Вы тут

Парадак на чыгунцы: журналісты адправіліся ў рэйд з транспартнай міліцыяй


Сутачны пасажырапаток станцыі «Мінск-Пасажырскі» з улікам транзіту — звыш 100 тысяч чалавек. З надыходам цяпла і дачнага сезона людзей на чыгунцы робіцца яшчэ больш. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да супрацоўнікаў транспартнай міліцыі і паглядзелі, як падтрымліваюць бяспеку на стальной магістралі.


Аляк­сей Чай­коў­скі і Анд­рэй Фе­да­ро­віч.

— Гадзіна пік для транспартнай міліцыі — раніца і вечар. Час, калі людзі дабіраюцца на працу і вяртаюцца з яе. А яшчэ другая палова пятніцы — дзень раз'ездаў перад выхаднымі, — тлумачыць начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінскага АУС на транспарце падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Карповіч.

«Транспартнікі» сталічнага АУС забяспечваюць ахову грамадскага парадку на 11 чыгуначных станцыях і 12 прыпыначных пунктах, якія знаходзяцца ў межах гарадоў Мінска, Маладзечна, Барысава і Слуцка, а таксама ў цягніках, якія рухаюцца па тэрыторыі Мінскай вобласці.

Маршруты суправаджэння саставаў распрацоўваюцца ў адпаведнасці з аналізам аператыўнай абстаноўкі. Часцей за ўсё выбіраюцца напрамкі, на якіх нядаўна адбылося правапарушэнне, дачныя, а таксама тыя, што ідуць да папулярных зон адпачынку — Мінскага мора, Пцічы — ці ад іх. Наш маршрут на сёння — Мінск — Гудагай. З фотакарэспандэнтам далучаемся да «калег» у пятніцу а 18-й гадзіне.

— У асноўным мы патрулюем на электрычках. Гэта самы бюджэтны варыянт, які прапануе чыгунка. Таму і карыстаецца вялікім попытам сярод пасажыраў, — кажа Аляксандр Станіслававіч.

«Цягнік рэгіянальных ліній эканом-класа «Мінск — Гудагай» адправіцца праз 5 хвілін з 22-га пуці», — перадалі па гучнай сувязі. Народ на пероне ажывіўся.

— Да Маладзечна дабяруся? — сумняваецца бабуля з вялікай торбай у чырвоныя ружы.

— Гэтая, — указвае на электрычку жанчына гадоў 50, — на Хмелеўку стаіць?

— Дзе тая пятая платформа!? — злуецца мужчына ў цёмных акулярах.

— Пытанні кшталту «як прайсці на той ці іншы пуць» або «ў якім напрамку рухаецца цягнік» — самыя частыя, з якімі да нас звяртаюцца людзі. Мы як інфармбюро для пасажыраў, — жартуе камандзір аддзялення роты ППСМ Мінскага АУС на транспарце старшы прапаршчык міліцыі Андрэй Федаровіч.

Перад тым як прыступіць да патрулявання непасрэдна па саставе, нарад кантралюе пасадку людзей у электрычку.

— Можаце агледзець маю торбу. Нічога забароненага ў ёй няма, — звяртаецца да Андрэя Іванавіча мужчына ў сіняй майцы. — Я вам давяраю, — шпурляе багаж на лаўку і сыходзіць паліць.

— Прыемна, канешне, бачыць такі давер да супрацоўнікаў міліцыі, але пакідаць асабістыя рэчы без нагляду нельга. У першую чаргу пра сваю маёмасць чалавек павінен клапаціцца сам. Далей ужо ў справу ўступаем мы. Людзі часта думаюць, што іх цяжкі чамадан ніхто не падыме, і «хаваюць» яго дзесьці ў куце вакзала. Але, як паказвае практыка, і на непад'ёмны багаж знаходзіцца свой асілак, — кажа старшы прапаршчык.

* * *

Андрэй Іванавіч служыць у органах унутраных спраў з 2008 года. Мужчына з адукацыяй інжынера, але працаваць па спецыяльнасці не захацеў: «Яшчэ падчас вучобы зразумеў, што не маё».

— Я ў міліцыі ўжо трэці год. Прыйшоў сюды пасля арміі. Цяпер завочна вучуся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, — уступае ў размову сяржант міліцыі Аляксей Чайкоўскі.

