Вы тут

МУС б'е трывогу: педафілаў становіцца больш


Колькасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і свабоды непаўналетніх імкліва павялічваецца

Пэўныя віды злачынстваў апошнім часам пачалі перацякаць у інтэрнэт. Уявіце сабе сітуацыю, якая робіцца трывіяльнай у апошні час. Да вашага сына або дачкі хтосьці «стукаецца» ў сацыяльнай сетцы ў сябры. Прычына можа быць самая розная — агульныя інтарэсы, хобі, паездкі ці нешта яшчэ. Завязваецца перапіска. І ў нейкі момант яна з абмеркавання, напрыклад, гоначных аўтамабіляў або камп'ютарных гульняў плаўна перацякае на «дарослыя» тэмы. Гэта з верагоднасцю 99,99 % азначае тое, што суразмоўца вашага дзіцяці — педафіл, які вырашыў схавацца за фальшывай анкетай юнака або дзяўчыны, пры гэтым выдатна валодае лексіконам пэўнай узроставай катэгорыі.


Стасункі ахвяры і злачынцы адбываюцца па звычайным сцэнарыі. У нейкі момант падчас гутаркі на інтымныя тэмы суразмоўца просіць пераслаць фота з разраду «18+». Калі гэта зроблена — рубікон пройдзены, і пачынаецца шантаж. Зламыснік, ведаючы псіхалогію падлетка, пераконвае апошняга, што пра гэта стане вядома яго сябрам і знаёмым. Што такое рэпутацыя ў пераходным узросце — мы ведаем усе. І каб гэтага не адбылося, суразмоўца пакрысе схіляе свайго непаўналетняга візаві да сустрэчы ў рэальнасці.

І варта адзначыць да таго ж, што, па дадзеных з 2013-га да красавіка 2019 года, 30 % падлеткаў, якія спазналі на сабе сексуальны гвалт, — гэта хлопчыкі. Прычым гэтая доля расце. Яшчэ два гады таму іх было 20 %. Імкліва павялічваецца колькасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і свабоды непаўналетніх. Калі ў 2012 годзе іх было выяўлена 38, то ўжо ў мінулым годзе — 831. Прычым цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў прыбавілася за гэты час у 32 разы — з 16 да 513. І ўжо сёлета са студзеня да красавіка зарэгістравана 348 выпадкаў педафіліі. Пацярпелых дзяцей стала болей утрая — 240 супраць 70. Гэтыя шакіруючыя лічбы былі агучаны на круглым стале, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі разам з супрацоўнікамі іншых зацікаўленых ведамстваў.

Асаблівую трывогу выклікае тое, што бацькі не ведаюць, на што трэба звярнуць увагу і як карэктна растлумачыць дзецям правілы паводзін у інтэрнэце, дзе, як вядома, моладзь адчувае сябе як рыба ў вадзе. З іншага боку, такія злачынствы маюць латэнтны характар. Гэта значыць, што віноўнікі доўгі час не трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў, здзяйсняючы злачынствы раз за разам.

— Для бацькоў вельмі важна выбудаваць такія адносіны з дзіцем, каб яны грунтаваліся на даверы, — гаворыць намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Дзмітрый Цаюн. — Калі вы знайшлі ў сына ці дачкі ў сацыяльнай сетцы новых сяброў, спытайце, хто гэта, дзе пазнаёміліся. Гэта здаровая, нармальная заклапочанасць бацькоў. У нашай практыцы было шмат выпадкаў, калі ў анлайн-гульнях, якімі захапляюцца падлеткі, дзецям пачыналі прыходзіць бонусы ад аднаго і таго ж партнёра па гульні. Пасля завязвалася перапіска — ну і далей усё разгортвалася па апісаным вышэй сцэнарыі. Але не інтэрнэтам адзіным карыстаюцца педафілы. Яны імкнуцца быць бліжэй да дзяцей і ў рэальным жыцці. А каб хутчэй знайсці ахвяру, уладкоўваюцца ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя, дзіцячыя дамы, спартыўныя секцыі, культурныя гурткі. Вялікая колькасць згвалтаванняў адбываецца менавіта там.

Пачасціліся і выпадкі гвалтавання дзяцей у сям'і. Напрыклад, маці-адзіночка знаёміцца з мужчынам. Шчаслівая жанчына лунае ў аблоках, што яна патрэбна неабыякаваму да яе чалавеку. Вось толькі апошняга часам цікавіць не жанчына, а яе дачка. Або сын.

— Раней злачынствы супраць палавой недатыкальнасці мелі пераважна іншы характар. Гвалтаўнікі нападалі на дзіця ў ліфце, у лесе, на лесвіцы. Цяпер жа ў віртуальнай прасторы педафілу вельмі проста наладзіць псіхалагічны кантакт. А пасля, уплываючы на псіхіку дзіцяці, настойваць на сустрэчы, каб здзейсніць злачынства не толькі ў віртуальнасці, але і ў рэальнасці.

Амаль палову ўсіх злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці складаюць справы, фігурантамі якіх робяцца дзеці, маладзейшыя за 16 гадоў. У сваю чаргу, 40 % ад гэтай колькасці складаюць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, здзейсненыя паўторна.

— У лік пагроз мы ўключаем і абарачэнне дзіцячай парнаграфіі. Яно не мае такіх тэмпаў росту, як злачынствы супраць палавой недатыкальнасці, але ўсё роўна застаецца актуальным. Штотыднёвыя даходы дзялкоў, якія здымаюць дзіцячае порна ў падпольных студыях для яго рэалізацыі на платных сайтах, складаюць дзясяткі тысяч долараў. Такія сумы абумоўлены вельмі высокім попытам.

