбаеў — гэта ваш самы лепшы сябар. Заўсёды буду чакаць, заўсёды буду гатовы дапамагчы, падтрымаць па любым напрамку», — запэўніў казахстанскі лідар.

Гаворачы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ён адзначыў, што за апошнія гады ўдалося значна падняць узаемны гандаль, супрацоўніцтва, стварыць сумесныя прадпрыемствы. «Але трэба прадаўжаць. Цяжкасці ёсць, але без гэтай інтэграцыі таксама цяжка», — лічыць Нурсултан Назарбаеў.

Першы Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што яму паступіла прапанова стаць Пачэсным старшынёй Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, і спытаў, што наконт гэтага думае кіраўнік беларускай дзяржавы. «Я ўжо сказаў сваё меркаванне. І сёння, і раней. І з Пуціным мы абмяркоўвалі гэта. І вам неяк я сказаў: цяпер вы ўжо больш свабодны чалавек, вы павінны патрабаваць, як належыць, з усіх. Вы абяцалі, што будзеце цяпер з нас патрабаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым сустрэча лідараў праходзіла ў вельмі цёплым і дружалюбным ключы. Нурсултан Назарбаеў расказваў аб палітычных трансфармацыях, якія адбываюцца ў Казахстане, нюансах у сваёй цяперашняй дзяржаўнай дзейнасці. Ён таксама адзначыў вялікі ўклад Прэзідэнта Беларусі ў развіццё сваёй краіны: «У вельмі няпростых умовах вы Беларусь трымаеце на такім высокім узроўні. І структура эканомікі, і ўзаемаадносіны з суседзямі няпростыя. Вы — самы сапраўдны баец і прыклад».

Першы Прэзідэнт Казахстана запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Казахстан з асобным візітам. «У нас ёсць што паказаць. І вам захочацца і зімой быць у нас, і летам паглядзець, — адзначыў ён. — Казахстан да вашых паслуг. Я з вялікай радасцю вас прымаю сёння».

«У гэтым годзе», — адказаў на запрашэнне кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Што датычыцца двухбаковых адносін, вы пагаварылі ўжо з дзеючым Прэзідэнтам (Касым-Жамарт Такаеў. — Заўвага БЕЛТА). Ён мой саратнік. Быў маладым хлопцам (я яго ўбачыў у Пекіне ў пасольстве Савецкага Саюза). А калі аб’явілі незалежнасць, дыпламаты нам патрэбны былі. І з таго часу ён 30 гадоў працуе са мной. Той курс, які мы залажылі, ён будзе прадаўжаць», — дадаў Нурсултан Назарбаеў.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.