Нарад суправаджэння саставаў складаецца з двух міліцыянераў. Для аховы парадку на чыгунцы часам далучаюцца байцы АМАПа, салдаты ўнутраных войскаў, працуюць дружыннікі.

«Паважаныя пасажыры! Наш цягнік рухаецца да станцыі «Гудагай», — разносіцца па электрычцы. Крануліся. У вагоне мнагалюдна. Месцы каля акна і па ходзе руху цягніка займаюцца ў лічаныя секунды. З краю каля праходу — свабодна.

— Грамадзянін, прачынаемся, — звяртаецца Андрэй Іванавіч да мужчыны, які прыгрэўся і задрамаў.

— Што здарылася? — спужаўся пасажыр. — Я нічога не парушаў!

— Адны абураюцца, што мы турбуем іх салодкі сон, другія — усё разумеюць. У любым выпадку робіцца гэта выключна для саміх грамадзян. Бо людзі торбу на паліцу закінулі, заснулі і забыліся пра яе на гадзіну-дзве. А злачынец усё бачыць. Раскрыць такія правапарушэнні даволі цяжка, таму лепей іх прадухіліць.

Каля 70 працэнтаў злачынстваў, якія адбываюцца на транспарце, — гэта крадзяжы. Сцягваюць мабільныя тэлефоны, кашалькі, торбы і нават мяшкі з бульбай! Так, было ў практыцы калег і такое.

— Людзі часта кладуць мабільны тэлефон на стол у плацкартным вагоне, напрыклад, а самі ідуць па гарбату або ў туалет. Вяртаюцца, а гаджэта няма. Падобная сітуацыя і з кашалькамі, якія пасажыры пакідаюць у кішэнях куртак, — расказваюць суразмоўцы. — Ёсць і тыя, хто просіць спадарожнікаў папільнаваць некалькі хвілін свае рэчы. Праўда, не заўсёды незнаёмец аказваецца сумленным.

* * *

— Мы з мужам кожныя выхадныя ездзім на электрычцы на дачу ў Баяры. Нічога крымінальнага на нашай памяці тут не здаралася, але з міліцыяй неяк усё роўна спакайней, — лічыць пасажырка з часопісам у руках.

— Мабыць, які злодзей і хацеў што ўчыніць, але ўбачыць людзей у форме і спужаецца! — падтрымлівае жонку мужчына гадоў 50.

І сапраўды, прысутнасць ахоўнікаў парадку ў цягніку, з аднаго боку, прымушае пасажыраў паводзіць сябе больш стрымана, з другога — дазваляе пачувацца больш бяспечна.

— Грамадзяне ў нецвярозым стане — патэнцыйныя ахвяры злодзеяў і хуліганаў. А часта і самі завадатары розных канфліктных сітуацый, — кажуць міліцыянеры. — На шчасце, такіх пасажыраў з кожным годам становіцца ўсё менш. Нагадаем, чалавеку ў алкагольным ап'яненні чыгуначнікі маюць права адмовіць у праездзе. Білет у такім выпадку здаць не атрымаецца. Буянаў высаджваюць на найбліжэйшай станцыі. Гэта робіцца дзеля агульнай бяспекі. Чыгунка — не месца для застолляў.

За адчыненую фортку або месца, якое не ўступілі пенсіянеру, пасажыры ўжо даўно не спрачаюцца. Хуліганствы — рэдкая з'ява ў цягніках. У цэлым абстаноўка на чыгунцы, у адрозненне ад знакамітых дзевяностых, спакойная. Нават у міні-кафэ на вакзале ўсё мірна. Стала менш у вагонах і несанкцыяванага гандлю. Суперклей, нажніцы, пальчаткі — шукайце ў крамах.

Губляюцца на вакзале рэдка. Затое амаль кожны дзень міліцыянеры знаходзяць тых, хто ў вышуку: «Учора, напрыклад, затрымалі мужчыну, які скраў у знаёмага банкаўскую картку і зняў з яе грошы».

«Паважаныя пасажыры! У мэтах вашай бяспекі просім звяртаць увагу на падазроных асоб, пакінутыя без нагляду рэчы. У выпадку іх выяўлення — неадкладна паведаміць пра гэта супрацоўніку міліцыі або па тэлефоне 102», — раяць па гучнай сувязі.

Забываюць у цягніках усё што заўгодна! Ад куртак да хатніх гадаванцаў. Сярод лідараў забытых рэчаў — парасоны і пальчаткі.