Зараз МУС пры падтрымцы Прадстаўніцтва ЮНІСЭФ завяршае распрацоўку другой галіны рэсурсу Роmоgut.bу. Ён быў створаны два гады таму для прафілактыкі і лячэння наркаманіі. Цяпер жа ў ім яшчэ з'явіцца раздзел, прысвечаны прафілактыцы і прадухіленню злачынстваў у палавой сферы супраць дзяцей. Там будуць створаны тэматычныя блокі для дзяцей і дарослых — бацькоў, настаўнікаў, медыкаў, псіхолагаў. Мяркуецца, што гэты рэсурс будзе выкарыстоўвацца ў навучальным працэсе.

— Перш чым пачаць апрацоўку будучай ахвяры, педафіл збірае на яе своеасаблівае «дасье», — кажа выкладчык псіхалогіі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Дар'я Іванова. — Напрыклад, такім маркерам можа стаць сцяна ў акаўнце ў сацыяльнай сетцы. Калі малы піша там пра суіцыдальныя думкі, пра тое, што яго ніхто не разумее, — за гэта з радасцю ўхопіцца педафіл. Таму просьба да бацькоў — адсочвайце дзейнасць вашых дзяцей у сацыяльных сетках. Сацыяльная інжынерыя — гэта вельмі сур'ёзная рэч, якая чамусьці недаацэньваецца.

Бадай, адна з самых складаных задач падчас збору доказаў віны педафіла, — гэта разгаварыць яго ахвяру. Хлопчык або дзяўчынка перажылі вялікі стрэс, і ім трэба стварыць адмысловыя ўмовы, каб яны не страцілі веру ў людзей і пайшлі на кантакт са следствам. У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз працуе спецыяльны пакой апытанняў для дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту.

— За час існавання нашага ведамства такі пакой быў задзейнічаны каля 450 разоў. Тут рэч вось у чым. Каб дзеці расказалі пра тое, што з імі здарылася, ім патрэбна стварыць сяброўскую, псіхалагічна камфортную абстаноўку, — расказала начальнік аддзела псіхолага-фізіялагічных даследаванняў галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз цэнтральнага апарата ДКСЭ Рэспублікі Беларусь Людміла Мун. — Апытанні праводзяць выключна адмыслова падрыхтаваныя псіхолагі, якія прайшлі курс па методыцы гутарак з дзецьмі. Іх усяго пяць. Прычым у нашым пакоі маецца гендарны прынцып. Два псіхолагі — мужчыны, і з пацярпелымі хлопчыкамі гутараць менавіта яны. Як правіла, хлопчыкі-падлеткі не любяць раскрываць перад жанчынамі негатыўны досвед. Ствараючы гэты пакой, мы хацелі пазбегнуць другаснай траўматызацыі дзяцей. Пагадзіцеся, вяртацца думкамі ў тое, што адбылося, пракручваць гэта яшчэ раз, — скажам па праўдзе, маральна балюча. Але мы імкнёмся зрабіць так, каб наша ўздзеянне было мінімальным. Сусветныя даследаванні паказваюць, што спецыяльна навучанаму інтэрв'юеру дзеці расказваюць нашмат болей дэталізаванай інфармацыі. Натуральна, мы працуем у цеснай звязцы са Следчым камітэтам і Міністэрствам унутраных спраў. Менавіта яны з'яўляюцца ініцыятарамі апытання, якое праводзіцца ў нашым пакоі. Ён абсталяваны сродкамі відэафіксацыі. У суседнім пакоі па неабходнасці можа знаходзіцца наш супрацоўнік, які адказвае за тэхнічны складнік відэазапісу, законныя прадстаўнікі дзіцяці, прадстаўнікі МУС. Але непасрэдна ў пакоі апытання дзіця праводзіць час сам-насам з псіхолагам. Ніякага ўплыву на змест адказаў пацярпелага не адбываецца. Мы выкарыстоўваем адмысловыя тэхналогіі, якія дазваляюць пазбягаць наводзячых, унушальных пытанняў, а проста імкнёмся атрымаць ад дзіцяці вольны аповед пра тое, што адбылося. Для мяне адным з крытэрыяў таго, што гэтая працэдура нетраўматычная, наколькі гэта магчыма, з'яўляецца пытанне, калі з дзеткамі развітваешся: а ці прыйдзеш ты да мяне ў госці? І калі малы адказаў станоўча, то, значыць, мы не выклікалі якіх-небудзь негатыўных пачуццяў.

Самога ж падазраванага чакаюць іншыя экспертызы. Гэта можа быць судова-псіхафізіялагічная з выкарыстаннем паліграфа — яе прызначаюць з 2014 года тым, каго абвінавачваюць у педафіліі. А з мінулага года ўзнік і іншы від — судова-культуралагічная экспертыза. Яна высвятляе, ці ёсць у фота- і відэаматэрыялах прыкметы парнаграфіі.

Такім чынам, інструментарый барацьбы з педафіламі ў праваахоўнікаў вялікі. Але існуюць рэчы, якія лепш прадухіліць, чым пасля з імі мець справу. Таму абавязкова трэба расказваць сваім дзецям пра сакрэты бяспечных паводзін у віртуальным свеце.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».