— Малады чалавек, зрабіце сваю «катрынку» крыху цішэй, — злуецца расчырванелая мадам у белым капелюшы. — Я іншую музыку люблю!

Хлопец дэманстратыўна падключае навушнікі да тэлефона і адварочваецца ад спадарожніцы.

* * *

Станцыя «Ждановічы».

— Тут паліць забаронена, — звяртаецца Андрэй Іванавіч да пасажыра, які збіраўся закурыць.

— Прабачце, не ведаў! Больш не буду! Я тут праездам, — апраўдваецца мужчына.

Па словах міліцыянераў, новаўвядзенне 2015 года, калі на перонах і непасрэдна перад уваходам у будынак вакзала ў сталіцы з'явіліся месцы для курэння, прыжылося ў грамадзян. Няхай і не адразу. Цяпер рэдкі «госць» пераступае закон. Згодна з артыкулам 17.9 КаАП РБ, курэнне на тэрыторыі вакзала забаронена, а за парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць да 4 базавых велічынь.

— Пераход чыгуначных пуцей у неналежным месцы — даволі частае правапарушэнне. На жаль, людзі не разумеюць, што некалькі выйграных секундаў могуць каштаваць ім не толькі грошай (штраф да дзвюх базавых велічынь), але і жыцця, — кажа Аляксей.

Асобная цяга да чыгункі ў моладзі, якая апошні час панадзілася маляваць на вагонах цягнікоў. Выява можа з'явіцца літаральна за некалькі хвілін, пакуль састаў знаходзіцца на прыпынку або ў адстоі. За пашкоджанне транспарту прадугледжана крымінальная адказнасць (грамадскія працы, або штраф, або арышт на тэрмін да трох месяцаў).

У асобную катэгорыю правапарушальнікаў можна вылучыць так званых зачэпераў — людзей, якія практыкуюць язду на цягніках звонку. Іх на беларускай чыгунцы, на жаль, таксама хапае. Яны катаюцца на дахах вагонаў, чапляюцца за якія-небудзь канструкцыі збоку.

— Сярэдні ўзрост зачэпераў — 14—17 гадоў. Што імі рухае? Не хапае адрэналіну! Менавіта так яны тлумачаць свае небяспечныя прыгоды, — кажуць ахоўнікі парадку. — Год таму быў выпадак, калі два юнакі каталіся на хваставым вагоне грузавога цягніка Мінск — Орша і саскочылі падчас руху. З адным аматарам прыгод усё ў парадку, другому — ампутавалі нагу.

Адказнасць за недзіцячыя гульні надыходзіць з 14 гадоў. Часткай 1 артыкула 18.4 КаАП прадугледжваецца накладанне штрафу да трох базавых велічынь. У выпадках калі падлетак не дасягнуў гэтага ўзросту, за яго дзеянні адказваюць бацькі або тыя, хто выконвае іх абавязкі.

— Сустракаюцца і аматары рызыкоўных сэлфі на чыгунцы, — працягваем размову пра сумнеўныя захапленні моладзі. — Гэта як трэба не цаніць сваё жыццё?! Два гады таму сябры-паркуршчыкі хацелі паскакаць на таварнай станцыі «Мінск-Сартавальны» па вагонах, зрабіць прыгожыя фота. Усё, здаецца, нічога, але не падумалі яны пра кантактную сетку ў 27,5 кілавольта. Прабой можа адбыцца на адлегласці да метра. Як вынік, адзін экстрэмал памёр, другі атрымаў тэрмічныя апёкі ад першай да чацвёртай ступені (80 працэнтаў цела). Загінуламу быў 21 год.

Днямі на той самай станцыі падобны выпадак здарыўся з васьмікласнікам. Падлетак з апёкамі цела і рознымі траўмамі знаходзіцца ў бальніцы ў цяжкім стане.

Супрацоўнікі транспартнай міліцыі, як і іх калегі з іншых падраздзяленняў, самым важным у службе лічаць уменне знайсці падыход да кожнага чалавека. Фізічныя нагрузкі ахоўнікаў парадку не палохаюць, хоць за змену патруль на чыгунцы праходзіць не адзін дзясятак кіламетраў: «Увогуле, жыццё стальной магістралі зацягвае. З часам ты проста не ўяўляеш сябе на іншым месцы».

* * *

«Цягнік рэгіянальных ліній эканом-класа прыбыў на станцыю «Гудагай».

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.